У ААТ «Літусава» прайшло пасяджэнне назіральнай камісіі пры Сенненскім раённым выканаўчым камітэце

connector2Не кожнаму чалавеку бездакорна гладка ўдаецца прайсці свой жыццёвы шлях. Часам з-за ўласнай легкадумнасці людзі робяць учынкі, якія наносяць шкоду грамадству, іншым людзям і, у першую чаргу, ім самім.

Адбыўшы пакаранне, чалавек працягвае жыць у соцыуме, усвядоміўшы ці не ўсвядоміўшы сваю памылку. У нашай краіне ні грамадства, ні дзяржава не застаюцца абыякавымі да далейшага лёсу такіх людзей. Трымаць у полі зроку іх жыццё закліканы, у прыватнасці, назіральныя камісіі.
У ААТ «Літусава» прайшло чарговае пасяджэнне назіральнай камісіі пры Сенненскім раённым выканаўчым камітэце. У рабоце камісіі прынялі ўдзел яе старшыня, намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр Паўлоўскі, старшыня Какоўчынскага сельвыканкама Віктар Мандрык, старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Дзергачова, галоўны спецыяліст-юрысконсульт упраўлення райсельгасхарча Наталля Сапрыка, начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Аляксандр Прыхожы, участковы інспектар міліцыі Аляксей Цямрук, спецыяліст аддзела кадраў ААТ «Літусава» Кацярына Жанеўская і іншыя.
На пасяджэнне былі запрошаны жыхары Какоўчынскага сельсавета, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС. Большасць з іх раней мелі судзімасці, ды і цяпер вядуць не праведны лад жыцця.
Жывёлавод ААТ «Літусава» С. быў затрыманы праваахоўнікамі ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, да таго ж не мае рэгістрацыі па месцы жыхарства. На рабоце здараюцца прагулы, у прыватнасці, за мінулы месяц, хаця ён сцвярджае, што выходзіў на працу кожны дзень. Пасля размовы з мужчынам камісія даручыла кадравай службе акцыянернага таварыства высветліць праўдзівасць яго слоў.
Трактарыст гэтай жа гаспадаркі Т. летась і сёлета трапляў пад увагу міліцыі як сямейны скандаліст, бо ў нецвярозым стане ўчыняў рукапрыкладства ў адносінах да сужыцелькі. Па яго словах, ініцыіравала хатнія «разборкі» сама жанчына, якая сварыцца з-за нізкай заработнай платы. У гэтай «грамадзянскай» сям’і ёсць дзеці (дочкі сужыцелькі), якім яшчэ трэба матэрыяльная дапамога. Аднак камісія прыйшла да высновы, што прычынай сямейных скандалаў з’яўляецца «зялёны змій», які падштурхоўвае Т. распускаць рукі. Мужчыну папярэдзілі, калі ён не зменіць свае паводзіны, то будзе накіраваны на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ці, нават, прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
У выніку злоўжывання спіртнымі напіткамі перад жыхаром Літусава Г. таксама адкрываецца перспектыва накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый, а за прагулы пагражае звальненне з работы.
Жыхарка Літусава П., якая мае больш за 160 мільёнаў запазычанасці перад дзяржавай як абавязаная асоба, знаходзілася на рабочым месцы ў нецвярозым стане. Гора-маці пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах да траіх дзяцей. Аднак належных вывадаў не зрабіла. Хаця ў гаспадарцы пайшлі насустрач жанчыне, дапамаглі зрабіць рамонт жылля, прапанавалі вышэйаплачваемую работу. Але яна заняла ўтрыманскую пазіцыю, быццам усе навокал ёй штосьці павінны. Сама ж нават не ведае памеру запазычанасці перад дзяржавай, не выказвае імкнення вярнуць бацькоўскія правы. Наогул, складвалася такое ўражанне, што ў далейшым лёсе жанчыны і яе дзяцей больш зацікаўлены члены назіральнай камісіі, чым сама маці-зязюля, лад жыцця якой будзе і надалей знаходзіцца пад пільным кантролем. У хуткім часе яе запросяць на пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры Какоўчынскім сельвыканкаме.
Ёсць і прыклады, калі грамадзяне, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку, становяцца на шлях выпраўлення. З пачуццём задавальнення ад таго, што іх намаганні не прапалі дарэмна, гутарылі члены камісіі з жыхаром в.Літусава Ю., які вядзе годны лад жыцця: яму даверылі важную частку работы ў сельгасвытворчасці, ён не мае заўваг ні на працы, ні ў быце. Па словах участковага інспектара, нават дапамагае ў рабоце савета прафілактыкі.
Не мае заўваг з боку праваахоўных органаў і грамадзянін Б., які ў мінулым здзейсніў сур’ёзнае злачынства. Цяпер ён узорна выконвае абавязкі маладога бацькі.
Лёсы і жыццёвыя сітуацыі ў выкліканых на выязное пасяджэнне назіральнай камісіі асоб розныя, але ўсіх гэтых грамадзян у шэрагі прафілактуемых прывёў іх агульны сябар — «зялёны змій», на ганьбаванне якому аддалі яны свае жыцці.
Таццяна Буракова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *