Віктар Сянько прыняў удзел у дні інфармавання

1+На Сенненшчыне пабываў Віктар Сянько, начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, генерал-маёр міліцыі. Ён прыехаў у раён для ўдзелу ў дні інфармавання, заадно азнаёміўся з работай РАУС, разам са старшынёй райвыканкама Васіліем Чарадніком прыняў удзел у пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы парадку Студзёнкаўскага сельвыканкама.

Сельская ўлада імкнецца недапусціць паўтарэння мінулагодняй трагедыі. А таму ў Студзёнцы абмяркоўвалі пытанні занятасці, арганізацыі адпачынку дзяцей у летні перыяд. У першую чаргу гэта задача ўскладваецца на навучальныя ўстановы, іншыя суб’екты прафілактыкі. На пасяджэнне савета былі запрошаны кіраўніцтва мясцовай агульнаадукацыйнай школы, сельгасарганізацый, устаноў культуры. Справаздачу трымала Святлана Станулевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Студзёнкаўскай ДССШ.
Нягледзячы на даволі падрабязны даклад, як будуць працаваць гурткі, спартыўныя секцыі, працоўныя і аздараўленчыя лагеры, пытанні да дакладчыка былі. Віктара Сянько ў першую чаргу цікавіла работа педагогаў, міліцыянераў з дзецьмі, якія выхоўваюцца ў праблемных сем’ях, знаходзяцца на ўліку ў міліцыі, школе, мелі канфлікты з законам і грамадствам.
Яшчэ адзін аспект работы са школьнікамі, што выклікае занепакоенасць у кіраўніцтва ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама — занятасць дзяцей у вячэрні час. Заканадаўства абавязвае бацькоў суправаджаць непаўналетніх самім ці з дапамогай іншых дарослых. Самастойнае знаходжанне ў грамадскіх месцах непаўналетніх для іх бацькоў можа абярнуцца адміністрацыйным пакараннем. А вось кантроль павінна здзяйсняць улада, грамадскасць. Віктар Сянько прапанаваў актыўней прыцягваць да ўдзелу ў рабоце бацькоўскіх, настаўніцкіх патрулёў, работнікаў міліцыі.
На праблеме занятасці дзяцей, падлеткаў у другой палове дня, калі дзеці пакідаюць сцены школы, акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама. Выхад Васілій Чараднік бачыць у набыцці для дзяцей з малазабяспечаных, праблемных сем’яў пуцёвак у летнікі з выкарыстаннем сродкаў арганізацый, у якіх працуюць бацькі.
Выказаць свой пункт гледжання на арганізацыю дзіцячай занятасці ў летні перыяд мела магчымасць Вольга Хацько, інспектар камісіі па справах непаўналетніх РАУС. Яе турбуюць найбольш падлеткі, што затрымліваліся міліцыяй за ўжыванне алкаголю. А вось пра наркотыкі юныя жыхары раёна, па яе меркаванні, нічога не ведаюць. Такі вывад зроблены з таго факту, што ў Сенненскім раёне міліцыяй не зафіксавана ніводнага факту ўжывання падлеткамі наркатычных рэчываў.
Што наркотыкі не распаўсюджваюцца ў моладзевым асяроддзі на Сенненшчыне, Віктар Сянько не паверыў.
На пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы парадку запрашалася група жыхароў сельсавета, якія на працягу месяца здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні, доўгі час не працуюць, уступалі ў канфлікт з землякамі. З кожным з іх праведзена індывідуальная размова, у якой прымаў удзел і Віктар Сянько.
У цэнтральнай раённай бальніцы, якая стала месцам правядзення дня інфармавання, генерал-маёр міліцыі таксама аддаў перавагу дыялогу з аўдыторыяй. Называючы лічбы, факты, ён імкнуўся пачуць меркаванне медыцынскіх работнікаў па самых розных праблемах, у тым ліку, як змагацца з п’янствам, якое выступае каталізатарам многіх крымінальных злачынстваў. На думку Віктара Сянько, гэтае грамадскае зло можна перамагчы толькі шляхам грамадскага асуджэння і ўсведамлення, якую небяспеку нясе ў сабе алкаголь.
Наш кар.
НА ЗДЫМКУ: у час пасяджэння савета грамадскага пункта аховы парадку Студзёнкаўскага сельвыканкама.