Пытанне аб захаванні і добраўпарадкаванні месцаў воінскіх пахаванняў разглядзелі на пасяджэнні Какоўчынскага сельвыканкама

zachronНа тэрыторыі Какоўчынскага сельсавета знаходзіцца 21 воінскае пахаванне і 2 мемарыяльныя абеліскі. Мясцовыя ўлады надаюць вялікую ўвагу іх захаванню і добраўпарадкаванню.

Згодна з рашэннем Какоўчынскага сельскага выканаўчага камітэта ўсе абеліскі, брацкія і адзіночныя магілы воінаў замацаваны за арганізацыямі і ўстановамі сельсавета, якія праводзяць работы па рамонце помнікаў, навядзенні парадку вакол магіл.
Нядаўна прайшло пасяджэнне сельвыканкама, дзе разглядалася пытанне аб мерах па захаванні і добраўпарадкаванні месцаў воінскіх пахаванняў. З інфармацыяй выступіў кіраўнік спраў сельвыканкама Сяргей Цярэня. Выступленне суправаджалася паказам слайдаў. Сяргей Мікалаевіч расказаў пра кожнае пахаванне.
Помнік загінуўшым жыхарам вёскі ўстаноўлены на месцы спаленай фашыстамі Марозаўкі. Непадалёк знаходзіцца магіла невядомага лётчыка, які загінуў зімой 1943 года.
У аг.Какоўчына ў брацкай магіле пахаваны 6 воінаў савецкай арміі і 3 партызаны, загінуўшыя ў чэрвені 1944-га пры вызваленні вёскі.
У брацкай магіле, што ў цэнтры аг.Янова, знаходзяцца астанкі 39 воінаў і партызан, імёны 17 з іх невядомы. 38 абаронцаў Радзімы пахаваны ў брацкай магіле ў в.Забараўе. У Ледневічах у брацкай магіле спачываюць 22 невядомыя савецкія воіны, якія трапілі ў палон у жніўні 1941 года. Не ўстаноўлена дакладная колькасць і імёны ваеннаслужачых і патрызан, пахаваных у брацкай магіле ў в.Някрашава.
У брацкім пахаванні каля в.Буда знайшлі апошні прытулак 79 жыхароў вёскі, расстраляных як заложнікі за сувязь іх аднавяскоўцаў з партызанамі.
На грамадскіх могілках, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, знаходзяцца 13 адзіночных магіл воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. На могілках в.Міцюкова ў маі 2016 года сіламі работнікаў сельвыканкама па ініцыятыве і пры садзейнічанні дэпутата райсавета, галоўнага інжынера Багушэўскага спіртзавода Віктара Грачыхі ўстаноўлены помнік партызану Аляксею Паўлавічу Пузырнаму і юнаму партызану Мікалаю Русецкаму, які загінуў 4 красавіка 1944 года каля в.Алексінічы.
На грамадзянскіх могілках аг.Какоўчына ёсць магіла партызанкі-сувязной Галіны Рыгораўны Ляшко, якая была расстраляна фашыстамі разам з маленькім дзіцём.
На пасяджэнні сельвыканкама прагучалі ўсе вядомыя прозвішчы загінуўшых воінаў, партызан і мірных жыхароў, пахаваных на тэрыторыі сельсавета. Каб не згубілася памяць пра гэтых людзей, якія аддалі свае жыцці за нашу мірную будучыню, і накіравана работа мясцовай улады.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *