Якім стане Сянно напярэдадні «Дажынак-2016»?

5=У райцэнтры працягваюцца работы па падрыхтоўцы горада да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016». Асабліва шмат будаўнікоў у цэнтры горада. Работы вядуцца ў скверы, парку Трох герояў, на плошчы, рэканструіруюцца, рамантуюцца многія аб’екты сацыяльнай сферы.
Але ўявіць якім стане наш горад яшчэ складана. А сенненцам вельмі хочацца ведаць гэта. Ды і інтэрнэт поўны рознымі меркаваннямі, здагадкамі. За тлумачэннямі гараджане звяртаюцца і ў рэдакцыю. Расказаць, якім стане Сянно напярэдадні «Дажынак», мы папрасілі Васілія Чарадніка, старшыню раённага выканаўчага камітэта.

— Адразу зазначу, што работы, якія плануецца правесці ў горадзе, маюць на ўвазе дзве мэты: зрабіць Сянно больш прывабным знешне, а галоўнае — зручным для жыцця ў ім. А яшчэ адна рэмарка ў пачатку размовы. На жаль, некаторыя аб’екты застануцца незавершанымі. Што я маю на ўвазе? Возьмем для прыкладу фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Сам будынак будзе рэканструяваны, палепшацца ўмовы для правядзення спаборніцтваў, трэніровак, працы трэнераў. А вось поўнасцю выканаць работы на стадыёне наўрад ці ўдасца. Але можа гэта і да лепшага, бо дазволіць якасна, у поўным аб’ёме завяршыць работы згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй пазней, праўда, пры ўмове, што фінансаванне аб’екта працягнецца.
— А пакуль што асноўны фронт работ вядзецца ў цэнтральнай частцы горада. Па ўсім відаць кардынальныя змены адбудуцца ў скверы, у парку Трох герояў…

