Хлебаробы ААТ «Студзёнка» атрымалі самы высокі ў гісторыі сельгасарганізацыі ўраджай зерневых культур

5Летась хлебаробы ААТ «Студзёнка» атрымалі самы высокі ў гісторыі сельгасарганізацыі ўраджай зерневых культур: з кожнага гектара сабралі па 32 цэнтнеры збожжа, валавы намалот склаў 4177 тон.

Рэцэпт дасягненняў просты — своечасова правялі падкормку, іншыя доглядныя работы на азімых культурах, не спазніліся з сяўбой яравых. Як ідуць справы гэтай вясной, мы пацікавіліся ў галоўнага агранома акцыянернага таварыства Андрэя Дзядушкі. Ён не хаваў: «З сілкаваннем азімых справіліся з дапамогай «Дзвіны» хутка, а вось на сяўбе тэмпы невысокія».
Прычыны таму розныя. У тым ліку аб’ектыўныя, у сілу якіх земляробы ААТ «Студзёнка» ніколі не маглі спаборнічаць з калегамі тых сельгасарганізацый, дзе праведзена маштабная меліярацыя. У «Студзёнцы» контурнасць палеткаў невялікая. Да таго ж у сувязі з надвор’ем яна яшчэ больш змяншаецца, бо забалочаныя ўчасткі палеткаў даводзіцца пакідаць незасеянымі. Ускладняецца работа энерганасычанай тэхнікі, шыроказахопных глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў.
Рытм пасяўных работ збівае зменлівае надвор’е. Непадалёк ад Круглян ва ўрочышчы Лавачкі на падрыхтоўцы глебы да сяўбы працавала два «Беларусы-3022» пад кіраўніцтвам Віктара Пагарэльскага і Аляксандра Папроцкага. Адзін трактар быў агрэгатаваны дыскатарам, другі — чызельным культыватарам з баронамі. Удалечыні быў бачны яшчэ адзін трактар з каменепадборшчыкам. Ачышчаць палеткі дапамагаюць і людзі. Штодня працуе брыгада з мясцовага насельніцтва, прыязджаюць шэфы.

1
— Поле будзе засявацца аўсом гатунку «Лідзія» элітнай рэпрадукцыі, — расказаў Аляксандр Дзядушка. — Насенне набылі ў ВДМС. У ААТ «Рудакова» купілі элітны ячмень.
Тым часам неба зацягнулася хмарамі, пырснуў дождж, на шчасце — непрацяглы. А галоўнае, праз некалькі хвілін на полі з’явіліся трактары з насеннезапраўшчыкам і пасяўным агрэгатам.
— Будзем працаваць пакуль не засеем падрыхтаванае поле. А то на ноч абяцалі «маларухомы атмасферны фронт», пасля якога спатрэбіцца дадатковая апрацоўка глебы, — занепакоены надвор’ем Андрэй Дзядушка. Ды і механізатары не горш за галоўнага агранома разумеюць, чым больш на полі будзе працаваць тэхніка, тым больш высокім будзе сабекошт прадукцыі раслінаводства. Чаго дапускаць ніяк нельга. І кіраўніцтва сельгасарганізацыі, і спецыялісты, ды і ўвесь калектыў разумеюць — сельгасарганізацыі неабходна павышаць эфектыўнасць вытворчасці. Справа не толькі ў патрабаваннях кіраўніцтва краіны. Без зніжэння затрат на вытворчасць не выжыць у новых умовах гаспадарання, не вытрымаць канкурэнцыі.
Сёлета ў ААТ «Студзёнка» па гэтай прычыне фактычна адмовіліся ад паслуг механізатараў са старонніх арганізацый. Затое свае працуюць не пакладаючы рук. Аляксандр Кавалёў і Сяргей Шубка пачынаюць свой рабочы дзень з раздачы кармоў жывёле. Потым увесь дзень заняты ў полі. У прыватнасці, у той дзень, калі мы былі ў ААТ «Студзёнка», яны займаліся падкормкай пашаў.
— Часткова праплацілі за 40 тон КАСа, за гербіцыды. Так што доглядныя работы будзем весці і далей. Але гэта затраты, якія для сельгасарганізацыі акупяцца, — не хавае задавальнення Андрэй Дзядушка. Задавальнення ад таго, што праца хлебаробаў усё ж такі прыносіць дывідэнды. Не толькі маральныя, але і матэрыяльныя.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКАХ: запраўка АПП-6; Аляксандр Папроцкі і Віктар Пагарэльскі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *