Майстар-клас па скандынаўскай хадзьбе прайшоў у парку 40-годдзя Перамогі

1=У мінулую суботу ў парку 40-годдзя Перамогі прайшло гарадское свята «Вясёлка здароўя» пад дэвізам «Разам за здароўем» . Фізкультурна-аздараўленчае мерапрыемства, прымеркаванае да Сусветнага дня здароўя, праводзілася раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з ініцыятыўнай групай «Вясёлка» Сенненскага РЦГЭ, якая ўдзельнічае ў рэалізацыі праекта Швейцарскага Чырвонага Крыжа «Далучэнне суполак да прасоўвання здаровага ладу жыцця», накіраванага на ўмацаванне здароўя і змяненне паводзін насельніцтва Беларусі ў бок здаровага ладу жыцця.

Удзел у правядзенні мерапрыемства прынялі таксама раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Алімп» і Сенненская ЦРБ.

IMG_0159

 Жыхары Сянно, якія прыйшлі на свята, атрым­лівалі буклеты-памяткі  ў якіх расказваецца аб пра­вілах здаровага харчавання, прычынах атлусцення і цукровага дыябету,  аб скандынаўскай хадзьбе. Работнікі райбальніцы прапаноўвалі  памераць артэрыяльны ціск, даведацца пра сваю вагу.

З задавальненнем прысутныя, і дзеці ў тым ліку, прынялі ўдзел у танцавальным флэш-мобе «Вясна здароўя». Вядома, далёка не ва ўсіх рухі атрымліваліся такімі  ж дасканалымі, як у кіраўніка клуба «Алімп» Вольгі Вераценнікавай, але ніхто, нават з пажылых удзельнікаў, «не зышоў з дыстанцыі». Разам і пад вясёлую музыку займацца намнога лягчэй і цікавей, чым у адзіночку.

IMG_0158

Жадаючых прайсціся з палкамі было таксама шмат. Усе ўважліва слухалі кожнае слова Вольгі Вераценнікавай, якая давала майстар-клас па скандынаўскай хадзьбе. Многія ўжо раней займаліся гэтай навамоднай «фізкультурай» самастойна. Іншыя ўпершыню ўзялі ў рукі палкі, але нікому не трэба было даказваць карысць ад заняткаў. На майстар-класе і аматары здаровага руху, і яго навічкі ўзялі для сябе шмат новага. Напрыклад, высветлілі, што пачынаць хадзьбу трэба з размінкі, выкарыстоўваючы тыя ж палкі. Старанна «размяўшыся» ўслед за сваім настаўнікам «лыжнікі» рушылі па сенненскіх Сінаях. Дарэчы, для скандынаўскай хадзьбы гарысты тып мясцовасці самы прыдатны.

 Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі БТЧК Святлана Языкова, хутка колькасць незвычайных хадакоў у Сянно павялічыцца. З дапамогай Віцебскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа будуць закуплены палкі. У Мінску на спецыяльных курсах пройдуць падрыхтоўку трэнеры. А жадаючыя абучацца скандынаўскай хадзьбе ўжо ёсць.

2=

 Не сумавалі на свяце і дзеці. Для самых маленькіх былі наладжаны гульні адпаведна ўзросту, напрыклад, імправізаваныя гарадкі. Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі, як і дарослыя, маглі пагуляць у футбол, валейбол, дартс.

IMG_0139

IMG_0145

 Найбольш актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагаро­джаны прызамі.

 «Мы заўсёды гатовы праводзіць падобныя мерапрыемствы, — запэўніла кіраўнік ініцыятыўнай групы «Вясёлка», галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сняжана Мяцеліца. — Няхай сёння не так мнагалюдна, але ж гэта свята, так бы мовіць, пробнае. Тыя, хто прыйшоў цяпер, раскажуць пра свае ўражанні суседзям, сябрам, знаёмым, і ў наступны раз удзельнікаў будзе больш».

Таццяна Буракова.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *