Ва ўмовах жорсткіх рыначных адносін калектыў Сенненскага хлебазавода працуе над павышэннем канкурэнтаздольнасці сваёй прадукцыі

3Ва ўмовах жорсткіх рыначных адносін калектыў Сенненскага хлебазавода працуе над павышэннем канкурэнтаздольнасці сваёй прадукцыі, пашырэннем яе асартыменту.

— Каб рухацца наперад, неабходна не толькі распрацоўваць новыя гатункі хлебабулачных вырабаў, але і ўдасканальваць матэрыяльна-тэхнічную базу, — расказвае начальнік аддзела прамысловасці Сенненскага раённага спажывецкага таварыства Марыя Хвошч. — У студзені бягучага года на прадпрыемстве ўсталявана новая тэрмамасляная хлебапякарная чатырохподавая печ нямецкай вытворчасці. На гэтыя мэты затрачана 2,5 млрд рублёў уласных сродкаў. Дадаткова куплена сістэма водаачысткі.

Мадэрнізацыя вытворчасці дазволіла палепшыць якасць выпускаемай хлебабулачнай прадукцыі, яе спажывецкія ўласцівасці, павялічыць асартымент. Нядаўна на паліцах магазінаў з’явіліся новыя віды хлеба: «Скандынаўскі», «Цвярскі», «Раманаўскі», «Кісла-салодкі», а таксама праснак «Сырны». Новая прадукцыя пакуль выпускаецца ў адносна невялікай колькасці — каля 100 кілаграмаў у суткі, але пры наяўнасці спажывецкага попыту вытворчасць яе будзе павялічана. Боханы новага хлеба вызначаюцца аб’ёмам, доўга захоўваюць сваю свежасць — тэрмін рэалізацыі складае 96 гадзін. Дзякуючы соладу яны маюць своеасаблівы прыемны водар.

Найбольш запамінальным смакам валодае хлеб «Скандынаўскі» з дабаўкай каляндры.

— Паколькі жыцця­дзейнасць прадпрыемства залежыць ад яго эканамічных складнікаў, — адзначае Марыя Мікалаеўна, —  вельмі важна, каб прадукцыя была рэнтабельнай. Таму цесна працуем з эканамістамі, якія робяць разлікі па кожным яе відзе. Не менш важныя для нас і запатрабаванні пакупнікоў. Асартымент абнаўляем згодна  са спажывецкім попытам. Напрыклад, на змену ранейшым  «Крынічнаму», «Залацістаму» прыйшоў да пакупніка хлеб «Пушчанскі», «Пражскі».  Па-ранейшаму выпускаем знаёмыя і  ўпадабаныя спажыўцамі віды хлебабулачных вырабаў. Прадукцыя мясцовай хлебнай вытворчасці натуральная, з абсалютным мінімумам дабавак.

Попытам у насель­ніцтва раёна і за яго межамі карыстаецца хлеб подавы заварны, фармовы, дыетычны, булачныя вырабы. У  вяскоўцаў на «ўра» ідзе чорны хлеб, які ў народзе называюць «кирпичик», а жыхары райцэнтра больш купляюць  подавы. Папулярны ў пакупнікоў дыетычны хлеб «Славянскі» з пшанічным вотруб’ем.

Зараз на прадпрыемстве выпускаецца 30 найменняў хлебабулачных вырабаў. Вытворчы працэс бесперапынны — завод працуе ў тры змены. Сутачны аб’ём прадукцыі дасягае 3,5 тоны. Каб раніцай спажыўцы атрымалі свежую выпечку, асноўная нагрузка кладзецца на начную змену. З 00.00 гадзін і да 8.00 раніцы з печы вымаецца да 2 тон прадукцыі.

Формаў  узаемадзеяння са сваім пакупніком Сенненскі хлебазавод мае нямала, і адна з іх — прэзентацыя прадукцыі. Падобнае мерапрыемства нядаўна прайшло ў магазінах гандлёвай сеткі «Ніка». У выніку былі заключаны дагаворы на рэалізацыю прадукцыі з пяццю прадпрыемствамі Віцебска. Дарэчы, сенненская прадукцыя рэалізуецца ў многіх раёнах вобласці. У 2015 годзе выручка склала 21,3 млрд рублёў, рэнтабельнасць продажу — 14,6%.

Пры заводзе працуе фірменны магазін «Каласок». Праз яго прадаецца да 49,1% хлебабулачных вырабаў. За мінулы год таваразварот гандлёвай кропкі склаў 4,1 млрд рублёў.

Час не стаіць на месцы, ды і сенненскія хлебапёкі не адстаюць. Крочыць у нагу з прагрэсам дапамагаюць і новыя тэхналогіі, і правераныя людзі, такія як майстар змены Ларыса Астроўская, цестамес Наталля Казлоўская і многія іншыя. З асаблівым пачуццём яны адносяцца да традыцый мінулага і разам з тым смела глядзяць у будучыню. Арганічны сінтэз першага і апошняга ляжыць у аснове галоўнага рэцэпта сенненскіх хлебапёкаў. Можа таму нашы батоны і боханы такія духмяныя і прыемныя на смак.

2

Ларыса МУКАМОЛАВА.

НА ЗДЫМКУ:  у магазіне «Каласок»; Наталля Казлоўская і Ларыса Астроўская з новым гатункам хлеба «Кісла-салодкі».

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *