Як жывецца перасяленцам з Украіны на Сенненшчыне?

1Не так даўно ў Гродне ў чарговы раз адбыўся Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Наша краіна стала прытулкам і домам для прадстаўнікоў самых розных нацыянальсцей. Далёка хадзіць не трэба: штогод Сенненскі раён папаўняецца перасяленцамі, пераважная іх большасць прыязджае да нас з суседніх Расіі і Украіны. Сям’я Козуб знайшла тут свой прытулак яшчэ ў 2015 годзе. 

Адказ на пытанне, чаму яны вырашылі пакінуць абжытыя і звыклыя мясціны, аказаўся відавочным.
— У 2014 годзе на ўсходзе Украіны пачаліся баявыя дзеянні. Напрамую яны нас не датычыліся, бо мы пражывалі ў Херсонскай вобласці. Але праз некаторы час у краіне пачалася мабілізацыя мужчын, вось тады мы і вырашылі, што надышоў час пераязджаць, — патлумачыла Жанна Козуб.
— Я не хацеў страляць у сваіх, — дапаўняе жонку Дзмітрый.
На той момант, як, дарэчы, і цяпер, у сям’і Козуб выхоўвалася трое непаўналетніх дзяцей. Жанна Анатольеўна працавала кухарам у рэстаране, а Дзмітрый шчыраваў у будаўнічай фірме. Параіўшыся паміж сабой, сужэнцы вырашылі пакінуць на нейкі час дзяцей з бацькамі, а самі адправіліся на заробкі ў Маскву. Там жанчына ўладкавалася ўпакоўшчыцай, а мужчына — грузчыкам. Знаёмыя, з якімі яны працавалі разам, аказаліся родам з Беларусі, а больш дакладна, з аграгарадка Нямойта. Непасрэдна іх парады і паўплывалі на выбар далейшага месца пражывання.
— Мясцовыя жыхары сустрэлі нас добра. Тыдні тры мы разам з дзецьмі гасцілі ў нашых знаёмых з Нямойты. Дзеці вучыліся ў мясцовай базавай школе, а малодшы сын Максім хадзіў там у дзіцячы садок. Усе аднесліся да нас з разуменнем і спагадай, — падзялілася ўспамінамі жанчына.
Афармленне ўсіх неабходных дакументаў заняло шмат часу і каштавала немалых выдаткаў. Але праз некалькі месяцаў цяганіна з паперамі скончылася. Сям’я Козуб атрымала від на жыхарства. На той момант яны ўжо жылі ў Сянне: муж уладкаваўся маляром-штукатурам у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», а жонка — выхавальніцай у яслі-сад №3. У якасці жылля сям’і выдзелілі пакой у інтэрнаце. Невялікае памяшканне, амаль без мэблі, стала домам для шматдзетнай сям’і Козуб. Але такія ўмовы не спалохалі перасяленцаў: пасля доўгіх блуканняў і такія сцены здаліся роднымі. А ўтульнымі іх дапамагалі рабіць сенненцы, якія добраахвотна ахвяравалі прадметы мэблі, адзенне. Не засталіся ў баку і вернікі розных канфесій. Сумеснымі намаганнямі за паўтара года ў пакоі з’явіліся ўсе неабходныя рэчы. Жанна Козуб не скардзіцца на жыццё, але адзначае, што матэрыяльныя цяжкасці існуюць, бо мужа, які па-ранейшаму працуе ў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», разлічваюць праз краму, а ўвесь яе заробак ідзе на патрэбы сям’і. Старэйшыя дзеці Дзіяна і Анатоль вучацца ў першай гарадской школе, а Максім наведвае дзіцячы садок. За два гады дзетвара знайшла тут сабе новых сяброў сярод аднагодкаў і аднакласнікаў. Анатоль у наступным вучэбным годзе плануе пайсці ў Сенненскую дзіцячую школу мастацтваў. Яшчэ ва Украіне хлапчук займаўся харэаграфіяй і нават ездзіў у дзіцячы лагер «Артэк» у межах падтрымкі таленавітых дзяцей са шматдзетных сямей. Ёсць схільнасці ў яго і да музыкі, бацькі ўжо падаравалі сыну новую гітару.
Па прызнанні Жанны Козуб, настальгіі па Украіне ў яе няма. Тым больш, што сувязі са сваімі роднымі, якія засталіся жыць там, яна не губляе: маці жанчыны нават прыязджала ў госці да іх. На пытанне, ці збіраецца сям’я вяртацца на радзіму, Жанна ні на хвіліну не задумваючыся, адказвае:
— Мне вельмі падабаецца Беларусь. Было б добра нават атрымаць беларускае грамадзянства і застацца тут назаўжды.
Ганна КОРСАКАВА.

На здымку: Жанна Козуб з дзецьмі Анатолем і Дзіянай

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *