Хто за таварам, а хто адпачыць

Традыцыя правядзення восеньскіх кірмашоў на Сенненшчыне мае глыбокія карані, авеяныя сівымі паданнямі. Як вядома, адна з легенд, звязаных з заснаваннем нашага райцэнтра, сведчыць — Сянно, як паселішча, узнікла ў месцы традыцыйнага кір­машу, дзе асноўным таварам было сена.

 У 19 — пачатку 20 стагоддзя свой кірмашовы дзень мела кожная воласць.  Пры адсутнасці шырокаразгалінаванай гандлёвай сеткі на кірмашы збіраліся як вытворцы прадукцыі (пераважна сяляне бліжэйшых вёсак), так і гандляры,  геаграфія прад стаўніцтва якіх была вельмі шырокай.

  Савецкая эканоміка з яе татальнай цэнтралізацыяй знішчыла прыватную ініцыятыву і дробны гандаль.   Кірмашовы рэнесанс адбыўся ў гады гарбачоўскай перабудовы і ў значнай ступені быў абумоўлены дэфіцытам. Менавіта з той пары ў Сянно сталі зноў праводзіцца кірмашы.

 У мінулую суботу на цэнтральнай плошчы горада сельскагаспадарчую прадукцыю рэалізоўвалі пераважна сельскія грамадскія арганізацыі і фермерскія гаспадаркі, прадавалі зерне, бульбу, гародніну, мяса, мёд. РУП «Дружбінец» прапаноўваў нават каўбасы, паўфабрыкаты, вырабленыя пад заказ на мясакамбінаце. Саўгас імя Машэрава прывёз свой фірменны тавар — свініну, на прылаўках ААТ «Сенненскі райаграсервіс» быў шырокі выбар ялавічыны. Зрэшты, мясны рад выглядаў даволі багатым яшчэ і таму, што, акрамя сельгасвытворцаў, мяса  прадавалі  перапрацоўчыя прадпрыемствы, бройлерная фабрыка. Сур’ёзную канкурэнцыю асноўным сельгасвытворцам прадукцыі раслінаводства на кірмашы склалі агульна­адукацыйныя школы. Школьная гародніна карысталася попытам. Многія сенненцы з’яўляюцца яе пастаяннымі спажыўцамі. Давялося быць сведкам, як жанчына з жалем даведалася, што капуста на прылаўку Нямойтаўскай школы скончылася.

 — Чаму вы не пакінулі мне колькі качаноў? Я ж у вас кожны год бяру…

 Са здзіўленнем давялося наглядаць, як ішоў міні-торг паміж пакупнікамі і прадаўцамі. Адзін бок збіваў цану, іншы — нахвальваў тавар. Яшчэ крыху — і дамо фору ўсходнім народам, якія тра дыцыйна  лічацца больш здатнымі да гандлёвых аперацый.  Зыходзячы з класічнай схемы  кірмашу, перад заканчэннем гандлёвых аперацый цэны на большасць тавараў сталі падаць.

 У традыцыі сенненскага кірмашу — не толькі  гандаль. Людзі прыходзяць на восеньскую плошчу, каб сустрэць знаёмых, каб адпачыць на свежым паветры: за сталом, пад добрую музыку. Спачатку яна гучала з рэпрадуктара ў выкананні знаных беларускіх  спевакоў і калектываў, а потым да мікрафона падышлі сенненскія самадзейныя выканаўцы. Іх выкананне можа і не было настолькі прафесійным, затое запалу і жывасці ў выканаўцаў хапала. Гледачы нават кінуліся ў скокі.

 Як водзіцца, арганізатары сенненскага кірмашу падвялі вынікі. Спецыяльна створаная камісія вызначыла самых актыўных яго ўдзельнікаў. Сярод грамадскіх вытворцаў сельгаспрадукцыі адзначаны ўдзел ААТ «Сенненскі райаграсервіс» і СВК «Кругляны», сярод фермерскіх гаспадарак — «Аграсервіс плюс» і «Севастопальскае». Сярод устаноў адукацыі да восеньскага кірмашу найлепш падрыхтаваліся Сенненская школа-інтэрнат і СШ №1. З гандлёвых прадпрыемстваў, якія  пераважна прапаноўвалі прадукты харчавання, вылучылі Сенненскае райспажыўтаварыства, з перапрацоўчых прадпрыемстваў — Віцебскі мясакамбінат.

 У той жа дзень кірмаш быў арганізаваны ў Багушэўску.

Аляксандр Лазюк.