У ААТ «Бяленева» пачалі ворыва

3Грамадскія сельгасарганізацыі прыступілі да вясновага ворыва. Першымі трактары ў поле вывелі механізатары ААТ «Бяленева».

Анатоль Бялкоўскі — спрактыкаваны араты. На ворыве ён працуе, як толькі адтае зямля і да таго часу, пакуль маразы зноў не скуюць яе. Вытворчы занятак мяняецца хіба што на перыяд нарыхтоўкі кармоў, ды і то пакуль вядзецца ўборка траў першага ўкосу.

З восені ў ААТ «Бяленева» засталося неўзаранымі 2600 гектараў. Галоўны аграном акцыянернага таварыства Андрэй Юсікаў у сувязі з гэтым асаблівых праблем не бачыць.

— Чаму не ўзнялі зябліва? Не было за што купіць паліва. Бяда, што яго няма і зараз! Пачынаем працу ў полі на пазычаным, — са скрухай расказвае Андрэй Мікалаевіч.

Тым не менш у сельгасарганізацыі на перыяд правядзення палявых работ распрацаваны план, выпрацавана стратэгія і тактыка. Вызначаны палеткі, дзе магчыма прымяненне мінімальнай апрацоўкі глебы.

— Хоць зараз у поле можа выйсці шэсць энерганасычаных трактароў з плугамі. Як толькі зробім нейкі запас, частка тэхнікі бу­дзе весці іншыя палявыя работы, на ворыве пяройдзем на двухзменны графік працы, — дзеліцца планамі Андрэй Юсікаў.

Механізатары гатовы працаваць у такім напружаным рытме, пацвярджае Анатоль Бялкоўскі. Людзі засумавалі без справы.

А тым часам тэхніка выходзіць на палеткі іншых сельгасарганізацый. Ворыва, іншыя палявыя работы пачаліся ў ААТ «Сінягорскае», «Студзёнка», «Літусава».

НА ЗДЫМКУ: Анатоль Бялкоўскі.

Фота Аляксандра ЛАЗЮКА.