Футбольны клуб “Сянно” разграміў сталічны “Прамень”
Футбольны клуб “Сянно” з сухім лікам разграміўсталічны “Прамень” у 1/32 фінала Кубка рэспублікі.
На такім высокім узроўні сенненская каманда яшчэ не выступала. Сапернік — адзін з лідараў першай лігі чэмпіянату Беларусі. Падтрымаць сенненцаў у загадзя цяжкім матчы ў Бешанковічы на заказным аўтобусе і асабістых аўто адправіліся адданыя балельшчыкі. Гульня прайшла на гарадскім стадыёне.
Першыя 15 хвілін «Прамень» паказаў сябе ва ўсёй красе: хуткі тэмп, выдатнае валоданне мячом, нядрэнныя камбінацыі. Варатар Сяргей Астраўнёў выратоўваў вароты сенненцаў ад голу ўжо на 3-й хвіліне матча і ў наступных атаках, не раз падстрахоўваў сваіх партнёраў у гульні на «выхадах».
У другой палове першага тайма госці валодалі гульнявой і тэрытарыяльнай перавагай, але ўжо не з такім запалам, як на стартавым адрэзку гульні. Ды і футбалісты з ФК “Сянно” акрыялі духам і правялі некалькі нядрэнных контратак, якія скончыліся дастаткова небяспечнымі ўдарамі.
Другі тайм пачаўся нечакана ўжо для «Праменя» і ўсіх гледачоў. У першай жа атацы сенненцы здолелі забіць гол. Праход па флангу Артура Талсташова ўвянчаўся пасам на Андрэя Чымбура, які ў сваю чаргу здзейсніў пас уздоўж варот Івану Казлоўскаму, якому засталося толькі падставіць нагу. А галы Сяргея Герасічкіна і Артура Талсташова на 62-й і 70-й хвілінах, адпаведна, вырашылі лёс матча — 3:0!
Гэта перамога забяспечыла выхад ФК “Сянно” ў 1/16 фіналу Кубка Рэспублікі Беларусь, дзе яго чакае сапернік з вышэйшай лігі.
Ірына Хасанава.
Здымкі аўтара.