І 90 — не рубеж

У доме Лідзіі Шубкі, жыхаркі вёскі Свабоднае Багданаўскага сельсавета, рыхтаваліся да сустрэчы немалых гасцей. На 90-гадовы юбілей гаспадыні абяцала з’ехацца ўся радзіна. Лідзія Міхайлаўна ўсіх сустракала, як кажуць, на сваіх нагах. Гасцінная, усмешлівая, яна ніяк не падпадала пад такую сур’ёзную дату. Прыроджаны аптымізм, жыццёвы гумар, добразычлівасць — вось, напэўна, складаемыя яе доўгажыхарства. Хаця за доўгі лёс давялося нямала паплакаць.

 Па дзедаўскай лініі яна — Калымага з вёскі Шубкі (зараз паселішча не існуе). Згодна сямейнага падання, дзяцей, у тым ліку і бацьку Лідзіі Міхайлаўны, павезлі ў царкву хрысціць, а «хросныя бацькі», як высветлілася, прозвішча не ведалі. Ахрысціў святар малых па назве роднай вёскі — Шубка.

 У Свабодным бабуля Ліда памятае сябе з маленства. Тут жа ў школу пайшла. Навучальная ўстанова тады размяшчалася ў панскіх забудовах. Цяпер на гэтым месцы школа-інтэрнат. Скончыла яна 5 класаў. На той час неблагая адукацыя. Хоць і вучылася дзяўчына добра, але пасаромелася яна ў лапцях, самат канай сукенцы, перашытым з чужога пляча пінжаку ў горад ехаць. Ды і дома працы хапала. У сям’і гадавалася шасцёра дзяцей.

 — Гэта сёння дзеці да 20 гадоў палец аб палец не ўдараць. А мы ў свае 8 гадочкаў кароў, свіней пасвілі, — расказвае Лідзія Міхайлаўна.

 На ўспамін прыходзіць выпадак з дзяцінства. Адзін з парсюкоў са статка ўбіўся ў чужую бульбу. Ліда хутка агледзела шкоду. У час прыгнала жывёл дахаты, а сама схавалася пад лаўкай — баялася пакарання. Дзякуй Богу, гаспадар патраву не заўважыў.

 Адразу пасля школы пайшла працаваць у калгас. Нараўне з дарослымі за плугам хадзіла. Хутка здольную да граматы дзяў­чыну калгаснае кіраўніцтва заўважыла і накіравала на курсы спачатку брыгадзіраў, а затым і рахункаводаў. На брыгадзірскай пасадзе 20-гадовая дзяўчо апынулася, калі пачалася вайна. Усіх мужчын з вёскі забралі на фронт. Давялося замяняць. Рылі супрацьтанкавыя загароды.

 — Жахліва было, калі бам­білі Сянно, — успамінае Лідзія Міхайлаўна. 

 Але жах не перашкаджаў ёй таемна насіць ежу палонным салдатам, а пазней дапамагаць партызанам. Першым з іх сям’і ў парты занскі атрад падрыўніком пайшоў брат Лідзіі Міхайлаўны. У 1943 годзе ён загінуў на Багушэўскай чыгунцы падчас баявога задання. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

 Хаваліся ў лесе і жыхары Свабоднага, жылі ў зямлянках. Немцы і паліцаі часцяком наведваліся ў вёску, забіралі харч у людзей. Асабіста Лідзію Міхайлаўну некалькі разоў выклікалі ў камендатуру: пыталіся, дзе брат, партызаны, чаму не жадае ехаць на працу ў Германію? Дзяўчына спасылалася на састарэлых бацькоў. Цудам выратоўвалася ад прымусовай дэпартацыі. Аднак знаходзіцца ў вёсцы станавілася ўсё небяспечней. У 1944 годзе яна перайшла да партызан. Ваявала ў скла­дзе 2-й партызанскай брыгады імя К.С.Заслонава, атрадах імя С.Г.Лазо і «Кастрычнік».

  Пасля вайны яна васемнаццаць з паловай гадоў адпрацавала рахункаводам Нямойтаўскага дзіцячага дома. А калі ў 1963 годзе адчынілася Сенненская школа-інтэрнат, Лідзія Міхайлаўна стала яе першым бухгалтарам. Рупілася таксама рэвізорам у райспажыўсаюзе. Доўгажыхаркай яе можна лічыць не толькі па ўзросце, але і па працоўным стажы. Пас ля выхаду на пенсію ўладкавалася на сваё самае першае працоўнае месца — у калгас. Даглядала на мясцовай ферме каровак. На адпачынак Лідзія Міхайлаўна выйшла ў 68 гадоў.

 І сёння бабуля Ліда ў ліку актывістаў. Частая госця ў школах і клубах, пастаянная ўдзельніца суботнікаў, што праводзіць сельсавет. Яе намаганнямі на могілках у Свабодным пануе парадак. У многім дзякуючы ўспамінам Лідзіі Міхайлаўны, вучнямі і настаўнікамі школы-інтэрната быў высветлены лёс малалетніх ахвяр вайны Заазерскага дзіцячага дома. Летась на месцы пахавання дзяцей усталявалі помнік. Ганаровай госцяй на яго адкрыцці стала Лідзія Шубка.

 Так сталася, што радасць мацярынства Лідзія Міхайлаўна так і не пазнала. Але дзяцей ёй замянілі пляменнікі. Яна стала для іх самым блізкім чалавекам. Адзін з іх, Анатоль Бірулін, — кіроўца ў інтэрнаце — пастаянна побач, даглядае, клапоціцца пра яе здароўе, вядзе гаспадарку. Дапамагае яму ў гэтым калектыў інтэрната.

 Сёлета Лідзія Міхайлаўна прымала шчырыя віншаванні і падарункі не толькі ад сваіх родных. Адна за другой завітвалі дэлегацыі: піянеры са школы-інтэрната на чале з дырэктарам Леанідам Казловым; прадстаўнікоў сельскага Савета ўзначаліў старшыня Віктар Мурашкевіч; ад імя прафсаюза павіншаваў намеснік дырэктара па ідэалогіі ААТ «Сенненскі райаграсервіс» Алег Кісель. Ганаровую грамату ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і працы Лідзіі Шубцы ўручыў старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка. Музычным падарункам стала выступленне артыстаў сенненскага аўтаклуба. Для юбіляркі гучалі пажаданні здароўя і доўгіх год жыцця. Лідзіі Міхайлаўне ёсць куды ім­кнуцца. Самай старэйшай жыхарцы сельсавета Васілісе Мазур споўнілася 102.

Вольга Бандарэвіч.