Няхітрыя правілы трываласці і стабільнасці

123У той час як многія гаспадаркі нашага раёна змяншаюць вытворчасць малака, у ААТ «Сінягорскае» «белага золата» прыбаўляюць.

Летась у таварыстве ад адной фуражнай каровы надаілі ў сярэднім па 3875 кілаграмаў малака. Паказчык папярэдняга года перавышаны на 848 кілаграмаў. Атрыманы прыбытак ад рэалізацыі малака дасягнуў 11 мільярдаў 149 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць вытворчасці склала плюс 23,3%, рэнтабельнасць продажу — 7,6%.

— Найперш, гэта заслуга жывёлаводаў, якія сваёй стараннай, карпатлівай працай штодзённа забяспечваюць належны догляд, кармленне, паенне і даенне кароў, — расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Ірына Гарбачова (на  здымку). — Строга вытрымліваюцца распарадак дня і належныя ўмовы ўтрымання жывёлы, што і абумовіла рост сярэднесутачных надояў. На сённяшні дзень на пяці малочнатаварных фермах гаспадаркі ўтрымліваецца 840 галоў дойнага статку. Зараз мы доім на карову 12,41 кілаграма малака, у мінулым годзе надой на карову складаў 10 кілаграмаў — плюс адчувальны.

Па словах спецыяліста, яшчэ адным складнікам эфектыўнай працы малочнай галіны з’яўляецца фарміраванне прадукцыйнага статку. На ферме Аўчынкава знаходзяцца нецелі. З пачатку года расцялілася 131 галава. Сярэдні надой па гэтай групе цяпер складае 18 літраў на карову. Пасля расцёлу лепшыя з рагуль ідуць на замену нізкапрадукцыйных, старых ці хворых кароў. Селекцыйная работа накіравана на павышэнне прадукцыйнасці жывёлы. Дойны статак павялічваецца менавіта за кошт жывёлы з ярка выяўленымі малочнымі якасцямі. У полі зроку і прафілактыка мастытаў. Каварнае захворванне істотна зніжае прадукцыйнасць жывёлы.

— Высокія надоі ў многім атрымліваем   дзякуючы якасным кармам, — адзначае Ірына Міхайлаўна, — сбалансаванасці рацыёну жывёлы. Дабіцца гэтага ўдаецца як за кошт стараннай работы механізатараў на нарыхтоўцы травяных кармоў, так і шляхам набыцця неабходнай колькасці камбікармоў завадской вытворчасці, кармавых дабавак. Такім чынам, жывёла атрымлівае толькі якасныя кармы, прычым для кожнай групы кароў у залежнасці ад іх фізіялагічнага стану прадугледжаны свой рацыён.

На зімова-стойлавы перыяд было нарыхтавана ў дастатковай колькасці сена, сенажу, сіласу. Кармамі дзяліліся нават з ААТ «Белая Ліпа».

Пачаўся перавод буйной рагатай жывёлы на летне-пашавае ўтрыманне. Гэта адказны перыяд, ад якога ў многім залежыць прадукцыйнасць жывёлы. Таму ў гаспадарцы загадзя распрацавалі план неабходных мерапрыемстваў. На летне-пашавы перыяд створана ­5 дой­ных гуртоў і 2 гурты з цялушак злучнога і перадзлучнога ўзростаў. Пакуль толькі тры гурты выганяюць на пашу на непрацяглы час. Перад пераводам на кругласутачнае ўтрыманне неабходна, каб жывёла прайшла адаптацыю.

Поспех жывёлаводаў улетку ў многім будзе залежыць ад пажыўнасці пашаў. Сёлета ў гаспадарцы маецца 164 гектары шматкампанентных пашаў, 200 гектараў шматгадовых траў, 254 гектары сенажацяў шматгадовых траў друга ўкосу.

Адладжана ў гаспадарцы і тэхналогія вырошч­вання маладняку БРЖ. Жывёла па­дзелена па ўзросце і замацавана за адказнымі аператарамі па дарошчванні. Тон у справе задае  Кацярына Дзюндзікава. Жанчына даглядае 95 цялят ад аднаго да трох месяцаў. Увіхаецца каля гадаванцаў, каб тыя не хварэлі і добра прыбаўлялі ў вазе. Асаблівым стараннем сярод жывёлаводаў вылучаюцца аператары на адкорме Генадзь Тамашэвіч і Мікалай Прыстаўка. Сутачныя прывагі іх бычкоў у сярэднім складаюць 800-1000 грамаў.

213

— Наша каманда дружная, адказная, адзін за аднаго гарой, — гавораць жывёлаводы. — На ферме, само сабой зразумела, праца не з лёгкіх, кармы раздаюцца ўручную, але, як бачыце, спраўляемся.

Любой жывой істоце, як і чалавеку, для правільнага абмену рэчываў неабходны рух на свежым паветры. Гаспадарка адна з першых вывяла маладняк з памяшканняў у летнія лагеры, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы: зроблена падсыпка, адрамантаваны агароджы, павеці, кармушкі.

А нядаўна на жывёлагадоўчым комплексе ў ­в. Сінягорскае ўвялі ў эксплуатацыю новае памяшканне, дзе размясцілася 150 галоў буйной рагатай жывёлы перыядаў дарошч­вання і адкорму. У гэтым вытворчым падраздзяленні з’явілася магчымасць арганізаваць бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы, што значна аблегчыла працу абслугоўваючага персаналу. Будаўніцтва новага жывёлагадоўчага памяшкання абышлося таварыству ў 280 млн рублёў уласных сродкаў.

Сакрэт жывёлаводаў ААТ «Сінягорскае» па сілах асвоіць кожнай гаспадарцы раёна. Ён стаіць на трох «кітах» — правільна накарміць, своечасова падаіць і забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання жывёлы. Пры гэтых няхітрых правілах можна не толькі стабілізаваць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі, але і забяспечыць яе прыбаўку.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

НА ЗДЫМКУ: Кацярына Дзюндзікава.

Фота аўтара.