Наперагонкі з чатырохногім сябрам

1Як сумясціць прыемнае з карысным: і выгуляць сабаку, і зрабіць прабежку? Адказам і добрым выйсцем для ўладальнікаў хатняй жывёлы можа стаць асваенне канікросу (ездавога віду спорту, у якім сабака цягне за сабой спартсмена з дапамогай спецыяльнага прыста­савання). Гэты від актыўнага адпачынку ўсё больш набірае папулярнасць. А сёлета ён дабраўся і да Сенненшчыны.

Напрыканцы мая на тэрыторыі аграсядзібы «Мотарэзервацыя», што размясцілася ў вёсцы Заазер’е на беразе Бярозаўскага возера, прайшлі спаборніцтвы па канікросе. Упершыню падобны турнір на Віцебшчыне адзначыўся ў кастрычніку мінулага года ў парку Мазурына.

Праверыць свой спрыт і хуткасць свайго чатырохногага сябра маглі ўсе ўладальнікі сабак, парода ў дадзеным выпадку не мела значэння. Для ўдзелу трэба было пакінуць заяўку ці звязацца з арганізатарам мера­прыемства і ўнесці фінансавы ўзнос, паколькі спаборніцтвы мелі яшчэ і дабрачынны сэнс (грошы збіраліся для Віцебскага дзіцячага дома і Дома малюткі). Забег праходзіў наступным чынам: удзельнікаў размеркавалі па размечаным загадзя трасам: юніёры — 750 м, дзеці — 100 м, жанчыны — 1200 м, мужчыны — 1500 м, а таксама хэпі-дог (для сабак ва ўзросце з 12 і да 18 месяцаў) — 500 м. Самаму маленькаму бегуну споўнілася 5 гадоў, былі і больш вопытныя ўдзельнікі — пара з Мінска, якая не прапускае ніводныя спаборніцтвы такога тыпу. Што датычыцца чатырохногіх спартсменаў, то сярод іх можна было ўбачыць і аўчарку, і хаскі, і прывычных для гаспадароў прыватнага сектара дварняг. Крытэрыямі, па якіх ацэньваўся забег, былі хуткасць і ўменне кіраваць сваім сябрам з дапамогай голасу. Паслабленняў не рабілі ні для якой пароды. Як адзначыла арганізатар спаборніцтваў Кацярына Козік, мерапрыемства мела аматарскі характар і сабрала каля 12 чалавек.  Але забег — гэта не адзінае, што чакала ўдзельнікаў і гасцей турніру ў той дзень. Адзін з лепшых канкурсантаў і па сумяшчальніцтве каскадзёр Аляксей Балошка правёў цікавы і карысны трэнінг па самаабароне.

Напрыканцы Кацярына Козік узнагародзіла ўдзельнікаў кубкамі і прызамі, у набыццё якіх зрабілі свой унёсак інтэрнэт-крама ActiveDog, ветэрынарны цэнтр доктара Базылеўскага і «Доктор Вик», а таксама напомніла прапісныя ісціны для тых, хто толькі збіраецца завесці сабаку і пакуль не рызыкнуў праявіць сябе ў канікросе.

Добрая навіна: гэта не апошнія спаборніцтвы па канікросе. Наступны турнір запланаваны на лета. Усіх удзельнікаў чакае насычаная, разнастайная праграма, прыемныя эмоцыі і мора пазітыву.

Ганна КОРСАКАВА.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *