Механізатары ААТ «Ульянавічы» Віктар Сакалоўскі і Анатоль Дзмітраковіч не ўяўляюць сваё жыццё без працы

212У Беларусі павышаны пенсійны ўзрост. Павялічаны ён і для механізатараў, якія станавіліся пенсіянерамі ў 55 гадоў.

Сустрэча з Віктарам Сакалоўскім (на здымку), 66-гадовым механізатарам ААТ «Ульянавічы», адбылася ў полі. Ён разам з маладзейшымі калегамі ў той дзень быў заняты на ўнясенні арганічных угнаенняў. А за тыя 11 гадоў, што прайшлі пасля выхаду на пенсію, не цураўся ніякай работы ні зімой, ні летам. Працаваў нават на ўнясенні ядахімікатаў.

— Інакш нельга, раз застаўся працаваць. Перабіраць, гэта буду рабіць, гэта мне не падабаецца, не прыстойна — па-першае. А па-другое, я новы трактар атрымаў у дзень выхаду на пенсію. Да гэтага часу на ім працую, — расказаў Віктар Мікалаевіч.

На прыватным падворку — немалая гаспадарка: карова, свінні, птушка. Вяскоўцу, на думку майго субяседніка, без гэтага нельга — звычка, выпрацаваная гадамі. Дзядуля любіць, да таго ж, парадаваць падарункамі ўнукаў.

Знаходзіцца амаль кожны дзень работа на зямлі для яшчэ аднаго пенсіянера-механізатара, які працягвае працаваць у ААТ «Ульянавічы», Анатоля Дзмітраковіча (на здымку). У гэтыя дні ён заняты на ачыстцы палеткаў ад камянёў.

— Самая работа для 68-гадовага механізатара, — лічыць Анатоль Ягоравіч. — Але, калі патрэбна, любую іншую работу на трактары буду выконваць.

Любоў да тэхнікі рухае ім усё жыццё. Прывіў яе і сваім сынам, як і любоў да родных мясцін, роднай зямлі. Яны абодва працуюць у сельгасарганізацыі побач з бацькам.

Анатоль Дзмітраковіч жыве ў Дольдзеве. Як і Віктар Сакалоўскі, трымае на ўласным падвор’і хатнюю жывёлу, апрацоўвае зямельны надзел. І кожны дзень спяшаецца на грамадскую працу, без якой для яго жыццё — не жыццё.

— Колькі яшчэ буду працаваць? — перапытвае ён і сам адказвае — А хто ведае? Пакуль будзе здароўе, пакуль будзе патрэба ў маёй працы.

Аляксандр ІЎЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *