Сучасны кліент-патрабавальны кліент

3Камбінатам бытавога абслугоўвання насельніцтва сёння прыхо­дзіцца няпроста. КУПБА «Прэстыж» ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі імкнецца задавальняць патрэбы кліентаў, забяспечыць работнікаў працай з дастойным узроўнем аплаты.

Летась вытворчы паказчык па аб’ёме бытавых паслуг насельніцтву выкананы на 108,5%, у тым ліку на сяле — на 100,3%. Памер паслуг у разліку на аднаго жыхара раёна за 2015 год дасягнуў 94758,8 руб. А вясковец атрымаў такіх жа паслуг на суму 87752,7 руб. «Прэстыж» аказвае 11 відаў бытавых паслуг: рамонт абутку, паслугі пральні і цырульні, пашыў і рамонт адзення, рытуальныя паслугі і інш. Для аказання больш шырокага спектра бытавых паслуг заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з ААТ «Аб’­яднанне «Лотас» — на паслугі хімчысткі, Аршанскім філіялам ААТ «Вітрэмбыт» — па рамонце складанай бытавой тэхнікі, па вырабу помнікаў, на фотапаслугі.

У сельскай мясцовасці працуюць 12 комплексных прыёмных пунктаў, работнікі якіх прымаюць заказы ад насельніцтва. Распрацаваны графік выязнога абслугоўвання. Найбольш эфектыўна дзейнічаюць КПП у Ходцах, Полымі, Машканах, Цыпках, дзе працуюць прыёмшчыцамі Лілія Шарэнда, Галіна Гошка, Вольга Бяляева, Святлана Пуцеева.

Прадпрыемства імкнецца абапірацца найперш на патрэбы насельніцтва.

— Сённяшні кліент — гэта патрабавальны кліент. Ён плаціць грошы, а ўзамен хоча атрымаць якасны тавар. Таму варта прыслухоўвацца да яго пажаданняў і працаваць па прынцыпу «кліент заўсёды мае рацыю», — упэўнены дырэктар КУПБА «Прэстыж» Аляксандр Ласянкоў.

Асноўнай крыніцай прыбытку прадпрыемства з’яўляецца выраб спецвопраткі . Яе шыюць для многіх вядучых прадпрыемстваў вобласці — РУП «Віцебск­энерга», ААТ «Віцебск­дрэў», СТАА «Белвест»— а таксама Магілёва і Гродна.

Курс на мадэрнізацыю

КУПБА «Прэстыж» знаходзіць дадатковыя маркетынгавыя хады, каб заставацца на плыву, мець сродкі для далейшага развіцця прадпрыемства. Мэтанакіраваную, планамерную работу ў гэтым накірунку вядуць яго дырэктар Аляксандр Ласянкоў і галоўны інжынер Марыя Балабоўка.

Намаганнямі кіраў­ніцтва на 60% абноўлена швейнае абсталяванне, адрамантаваны памяшканні і заменена абсталяванне ў цырульнях гарпасёлка і райцэнтра. Для развіцця новых відаў паслуг часткова набылі швейнае абсталяванне для трыкатажных вырабаў. Усё гэта стварае спрыяльныя ўмовы для павышэння якасці і нарошчвання аб’ёмаў прадукцыі. Мадэрнізацыя будзе працягнута.

У кіраўніцтва і работнікаў галіны яшчэ шмат задумак. Напрыклад, набыць шматігольную падшывальную машыну, каб у будучым вырабляць прыгожае падшыванае палатно, коўдры, пакрывалы.

Галоўнае багацце прадпрыемства

Зараз у КУПБА «Прэстыж» працуе 96 чалавек. У большасці сваёй гэта адданыя сваёй справе людзі. У працоўных кніжках многіх з іх маецца адзіны запіс — аб працаўладкаванні на камбінат бытавога абслугоўвання.

Усе мы хочам выглядаць прывабна і стыльна. У гэтым сенненцам дапамагаюць цырульнікі. Сапраўднымі майстрамі з’яўляюцца Марыя Грыцкевіч, Святлана Кузмянок, якая ў прафесіі ўжо больш за 40 гадоў. Стаж Жанны Казлоўскай налічвае звыш 20 гадоў. Ёсць і маладая змена. Раіса Аджыбаева і Таццяна Саўлевіч працуюць крыху больш за паўгода, але ўжо займелі сваіх пастаянных кліентаў.

Сапраўднымі прафесіяналамі абутковай справы лічацца Жанна Міхалёнак і Ігар Тарасенка.  Што­дзень яны  прымаюць у рамонт дзясяткі пар абутку.

Поспех у любой справе напрамую залежыць ад таго, наколькі чалавеку падабаецца выбраная прафесія. Так лічыць Наталля Мірановіч, якая каля 20 гадоў працуе закрой­шчы­цай у цэху маспашыву. Жанчына ў лі­ку лепшых работніц калектыву, паспяхова выконвае планавыя паказчыкі.

Пачынала швачкай, а зараз выконвае абавязкі брыгадзіра і закройшчыцы ў швейным атэлье Наталля Новікава. Якасна і хутка робяць сваю работу швачкі Жанна Бяляева, Жанна Вакар, Галіна Саксонава, Вольга Воранава, Аліса Віліева, Алена Сіманенка, Алена Парэпка, Людміла Васілёнак, Люд­міла Лушчынская, Наталля Махоўская. Швачкам Зінаідзе Зімноха, Таццяне Федарчук, Рэгіне Абакумавай, Любові Занько, Ганне Рыбчанка падуладна выкананне любога заказу. Жанчыны валодаюць адметным густам, маюць дызайнерскія здольнасці. Любоў да прафесіі і адданасць свайму калектыву вось ужо 45 гадоў трымаюць на працоўным месцы Таццяну Прыхожую. Самых лепшых слоў падзякі заслугоўваюць майстры швейнай вытворчасці Лілія Вакар, Святлана Лысянкова і Святлана Бяланава.

Генератар цікавых ідэй

КУПБА «Прэстыж» — пастаянны ўдзельнік розных выставаў і кірмашоў. Неаднойчы прымала ўдзел у абласным конкурсе мадэльераў і дызайнераў «Модны сілуэт», на якім сенненцы прадстаўлялі калекцыю адзення з ільну ў стылі «этна».

На прадпрыемстве створаны музей, экспанаты якога адлюстроўваюць гісторыю станаўлення бытавога абслугоўвання ў Багушэўску. Тут сабраны старадаўнія прылады працы, што служылі бытавікам шмат дзесяцігоддзяў назад.

Як расказала старшыня прафкама прадпрыемства Таццяна Віхаць, ініцыятарам і генератарам цікавых ідэй з’яўляецца галоўны інжынер Марыя Балабоўка. Яна заўсёды прыслухоўваецца да меркаванняў сваіх падначаленых. Людзі адзначаюць, што з якім бы пытаннем да яе не прыйшоў, заўсёды дапаможа, ніколі не адмовіць. «Душа прадпрыемства», — так з любоўю гавораць пра Марыю Рамальдаўну ў працоўным калектыве.

— Заахвочваць, аб’ядноўваць, дапамагаць, ставіць задачы і дабівацца іх рэалізацыі, а інакш і нельга, — кажа Марыя Балабоўка. — Ды і як адмовіць, не дапамагчы, калі навокал свае людзі.

І гэта натхняе калектыў на плённую працу на кожным вытворчым участку.

5

6

IMG_4553

Ларыса МУКАМОЛАВА.

Здымкі аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *