Х фестываль «Песня застаецца з чалавекам» прайшоў у Сенненскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці

2 У Сенненскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў Х фестываль «Песня застаецца з чалавекам», які праводзіцца райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

З гісторыі песеннага форуму
Дзесяцігоддзе мінула з таго часу, як былая старшыня райкама прафсаюза галіны адукацыі Людміла Гашко выступіла з ідэяй правядзення песеннага форуму, каб аб’яднаць творчасцю працоўныя калектывы. Прарочымі сталі словы першых вядучых фестывальнай праграмы Ігара Паўлоўскага і Валянціны Каржыцкай, якія выказалі надзею, што правядзенне фестывалю стане добрай традыцыяй. Інтарэс да свята песні быў вельмі вялікім, гэта і дазволіла яму стаць штогадовым. І кожны год уносіў у мерапрыемства нешта новае, адметнае.
У 2008-м быў зменены фармат фестывалю. Яго ўдзельнікі не толькі спявалі, але і танцавалі, выконвалі літаратурна-музычныя кампазіцыі, выкарыстоўвалі элементы театралізацыі. Змянілася і назва мерапрыемства, яно стала называцца «Весяліся, душа!». Гледачам запомніліся інсцэніраваная песня «Семечки», выкананая артыстамі з ясляў-сада №1 г.Сянно, тэатралізаваная музычная пастаноўка Багданаўскага дзіцячага сада «Мужичок с гармошкой», гумарыстычны вінегрэт Леаніда Шняка з Багушэўскай другой школы, усходні танец Алены Броўка з Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната…
Але найбольш запатрабаваным відам мастацтва сярод педагогаў усё ж заставалася песенная творчасць. Таму на наступны год арганізатары фестывалю вярнуліся да яго ранейшых фармату і назвы.
На трэцім фестывалі зарадзілася традыцыя выстаўлення балаў, якая падтрымлівалася шэсць гадоў. Асаблівасцю трэцяга фестывалю стала і з’яўленне на яго сцэне першага харавога калектыву. Ініцыятарам стварэння такіх калектываў у школах раёна стала намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Дарэчы, ужо праз два гады ў песенным форуме настаўнікаў прымала ўдзел 6 хароў.
У 2010 годзе эстафету арганізацыі фестывалю прыняла новы старшыня райкама прафсаюза Алена Дзергачова, якая пастаралася захаваць яго лепшыя традыцыі.

У наступным годзе былі падведзены вынікі плённай фестывальнай пяцігодкі і ўведзена новая ўзнагарода — грашовая прэмія для пераможцаў, якія набралі максімальную колькасць балаў.
На шостым фестывалі пачалі ацэньваць мультымедыйныя суправаджэнні выступленняў канкурсантаў, за лепшыя ўручаць падарункі. Быў таксама заснаваны прыз глядацкіх сімпатый.
Мінулагодні фестываль адзначыўся ўручэннем спецыяльнага прыза райкама прафсаюза ўстанове, якая падрыхтавала найбольшую колькасць лепшых нумароў, а таксама спецыяльнага прыза раённага аб’яднання прафсаюзаў.
За дзевяць гадоў на фестывалі былі прадстаўлены 314 конкурсных нумароў: 147 салістаў, 47 дуэтаў, трыа, квартэтаў, 83 вакальныя групы, 37 харавых калектываў.

Лепшая на юбілейным —сенненская другая
Трыццаць конкурсных нумароў прадставілі вакальныя групы, дуэты, трыа, салісты і харавыя калектывы на X фестывалі.
Перад пачаткам конкурснай праграмы зала вітала ганаровых гасцей фестывалю, намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Зою Фаміну, начальнікаў аддзелаў райвыканкама — адукацыі, спорту і турызму Людмілу Аніськовіч, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргея Мяцеліцу — старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандра Мацуганава і журы на чале з нязменным старшынёй Іванам Смірновым. Як і ў мінулыя гады вялі праграму Таццяна Ефіменка і Аляксандр Кацар.

Адкрыла фестываль вакальная група «Мелодыя» СШ №1 г.Сянно. Дружна падтрымала зала дэбютантку конкурсу, прадстаўніцу Беліцкай школы Марыю Будрэвіч, якая выканала песню з рэпертуару Алёны Ланской «Васільковае неба».
Шмат песенных нумароў было прысвечана самым радасным і светлым чалавечым пачуццям. Неаднаразовы ўдзельнік фестывалю вакальная група «Звончыкі» Багданаўскай ДССШ пажадала гледачам, каб усе іх дні былі сагрэты шчасцем, мірам і каханнем. Пра вясну спявала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Яноўскай школы Таццяна Ефіменка, пра каханне — прадстаўніца Ходцаўскай школы Галіна Данілава і ветэран педагагічнай працы Ларыса Крысанава, пра жаночую дружбу — квартэт з ясляў-сада №3 г.Сянно і дуэт з Беліцкай школы. Сям’і прысвячалася песня вакальнай групы «Ивушки» Сенненскай школы-інтэрната. Дарэчы, удзельніцы групы аказаліся не толькі добрымі спявачкамі, але і ўмелымі майстрыхамі: жанчыны па ўласнай задумцы самі стварылі свае сцэнічныя касцюмы.
Харавы калектыў і вакальная група Багушэўскай СШ №2 выступілі з беларускімі народнымі песнямі. Сяргей Гаспаровіч з Багушэўскага ясляў-сада, які на мінулым фестывалі «дарыў» гледачам рамонкі, на гэты раз спяваў пра лілеі. У атмасферу сваёй маладосці акунуліся гледачы сярэдняга ўзросту і больш сталыя, калі на сцэне з’явілася настаўніца Багушэўскай школы №1 Ларыса Аўчыннікава з песняй з рэпертуару Валянціны Талкуновай «А по камушкам…».

Напэўна ні адзін фестываль не абыходзіўся без песні пра самага дарагога чалавека, пра маці. Не быў выключэннем і сёлетні. У час пранікнёнага выканання Марынай Якубенка з Нямойтаўскай школы песні «Мама» многія глядачкі змахвалі міжвольныя слёзы. Галіна Луцыковіч і «Дыскатэка 80-х» са Студзёнкаўскай ДССШ таксама прысвяцілі свой конкурсны нумар мамачцы.
Ва ўсіх без выключэння фестывалях прымала ўдзел прадстаўніца Яноўскай школы Святлана Броўка. На першым яна «разважала» на тэму «куда уходит детство», потым захаплялася «звёздным летом», дзялілася думкамі пра каханага, перажывала пра той час «когда цвели сады», кружылася «в майском вальсе», пераконвала гледачоў у тым, што «всё ещё будет», а песня «Виват, король!» у яе выкананні стала проста незабыўнай. Сёлета Святлана выступіла з песняй «Я — деревенская».
Магчыма стане пастаянным удзельнікам песеннага форуму і харавы калектыў Багушэўскай школы-інтэрнату, які сёлета дэбютаваў на фестывальнай сцэне.
Юлія Шман з Багданаўскай школы, якая выступіла з песняй з рэпертуару Таццяны Аўсіенка, з’яўляецца ўдзельніцай не толькі настаўніцкага фестывалю. Яна стала пераможцай раённага конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні «Песни юности наших отцов», абараняла гонар раёна на абласным этапе конкурсу.
Чацвёрты раз удзел у фестывалі прымала вакальная група ветэранаў галіны адукацыі «Аптымісты». Са свайго першага выхаду на фестывальную сцэну ў 2013 годзе па-сапраўднаму таленавітыя, творчыя і заўзятыя ветэраны сталі сур’ёзнымі канкурэнтамі іншым выканаўцам. Акрамя таго, «Аптымісты» з’яўляюцца ўдзельнікамі шматлікіх раённых мерапрыемстваў.
Пастаянная ўдзельніца фестывалю Вольга Красноўская з СШ №2 г.Сянно, якая падарыла гледачам песню «Засталася», шмат выступае на раённай сцэне не толькі як спявачка, але і як вядучая мерапрыемстваў. А ў гэтым годзе на раённым этапе прафсаюзнага творчага конкурсу працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі-2016» у намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць» былі прадстаўлены яе работы, якія атрымалі высокую ацэнку журы.
Шлягеры мінулых гадоў «Мечты сбываются» і «Листья жёлтые» выканалі Сяргей Сяргееў з Какоўчынскай школы і Вольга Суднік з ясляў-сада №1 г.Сянно.
Тэмы міру, любві да роднай Беларусі заўсёды актуальныя ў выканаўцаў конкурснай праграмы фестывалю. Сёлета яны былі вынесены ў асобны тэматычны блок, якім і завяршылася свята песні. Патрыятычнай тэматыцы прысвяцілі свае выступленні трыа «Шарм» і харавы калектыў «Поющие сердца» з СШ №2 г.Сянно, Алена Прыстаўка з Багушэўскай СШ №2.
Трэба сказаць, што ўсе выступленні канкурсантаў былі дастойнымі, і перад журы стаяла складаная задача выбраць лепшых. Пасля невялікай нарады журы вынесла свой вердыкт. Пераможцамі фестывалю сталі трыа «Шарм», Вольга Красноўская і харавы калектыў «Поющие сердца». Як бачна, усе пераможцы — з СШ №2 г.Сянно. Таму і спецыяльны прыз таксама атрымала гэта ўстанова.
Прыз глядацкіх сімпатый зала прысудзіла Алене Прыстаўка.
На фестывалі былі падведзены і вынікі аб’яўленага ў лютым — сакавіку бягучага года райкамам галіновага прафсаюза конкурсу сярод дзяцей работнікаў устаноў адукацыі раёна «Мая мамачка самая лепшая».
Узнагароды пераможцам уручылі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Аніськовіч і старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Дзергачова.

IMG_9620

IMG_9606

IMG_9597

IMG_9691

1

Таццяна Буракова.

На здымках: моманты фестывалю.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *