Таксістаў папрасілі трымацца далей ад аўтастанцыі

0019 Сенненцы даўно карыстаюцца пры паездках у Віцебск не толькі паслугамі АТП №20. Непадалёк ад аўтастанцыі звыкла паркуецца транспарт прыватных пасажыраперавозчыкаў. Да нядаўняга часу на многіх з іх не было нават спецыяльных абазначэнняў. Затое іх гаспадары настойліва прапаноўвалі пасажырам свае паслугі.

  -Яны незаконныя, — сцвярджалі прадстаўнікі дзяржаўнага аўтапрадпрыемства, звяртаючыся ў розныя кантралюючыя органы. Супрацоўнікі міліцыі, падатковай інспекцыі ў адказ толькі разводзілі рукамі. Не давала асобых вынікаў і работа транспартнай інспекцыі. Нядаўна яе супрацоўнікі ў чарговы раз правялі пазапланавыя аператыўныя праверкі транспартных сродкаў і вадзіцеляў, якія здзяйсняюць нерэгулярныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў і перавозкі пасажыраў аўтамабілямі таксі. Па словах Канстанціна Роя, інспектара транспартнай інспекцыі па Віцебскай вобласці, сенненскія прыватныя пасажыраперавозчыкі маюць законныя падставы для дзейнасці. У той жа час устаноўлены і парушэнні заканадаўства.

  Таксі павінна мець асобнае месца для пасадкі і высадкі пасажыраў. Да нядаўняга часу ў Сянне яго не было. Зараз рашэннем райвыканкама месцам паркоўкі для таксі стала стаянка непадалёк ад рэстарана. А вось прывакзальная плошча трапіла пад забарону.

 — Мы дамагліся, каб усе аўтамабілі, якія працуюць як таксі, былі расфарбаваны, на іх устаноўлены адпаведныя абазначэнні, — расказаў Канстанцін Рой. – Таксіст павінен размясціць у даступным для вачэй пасажыра месцы інфармацыю пра сябе, тарыфах на праезд і, зразумела, пры пачатку руху ўключаць таксафон.

 У раёне зарэгістраваны таксама прыватныя пасажыраперавозчыкі, якія здзяйсняюць нерэгулярныя рэйсы. У іх рабоце таксама ёсць нюансы. Пры кожнай паездцы, аказваецца, таксама неабходна выканаць шэраг абавязковых працэдур. Па-першае, вадзіцель абавязаны прайсці перадрэйсавы медыцынскі агляд, аўтамабіль мець адзнаку, што ён тэхнічна спраўны. Не ўсё так проста і ва ўзаемаадносінах паміж пасажыраперавозчыкам і пасажырам. Правілы абавязваюць выдаваць не толькі білеты на праезд, але і заключаць нарад-фрахт з кожным пасажырам.

 — Пры яго адсутнасці білет для камандзіраванай асобы не з’яўляецца дакументам, які пацвярджае панесеныя затраты, а ў выпадку ДТЗ пасажыр не зможа прэтэндаваць на страхавыя выплаты, — тлумачыць Канстанцін Рой.

 Той, хто хоць раз карыстаўся паслугамі сенненскіх прыватных пасажыраперавозчыкаў, прачытаўшы нашы нататкі, сам зробіць вывады, наколькі дакладна выконваюцца ўстаноўленыя правілы і вырашыць для сябе, якім пасажырскім транспартам яму карыстацца. Але канкурэнцыя ў сферы пасажыраперавозак пры ўсіх існуючых выдатках, безумоўна, мае больш станоўчых чым адмоўных момантаў. Нават для АТП №20, бо прымушае актывізаваць унутраныя рэзервы, павышаць прывабнасць сваіх паслуг. А яны ў дзяржаўнага прадпрыемства, безумоўна, ёсць: рэгулярнасць рэйсаў, больш высокая камфортнасць. Можна падумаць і аб іншых відах паслуг, аб дадатковых прыпынках у райцэнтры і буйных сельскіх населеных пунктах. Нарэшце, стварыць магчымасць для набыцця білетаў праз інтэрнэт. Такога пасажыра не перахопіць ні адзін таксіст.

І апошняе. Канкурэнцыя мае на ўвазе роўныя і сумленныя ўмовы спаборніцтва. Ва ўсякім разе тыя, што ўстаноўлены дзяржавай. Каб яны выконваліся, трэба сачыць. Самі па сабе правілы не выконваюцца.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.