Першы матч абласнога першынства па футболе скончыўся перамогай ФК «Камунальнік»

2Маштабная будоўля, што разгарнулася ў райцэнтры і непасрэдна на тэрыторыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу, не перашкодзіла правядзенню першага матча сёлетняга абласнога першынства. На сваім полі леташні чэмпіён, уладальнік Кубка вобласці па футболе «Камунальнік» прымаў ФК «Бешанковічы».
На цырымонію адкрыцця нашы футбалісты выйшлі ў новай, аранжава-чорнага колеру форме. Такі падарунак за паспяховае выступленне ў сезоне 2015 года каманда атрымала з «падачы» старшыні райвыканкама Васілія Чарадніка. Акрамя формы, у камплект для футбаліста ўвайшлі буцы, спартыўны касцюм. Агульны кошт набытку для каманды склаў 70 млн рублёў.
Удзельнікаў турніру, суддзяў на сенненскай зямлі прывітала намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна.
Першыя 10 хвілін гульня ў нашай каманды не задалася.
Пераломным стаў адрэзак з 11-й па 27-ю хвіліну. Бліснуў бамбардзірскімі якасцямі Артур Талсташоў, які забіў 3 галы. Два — на рахунку Андрэя Чымбура (пас М.Жарненкі), аўтарам яшчэ аднаго гола стаў Яўген Кулік. У выніку з лікам 6:2 сенненцы святкавалі першую ў гэтым сезоне перамогу.
Сёлета «Камунальнік» істотна ўзмацніўся моладдзю і вопытнымі гульцамі. У склад каманды ўвайшлі 7 новых футбалістаў. Праўда, большасць з іх не сенненцы.
Добры патэнцыял у віцебскіх легіянераў — Аляксандра Цевялёва, Сяргея Герасічкіна, Андрэя Чымбура і Мікалая Жарненкі. Маладую змену склалі Сяргей Піульскі з Сенненскай школы-інтэрната, Яўген Мурашка (СШ №2 г.Сянно) і Станіслаў Галынчык (СШ №1 г.Сянно). Наколькі якасным атрымалася ўзмацненне, пакажуць далейшыя гульні.
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *