«За здароўем на веласіпедзе»- такі праект ініцыятыўная група «БАКС» рэалізуе ў Багушэўску

вело0Пакуль у Сянне асвойвалі скандынаўскую хадзьбу, у Багушэўску заўзята круцілі педалі…

Гарпасёлак па праве можна назваць веласіпеднай сталіцай Сенненшчыны. Тут ровары, нібы ў Галандыі, можна ўбачыць паўсюль і ў вялікай колькасці: ля школ, крам, розных устаноў. У месцічаў гэты двухколавы транспартны сродак нездарма карыстаецца попытам. Пасёлак — адзін з буйнейшых у раёне, на тое, каб дабрацца да працы ці вучобы, багушэўцам і жыхарам навакольных вёсак патрабуецца шмат часу. А вось на веласіпедзе адлегласці пераадольваюцца, як кажуць, з вецярком. Ды і па прастаце карыстання з роварам мала што можа параўнацца.

Не дзіва, што менавіта ў Багушэўску задаліся мэтай папулярызацыі веласіпеднага руху ў мэтах прапаганды актыўнага ладу жыцця сярод насельніцтва.

«За здароўем на веласіпедзе» — так называецца праект, які рэалізуе ў гарпасёлку ініцыятыўная група Беларускага Чырвонага Крыжа «БАКС» (абрэвіятура расшыфроўваецца як «Будьте активными, красивыми и сильными»). Суполка была ўтворана ў гэтым годзе на базе трох аддзяленняў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН): сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, дзённага знаходжання для асоб сталага ўзросту, сацыяльнай дапамогі на даму. Узначальваюць яе Галіна Секачова і Галіна Аверчанка. Рухальнікамі праекта з’яўляюцца сацработнікі Алена Кавалькова, Алена Тхорава, Алена Карніцкая, Сяргей Данілюк, інспектар ТЦСАН Валянціна Мяцеліца, спецыяліст па сацрабоце аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Тамара Клыкоўская, урач-тэрапеўт Багушэўскай раённай бальніцы Тамара Крываручка, медсястра Багушэўскай санаторна-аздараўленчай школы-інтэрната Ірына Мыслівец і многія іншыя прадстаўнікі мясцовай грамадскасці.

А нядаўна актывісты «БАКС» запрасілі багушэўцаў на першую веласіпедную прагулку, якая стала цэнтральным этапам агульнапасялковага мерапрыемства, прысвечанага Сусветнаму дню здароўя.

Перад стартам псіхолаг ТЦСАН і актывіст групы Юлія Сліжыкава расказала з дапамогай прэзентацыі пра карысць гэтага віду фізічнай актыўнасці. Інфармацыя стала для велазаўзятараў (а такіх сабралося каля 25 чалавек) добрым стымулам актыўней круціць педалі. Тым, хто прыйшоў без ровараў, прапаноўвалася прайсці маршрут пешшу. Шлях удзельнікаў прагулкі ляжаў па вуліцы Сасновай, якая пралягае праз лесапаркавую зону, таму ў дадатак да рухальнай трэніроўкі прыхільнікі здаровага ладу жыцця змаглі  наталіцца гаючым хваё­вым водарам. На фінішы ўсіх чакала кава-паўза.

Тым часам для вучняў Багушэўскай другой школы ў Доме культуры арганізавалі спартыўна-забаўляльнае мерапрыемства з фальклорным напрамкам. Актывіст групы Паліна Пядачкіна падрыхтавала для дзяцей цэлую праграму з народнымі гульнямі. Сучасныя школьнікі даведаліся, як адпачывалі нашы продкі, і з запалам пазабаўляліся на старажытны лад. Дарэчы, па іх жаданні мерапрыемства паўтарылі ў рамках шостага школьнага дня.

Зараз у распрацоўцы «БАКС» знаходзіцца другі па ліку веламаршрут, які пройдзе за межамі гарпасёлка. А значыць, хутка мясцовых уладальнікаў двухколавых «жалезных коней» зноў запросяць на прагулку. Такім чынам ініцыятары праекта «На веласіпедзе за здароўем» спа­дзяюцца перасадзіць на ровар як мага больш сваіх землякоў.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 На здымку: удзельнікі велапрагулкі.