Пакупнікі ацанілі салёную рыбу мясцовай вытворчасці

1Цэх па засолцы рыбы Сенненскага райспажыўтаварыства ў Багушэўску пачаў працаваць у 2005 годзе.

У невялікім памяшканні пануюць чысціня і парадак. У эмаліраваных ваннах у салёнай вадзе паасобку ляжаць селядцы, кілька, салака — сыравіна нарвежскага і расійскага паходжання. Міні-цэх штомесяц выпускае да 4-х тон прадукцыі, 50% ад якой рэа­лізуецца праз рознічную ганд­лёвую сетку за межамі раёна. Яна карыстаецца попытам у Дуброўне, Талачыне, Бешанковічах, Шаркаўшчыне.

— Увесь працэс выконваецца строга па тэхналогіі, — расказвае  апрацоўшчык  рыбнай  прадукцыі Ніна Клімянок. — З дапамогай  арэометра вызначаецца працэнт утрымання растворанай у ва­дзе солі. Асартымент  налічвае некалькі  найменняў: гатовы прадукт слабасалёнага, сярэднесалёнага і вострага пасолу  (у рэцэптуру апошняга ўвахо­дзяць яшчэ вострыя прыправы — каляндра і лаўровы ліст). Пасля чаго салёная рыба закладваецца ў герметычныя пластыкавыя ёміс­тасці і ўзважваецца.

Ніна Іванаўна адначасова з’яўляецца прыёмшчыкам і здатчыкам рыбнай прадукцыі. Ёй дапамагае прыбіральшчык Аляксандр Гнітаў.

Пакупнікі даўно аца­нілі смак салёнай рыбы мясцовай вытворчасці і мэтанакіравана шукаюць яе на прылаўках магазінаў. Свае дывідэнды мае рай­спажыўтаварыства. Як расказала Ларыса Барсукова,  інжынер-тэхнолаг прад­прыемства,  удзельная вага прадукцыі цэха па засолцы рыбы ў агульным аб’ёме ўсёй сістэмы грамадскага харчавання райспажыўтаварыства складае 20%.

Праўда, пасля наведвання цэха захацелася мець інфармацыю аб ім з незалежных крыніц. Яе мы атрымалі ў РЦГЭ, у галоўнага ўрача Сняжаны Мяцеліцы.

  — Прадукцыя цэха рэгулярна правяраецца па паказчыках бяспекі. Адхіленняў ад нарматываў не выяўлялась.  Тым не менш работу цэха плануецца прыпыніць, бо ў  будынку  адсутнічае вентыляцыя, гарачае в одазабеспячэнне, патрабуецца рамонт памяшканняў. У бліжэйшы час тут чакаецца мадэр­нізацыя, якая прывя­дзе вытворчасць  у адпаведнасць  з  санітарнымі нормамі і палепшыць умовы працы і якасць прадукцыі.

 Ларыса МУКАМОЛАВА.

НА ЗДЫМКУ: Ніна Клімянок і Аляксандр Гнітаў.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *