Дэлегацыя ад Сенненскага раёна прыняла ўдзел у адкрыцці мемарыяльнага комплексу «Прарыў» ва Ушачах

3 9 Мая ва Ушачах прайшло ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі і рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў», прысвечанага подзвігу партызан Полацка-Лепельскай зоны. У пачатку мая 1944 года яны прарвалі нямецкую блакаду і не толькі самі выйшлі з акружэння, але і вывелі, выратавалі ад знішчэння больш за 15 тысяч чалавек мірнага насельніцтва.

1

Удзел у цырымоніі прымаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, іншыя кіраўнікі вобласці, Ушацкага раёна, дэлегацыі ад усіх рэгіёнаў Віцебшчыны, грамадскіх арганізацый. Сенненскі раён быў прадстаўлены 10-ю асобамі. Дэлегацыю ўзначальваў Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў.
Мемарыяльны комплекс, які быў узведзены 42 гады таму, адноўлены, у тым ліку, на сродкі, заробленыя жыхарамі вобласці на суботніках, Мікалай Шарстнёў назваў у сваім выступленні «колоколом памяти». Памяці пра ўсіх тых 125 тысяч партызан, што дзейнічалі на тэрыторыі Віцебскай вобласці, акупаванай фашыстамі, 24 тысячы падпольшчыкаў, мірнае насельніцтва, якое таксама зведала ўсе жахі нямецкай акупацыі. Толькі на Ушаччыне фашысты знішчылі больш за 3 тысячы жыхароў, спалілі 116 вёсак.

IMG_0054
На плітах комплексу — назвы брыгад, якія ўдзельнічалі ў прарыве блакады, прозвішчы загінуўшых, што ўдалося ўстанавіць. Сярод іх ёсць, безумоўна, і ўраджэнцы Сенненскага раёна. У блакадзе знаходзілася вялікая група партызан з брыгады імя Данукалава, накіраваная на дапамогу мсціўцам Полацка-Лепельскай зоны, і 16-я Смаленская брыгада — яна вясной 1944 года дыслацыравалася ва Ушацкім раёне. У яе складзе таксама былі нашы землякі.
— Прарыў варожай блакады па свайму напалу і значнасці стаіць упоравень з абаронай Брэсцкай крэпасці і Магілёва, іншымі гераічнымі бітвамі, а мемарыяльны комплекс разам з Курганам Славы, Хатынню з’яўляецца народнай святыняй, зберагчы якую — наш абавязак перад народам, — падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
Перад удзельнікамі мітынгу выступілі таксама старшыня Ушацкага райвыканкама Віктар Родзіч, архіепіскап Полацка-Глыбоцкі Феадосій, удзельнік прарыву Дзям’ян Крупеня, аўтар «Прарыву», архітэктар Юрый Градаў. Ён, дарэчы, кіраваў і рэстаўрацыйнымі работамі.
На мемарыяле пахаваны 450 партызан, якія загінулі ў час прарыву блакады. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання, усклалі кветкі, вянкі, прайшлі той дарогай, па якой прарываліся партызаны.
Запамінальнымі момантамі ўрачыстасці сталі выступленне хору ветэранаў, ансамбля барабаншчыц, іншых творчых калектываў.
Дзень Перамогі на Ушаччыне святкавалі не толькі на мемарыяльным комплексе «Прарыў». Увесь дзень у райцэнтры было шматлюдна. Разнапланавыя мерапрыемствы праходзілі ў Музеі народнай славы, цэнтры культуры і народнай творчасці, на адкрытых пляцоўках, працавалі розныя выставы народнай творчасці, падворкі сельсаветаў. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну ў беларусаў з пакаленнямі толькі мацнее, непазбежна набываючы некаторыя нюансы.

IMG_0037

IMG_0019

IMG_0017

IMG_0015

IMG_0014

IMG_0009

IMG_0008

IMG_0005

IMG_0001

7

6

Аляксандр ЛАЗЮК.
Фота аўтара.