На Сенненшчыне абралі дэлегатаў для ўдзелу ў V Усебеларускім народным сходзе

12На Сенненшчыне абралі дэлегатаў для ўдзелу ў V Усебеларускім народным сходзе.

Імі сталі Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Наталля Лясная, галоўны ўрач Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы, Аляксандр Папкоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Алена Тхорава, заатэхнік-селекцыянер  СУП «Саўгас імя Машэрава», Васілій Чараднік, старшыня раённага выканаўчага камітэта, Сяргей Шыдлоўскі, начальнік РЭС, і Людміла Якаўлева, галоўны бухгалтар ААТ «Сінягорскае».

Раённы сход упаўнаважаных па абранні ўдзельнікаў народнага форуму праходзіў у зале пасяджэнняў райвыканкама. Удзел у яго рабоце прымаў 131 чалавек са 140 абраных фактычна ад усіх калектываў раёна. На сходзе таксама прысутнічалі члены арганізацыйнага камітэта, начальнікі аддзелаў райвыканкама, іншыя запрошаныя. Месца ў прэзідыуме было прадстаўлена членам выканаўчага камітэта.

jpeg 00212

Кіравала работай сходу Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня арганізацыйнага камітэта. Яна расказала аб рабоце, што папярэднічала сходу ўпаўнаважаных. На тым, як развіваўся раён на працягу апошніх пяці гадоў, засяродзіў увагу прысутных у сваім выступленні старшыня райвыканкама Васілій Чараднік. Слова мелі і некаторыя іншыя ўдзельнікі сходу. У прыватнасці, Вольга Шчарбакова, старшыня Ходцаўскага сельвыканкама, дэлегат чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, Уладзімір Бяляцкі, першы сакратар РК КПБ (ён прадстаўляў сенненцаў на трэцім усенародным форуме), Аляксандр Ладыжын, дырэктар СШ №1 г.Сянно. Усе яны выказалі ўпэўненасць, што абраннікі Сенненшчыны дастойна прадставяць рэгіён на важнейшым палітычным мерапрыемстве, дзе будуць вызначацца шляхі развіцця краіны на бліжэйшыя пяць гадоў.

Выбары дэлегатаў на V Усебеларускі народны сход праходзілі ў рэжыме адкрытага галасавання. Усе кандыдатуры былі падтрыманы аднагалосна.

Наш кар.