— Сапраўды, вуліца Савецкая ад плошчы да будынка ЦБП «Беларусбанка» стане пешаходнай, сквер у той частцы, што прылягае да банкаўскай установы і санстанцыі, перарэжа дарога. Галоўнай яго адметнасцю стане Алея герояў — па абодвух баках ад помніка воінам-вызваліцелям будуць устаноўлены партрэты Герояў Савецкага Саюза, якія нарадзіліся на Сенненшчыне, і загінуўшых пры вызваленні раёна.
Кардынальныя змены чакаюць парк. На цэнтральным уваходзе ў яго з’явіцца будынак ЗАГСа, перад ім — фантан Закаханых, аснову якога складуць фігуры юнака і дзяўчыны. Збудаванне не таннае. Каб зменшыць затраты на яго, ухіл зроблены не на складаную сістэму падачы вады, а на форму фантана.
У парку з’явяцца і іншыя тэматычныя пляцоўкі. Паблізу ад помніка Тром героям будзе ўстаноўлена ваенная тэхніка. Парк павінен стаць не толькі месцам, дзе захочацца з прыемнасцю правесці вольны час.
На беразе возера, непадалёк ад каплічкі, з’явіцца фігура Вадзяніка, на плошчы Камсамольская — Сені Сенненскага. Помнік-выява будзе сімвалізаваць вобраз сенненца.
— Як будзе выглядаць цэнтральная плошча горада? Мяркуючы па ўсім яна таксама набудзе іншае аблічча?
— Па-першае, яе «апрануць» у плітку. Асфальтавае пакрыццё застанецца толькі на праезнай частцы. Новую аздобу, у тым ліку светлавую, атрымаюць фасады ўсіх будынкаў, што стаяць на плошчы, паблізу ад яе. Так што цэнтр горада будзе досыць прэзентабельным. Ды і функцыянальна ён стане больш зручным. Значны аб’ём работ плануецца правесці на аб’ектах райспажыўтаварыства, ва ўстановах культуры, адукацыі. Будзе адрамантавана гасцініца, з’явяцца дадатковыя стаянкі для аўтатранспарту.
— Работы вядуцца не толькі ў цэнтры горада. Будаўнікі працуюць фактычна на кожным шматкватэрным доме.
— Да святкавання «Дажынак» у Сянне будзе капітальна адрамантаваны 31 шматкватэрны дом. Фактычна на кожным з іх заменяць дахавае пакрыццё, правядуць цеплавую рэабілітацыю, аздобяць фасады. Яшчэ 28 дамоў атрымаюць бягучы рамонт, будуць адрамантаваны двары. Бягучы рамонт з устаноўкай бардзюраў, укладкай асфальта, заменай агароджы будзе праведзены на ўсіх галоўных вуліцах горада: Мічурына, Чырвонаармейскай, Кастрычніцкай, К. Маркса, Заводскай, імя Машэрава. Пры правядзенні работ мы зыходзім з пазіцыі старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва — будуем, рамантуем, рэканструіруем дзеля людзей, якія жывуць у горадзе, а не таму, што ў Сянне пройдуць «Дажынкі».
— Васілій Анатольевіч, бываючы на пасяджэннях штаба па падрыхтоўцы да правядзення «Дажынак», штораз чуеш аб недахопе фінансавых сродкаў. Ды і вы пра гэта ўпаміналі. Не пашанцавала сенненцам з правядзеннем свята…
— Я б не ацэньваў так песімістычна сітуацыю з фінансаваннем. Як я ужо казаў, не завершым аб’екты сёлета, дабудуем у наступным годзе. На той жа ФАК, базу біятлона знайсці сродкі — справа гонару. Пётр Івашка, Ірына і Віктар Крыўко, Максім Кажарскі —спартсмены міжнароднага ўзроўню, якія падрыхтаваны ў Сянне толькі за апошнія гады. Дык няўжо ў абласным, рэспубліканскім бюджэце не знойдуцца грошы на спартыўныя аб’екты? А чым правініліся жыхары паўднёва-заходняга мікрараёна, што не маюць якаснай пітной вады? Будзем прасіць дапамогі ў сваіх дэпутатаў, выкарыстоўваць іншыя рэзервы і магчымасці, у тым ліку арганізацый, устаноў, нарэшце, жыхароў горада. Мне здаецца ніхто не адмовіцца выйсці на суботнік, каб дапамагчы будаўнікам добраўпарадкаваць горад.
— Сянно на значнай сваёй плошчы — гэта прыватныя жылыя дамы. Многія з іх, мякка кажучы, маюць не зусім прывабны знешні выгляд.
— Работа з насельніцтвам у гэтым накірунку ідзе пастаянна. На жаль, не заўсёды і не з усімі ўдаецца знайсці ўзаемаразуменне. Сенненцы чамусьці не хочуць разумець, што яны — гаспадары «Дажынак», што да сустрэчы гасцей трэба рыхтавацца, а значыць напружваць сілы, фінансавыя магчымасці. Абнавіць фасад, ачысціць і пафарбаваць дахавае пакрыццё — хіба на гэта патрэбны вялікія затраты? Для гараджан справа гонару разбіць клумбы ў палісадніках прыватных хат, ля пад’ездаў шматпавярховак. У рэшце рэшт, гэта патрэбна нам самім.
— Васілій Анатольевіч, у якую суму абыдзецца бюджэту падрыхтоўка да «Дажынак»?
— Дакладную суму назавём восенню, бо каштарысна-праектная дакументацыя пастаянна карэкціруецца. Арганізацыі, прадпрыемствы таксама ўкладваюць грошы ў рамонт сваіх вытворчых, адміністрацыйных будынкаў. Ды і не так важна лічба. Куды больш важна, што зробленае застанецца на многія гады, застанецца нашым дзецям. Хацелася б, каб мы не толькі ўдзельнічалі ў будаўнічых работах, сачылі за іх ходам, але і потым падтрымлівалі пабудаванае, адрамантаванае ў належным стане.

4

j8 копия

Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.