Старэйшына — вочы і вушы сельвыканкама

— Што такое сістэма мясцовага самакіравання? — з гэтага пытання пачаў сваё выступленне старшыня Студзёнкаўскага сельскага Савета дэпутатаў В.М. Бараноўскі перад старэйшынамі трох сельсаветаў: Студзёнкаўскага, Багданаўскага і Нямойтаўскага, якія прымалі удзел у рабоце семінара на базе аграгарадка Студзёнка. — Сістэма самакіравання — гэта мясцовыя Саветы дэпутатаў і органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, г.зн. старэйшыны, якія ёсць практычна ў кожным населеным пункце, выбраныя агульным сходам грамадзян той або іншай вёскі.

 На тэрыторыі Студзёнкаўскага сельсавета 47 вёсак, у якіх пражываюць 2005 чалавек, ёсць інфраструктура: 3 адукацыйныя ўстановы, 6 сельскіх клубаў, 5 бібліятэк, 3 ФАПы, 8 магазінаў і 3 комплексныя прыёмныя пункты, 4 аддзяленні паштовай сувязі. У мінулым годзе цэнтральная сядзіба СВК «Студзёнка» змяніла статус і стала аграгарадком Студзёнка.

 У 2003 годзе пачаў адраджацца інстытут старэйшын. Потым, як паказаў час, такая форма работы прыжылася і добра сябе зарэкамендавала. Сёлета былі перавыбраны 26 старэйшын  (14 жанчын і 12 мужчын), у тым ліку ўпершыню абраны 4 старэйшыны, 16 — пенсіянеры.

 Перш чым выйсці на сход з той ці іншай кандыдатурай на пасаду старэйшыны, старанна падбіраем людзей. Аналізуем усе «за» і «супраць», імкнемся, каб гэта быў аўтарытэтны чалавек, якога паважаюць людзі, да якога могуць звярнуцца па любой праблеме. І якія не толькі паспачуваюць, але і прымуць самы канкрэтны ўдзел у вырашэнні звароту, ва ўсялякім разе не застануцца раўнадушнымі да просьбы аднавяскоўца.

 — Работу са старэйшынамі, — працягвае  Васіль Мікалаевіч, — пачалі з таго, што абазначылі  кола іх правоў і абавязкаў. Праўда, правоў у старэйшын не так і многа: дзейнічаць у рамках існуючага заканадаўства і іншых прававых актаў Рэспублікі Беларусь. А вось што тычыцца абавязкаў, то  сельскаму актывісту да ўсяго павінна быць справа: аўталаўка не вытрымлівае графік, у ёй няма патрэбнага асартыменту тавараў, прадавец  аўталаўкі  ці мясцовага магазіна не дадаў рэшту ці абвесіў пакупніка, якасць харчовых прадуктаў.  Бачыце, колькі пытанняў можа ўзнікнуць  у старэйшыны толькі адносна гандлю. А колькі праблем у вяскоўцаў з вядзеннем асабістага падвор’я: апрацоўка і ўборка агарода, выдзяленне пашы і сенакосу, ветэрынарнае абслугоўванне свойскай жывёлы і г.д. Культурнае, медыцынскае, бытавое абслугоўванне — гэта  тая сфера, дзе старэйшыны павінны знаходзіць кропку прыкладання сваіх сіл і актыўнасці.

 І гэта не значыць, што сельскі актывіст (старэйшына) усе праблемы павінен вырашаць самастойна. Калі не можа дабіцца станоўчага рэагавання па той ці іншай  праблеме, звярнуўшыся  пакампетэнцыі, абавязаны паставіць у вядомасць мясцовы выканкам, гаспадарчы орган (СВК, КУСГП), што размешчаны на тэрыторыі сельсавета. Калі і яны не «вядуць вухам», то звярнуцца ў вышэйшую інстанцыю. Аднак пры ўсім гэтым трэба звяр таць  увагу на тое, хто і з якой нагоды звяртаецца. Калі ў бабулі ці дзядулі ёсць працаздольныя дзеці, унукі, родныя, якія павінны дапамагаць родзічам, то старэйшыны павінны звярнуцца  да іх і нагадаць ім аб сыноўскім або даччыным абавязку, скажам, адрамантаваць у хаце таты ці мамы электраправодку, ацяпляльную печку, навесці парадак на прыдамавой тэрыторыі, на агародзе. Нямоглыя і адзінокія — вось першаступенны аб’ект увагі старэйшын.

 Старэйшына павінен быць прыкладам і ініцыятарам на вёсцы ў справе добраўпарадкавання. Акрамя гэтага закліканы выконваць асобныя даручэнні сельвыканкама. Увогуле складана вось так, адразу, прыгадаць усе жыццёва важныя сітуацыі, з якімі можа сутыкнуцца сёння работнік сельвыканкама, старэйшына, іншы актывіст.

 Дзейнасць старэйшыны шматгранная і спецыфічная. Але яна будуецца на прынцыпах народаўладдзя, гуманізму, законнасці, сацыяльнай справядлівасці, галоснасці, уліку грамадскай думкі. Не выпадкова інстытут старэйшын з’яўляецца апорай у нашай рабоце, выкананні задач, ускладзеных на сельскі выканаўчы камітэт.

 Адной з важнейшых спраў з’яўляецца правядзенне грамадска-палітычнай работы з насельніцтвам. З гэтай мэтай праводзяцца і сельскія сходы, якія, адпаведна палажэння аб старэйшынах, павінны адбывацца не радзей аднаго разу ў паўгода. На самай жа справе яны збіраюцца па меры неабходнасці.

  Нельга не назваць прозвішчы лепшых старэйшын. Гэта Юліян Антонавіч Шадуйкіс (в.Івоні), Васіль Мікалаевіч Шэйма (Алексінічы), Галіна Анатольеўна Булыня (Н.Сяло, Аўчынкава, Целяшоўшчына), Ніна Нікіфараўна Рукаль (Бярозкі, Цыганкі), Вольга Пятроўна Шурмялёва (Алёхнава, Шыбекі, Шынкава).

 Кантакт  з грамадскімі арганізацыямі, кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў на падведамаснай тэрыторыі — значная падмога ў рабоце старэйшын і, безумоўна, з мясцовым выканкамам. Сувязь падтрымліваем па тэлефонах, якія ёсць у дамах сельскіх актывістаў. У  далейшым маем намер арганізаваць не радзей як раз на тыдзень нешта  падобнае на селектарную нараду. Вызначым дзень, час, у якія работнікі сельсавета будуць абзвоньваць старэйшын з тым, каб даведацца аб праблемах кожнай вёскі, а таксама ўзгадніць задачы са сваімі памочнікамі. Гэта будзе свайго роду «зваротная сувязь», больш адпрацаваная, чым раней. А мабыць, назавём гэту сувязь днём работы са старэйшынамі. Не ў назве справа, а ў сутнасці: дайсці да людзей, —  падкрэсліў Васіль Мікалаевіч Бараноўскі. — Старэйшына — вочы і вушы сельвыканкама.

Запісаў Міхаіл Бялоў.