У Дзень друку прыгадаем, пра што пісала «раёнка» паўстагоддзя назад

3Каб трапіць у мінулае неабавязкова вынаходзіць машыну часу, дастаткова пагартаць пажоўклыя старонкі газет.

У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца перыёдыка розных гадоў, але ў асноўным савецкага перыяду. Калекцыя папаўняецца ў тым ліку і за кошт неабыякавых да гісторыі наведвальнікаў, якія прыносяць у музей старыя выданні. На днях адна з жыхарак райцэнтра перадала цэлы стос газет, найстарэйшая з іх датуецца 1952 годам. У пухлай папцы выданні, якія былі папулярныя ў сенненскіх падпісчыкаў больш як паўстагоддзя таму, — ад ўсесаюзнай «Праўды» да раённай «Ленінскай іскры». Сучаснаму чытачу, распешчанаму Інтэрнэтам, іх змест падасца аднастайным і наіўным. Палосы стракацяць загалоўкамі-лозунгамі і выступамі партыйных правадыроў, тэкст якіх перыядычна перарываецца «бурнымі» і «працяглымі бурнымі апладысментамі». Капіталістычны Захад актыўна «загнівае», а СССР ударнымі тэмпамі рухаецца насустрач «светламу заўтра».
У 2018 годзе «Голас Сенненшчыны» адзначыць 100 гадоў з дня выхаду ў друк першага нумара. Напярэдадні юбілею мы запрашаем сваіх чытачоў у газетны экскурс у мінулае. Моладзі ён, упэўнена, рыхтуе нямала адкрыццяў з гісторыі малой радзімы, у людзей старэйшага пакалення выкліча настальгію. Магчыма, хтосьці пазнае герояў журналісцкіх нарысаў, а ў кагосьці яшчэ захаваліся ўспаміны пра падзеі тых гадоў. Будзем рады, атрымаць вашыя водгукі! Ну што, наперад у мінулае!
Першы нумар 1959 года тады яшчэ «Шляху да камунізма» мала нагадваў навагодні. Цікава, што выйшаў ён якраз 1 студзеня. Сёння гэты дзень афіцыйна выхадны. Пра галоўнае зімовае свята нагадвае хіба што маляваная ілюстрацыя на 3-й старонцы. Галоўная тэма нумара — 40-годдзе БССР.
Святкаванне 40-годдзя БССР у раёне
Адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 40-годдзю Беларускай ССР і Кампартыі Беларусі, у раённым Доме культуры. Тут сабраліся прадстаўнікі партыйных, савецкіх арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў раёна, перадавікі калгаснай і саўгаснай вытворчасці.
З дакладам «40 год БССР і Кампартыі Беларусі» выступіў сакратар РК КПБ т. Клімаў А.Ф.
Удзельнікі ўрачыстага сходу аднадушна прынялі прывітанне Цэнтральнаму Камітэту КПСС, у якім выказалі ўпэўненасць, што ў прадстаячым сямігоддзі даб’юцца новых поспехаў у развіцці ўсіх галін народнай гаспадаркі раёна.
Урачыста адзначылі свята беларускага народа таксама члены сельгасарцелей «Праўда», імя Жданава, «Ульянавічы», рабочыя саўгаса «Полымя» і іншыя.
Наш раён у мінулым і цяпер
У нашым раёне зараз працуе 11 прамысловых прадпрыемстваў. Яны вырабляюць многа прадукцыі розных асартыментаў. На палях калгасаў і саўгасаў працуе звыш 90 камбайнаў, 350 трактараў (у пераводзе на 15-сільны).

1
У раёне налічваецца 71 школа з 5529 навучэнцамі. У іх працуе 493 настаўнікі. У 1958 годзе на народную асвету адпушчана 6,5 мільёна рублёў.
Зараз у раёне працуе райбальніца, амбулаторыя, дзіцячая паліклініка, 13 урачэбных і фельчарска-акушэрскіх пунктаў, у якіх працуюць 22 урача, 26 фельчараў, 18 акушэрак. На ахову здароўя асігнавана 2 мільёны 792 тысячы рублёў.
У раёне працуе 27 бібліятэк, клубаў, хат-чытален, 13 кінаўстановак. Радыёфікавана 17 калгасаў і 2 саўгасы.
Змянілася аблічча вёскі
Непазнавальна змянілася в.Тур’ева Алексініцкага сельсавета за гады Савецкай улады. Да 1917 года 80% усёй зямлі належыла 6 кулакам і памешчыку. Бедныя сяляне былі непісьменнымі. З 2-класнай адукацыі было толькі некалькі кулакоў.
Зусім іншы малюнак мае сучасная вёска Тур’ева, якая з’яўляецца паляводчай брыгадай калгаса «Першага мая». За гады Савецкай улады з гэтай вёскі выйшла 18 настаўнікаў, 7 аграномаў, 8 афіцэраў Савецкай Арміі, 11 чалавек пасля заканчэння тэхнікумаў працуе ў прамысловасці і на транспарце.
З вёскі Тур’ева працуе 21 механізатар, 5 медыцынскіх работнікаў, 3 культработнікі і другія спецыялісты.
За апошні год на жывёлагадоўчай ферме і на другіх работах працуе 10 выпускнікоў сярэдняй школы.
Але не толькі гэтым змянілася в. Тур’ева. З 1933 года тут працуе сямігадовая школа — павышае адукацыйны ўзровень яе жыхароў. Дастатак прыйшоў у кожную калгасную сям’ю.
Новы спектакль тэатра імя Якуба Коласа
Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр імя Якуба Коласа паказаў прэм’еру спектакля «Такое каханне» па п’есе чэшскага паэта, лаўрэата дзяржаўнай прэміі Чэхаславакіі Г. Кагоута.
П’еса ўзнімае рад маральна-этычных праблем у вострай і своеасаблівай форме.
Спекталь пастаўлен рэжысёрам Ю. Шчарбаковым, аформлен заслужаным дзеячом мастацтваў БССР А. Грыгар’янцам.
У спекталі прымаюць удзел народныя артысты БССР А.Шэлег, М. Бялінская, заслужаныя артысты БССР Н. Яроменка, Е Мацісава, З.Канапелька, артысты М.Федароўскі, Г.Арлова, І.Матусевіч, С. Казлоў, С. Кохан і іншыя.
Гледачы цёпла сустрэлі новую пастаноўку коласаўцаў.
Нагадаю, Зінаіда Канапелька — наша зямлячка. Героямі навагодняга нумара стала таксама «ветлівая прадаўшчыца» з магазіна №24 у Сянне, камсамолка Зіна Лісецкая. Пабываў карэспандэнт «раёнкі» і ў гасцях у жыхаркі в. Папоўкі Матроны Піліпаўны Паражынскай.
На здымках з газетных палос можна ўбачыць артыстаў калгаснага драмгуртка з Кастрамской вобласці, калгаснікаў Магілёўшчыны за чытаннем выступленняў на Пленуме ЦК КПСС, праспект імя Сталіна ў Мінску (у цяперашні час праспект Незалежнасці) і нават кадры жорсткага падаўлення забастоўкі ў Англіі. Дарэчы, сусветным навінам ад ТАСС у «раёнцы» надавалася нямала месца. «Скарачэнне вытворчасці ў ЗША», «Нью-йоркскія дастаўшчыкі газет дабіліся перамогі», «Няшчасныя выпадкі ў ЗША» — загалоўкі кажуць самі за сябе.

Вольга Бандарэвіч.
Фота аўтара.