Інстытут старэйшын- эфектыўная форма народаўладдзя

IMG_0046У жыцці нашага грамадства ўсё большае значэнне набывае дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага сама­кіравання,  у прыватнасці,  інстытут старэйшын. Старэйшыны сталі незаменнымі памочнікамі сельвыканкамаў у вырашэнні паўсядзённых праблем вясковага насельніцтва.

Пра гэта гаварыў старшыня Нямойтаўскага сельвыканкама Анатоль Бараноўскі на пачатку сходу, дзе падводзіліся вынікі работы ў 2015 годзе старэйшын населеных пунктаў сельсавета. Сваімі старэйшынамі Анатоль Леанідавіч задаволены: яны добра валодаюць сітуа­цыяй на месцах, своечасова рэагуюць на запыты аднавяскоўцаў, інфармуюць пра іх турботы сельвыканкам, з якім падтрымліваюць аператыўную сувязь, што дазваляе хутчэй вырашаць тыя ці іншыя пытанні.  «У некаторых выпадках старэйшыны могуць аказаць сельвыканкаму нават большую дапамогу, чым дэпутаты сельскага Савета. Ім лягчэй дайсці да кожнага вяскоўца, разабрацца ў сутнасці яго праблемы, падказаць шляхі вырашэння, — лічыць старшыня сельвыканкама. — Некаторыя пытанні вырашаюць самі, не звяртаю­чыся ў сельвыканкам. Сімвалічнае грашовае ўзнагаро­джанне за сваю работу яны нярэдка выдаткоўваюць на патрэбы населеных пунктаў, добраўпарадкаванне».

У першую чаргу старэйшыны з’яўляюцца вясковымі ідэолагамі, падкрэсліў Анатоль Бараноўскі. Яны арганізуюць правядзенне дней інфармавання, сходаў, сустрэч з прадстаўнікамі розных ведамстваў і службаў, дэпутатамі, самі прымаюць актыўны ўдзел у гэтых мера­прыемствах. Вялікую інфармацыйна-растлумачальную работу праводзілі старэйшыны населеных пунктаў Нямойтаўскага сельсавета ў перыяд выбарнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Для правядзення грамадска-палітычнай работы з насельніцтвам шырока выкарыстоўваюцца сялянскія сходы. Абавязковым лічыцца правядзенне двух сходаў у год у кожнай вёсцы. «Але іх заўсёды праводзіцца больш, таму што сітуацыі, якія патрабуюць сустрэчы з людзьмі, узнікаюць часцей», — адзначыў старшыня сельвыканкама.

На сходах, як правіла, прысутнічаюць прадстаўнікі сельгас­прадпрыемстваў, дэпутаты сельскага Савета і іншыя адказныя асобы. Такія сходы, на разгляд якіх выносяцца найбольш злабадзённыя пытанні жыцця вяскоўцаў, садзейнічаюць фарміраванню станоўчай грамадскай думкі. Немалаважную ролю ў тым, што ў людзей выпрацоў­ваюцца належныя адносіны да шырокага кола жыццёвых праблем, адыгрываюць старэйшыны, як мудрыя аўтарытэтныя дарадчыкі, якія ў даступнай для вяскоўцаў форме могуць растлумачыць многія пытанні.

Асаблівая роля належыць старэйшынам у рабоце па навядзенні і падтрыманні санітарнага парадку ў населеных пунктах. Многія самі з’яўляюцца прыкладам для пераймання ў справе ўтрымання падворкаў і прыдамавой тэрыторыі, умеюць арганізаваць аднавяскоўцаў для ўдзелу ў суботніках па добраўпарадкаванні. Работа з грамадзянамі па здачы лішкаў малака — таксама адзін з клопатаў старэйшын. Да іх звяртаюцца яшчэ з шэрагам пытанняў: набыццём паліва, рамонтам печаў і іншымі. Асабліва ўважліва яны ставяцца да састарэлых адзінокіх вяскоўцаў, якім ужо не па сілах кудысьці ісці па дапамогу. Старэйшына для такіх людзей памочнік першы і проста незаменны.

Вельмі важны накірунак дзейнасці старэйшын — дапамога інвалідам, сем’ям загінуўшых, удзельнікам вайны. Сумесна з работнікамі сельвыканкама яны абследуюць бытавыя ўмовы пражывання гэтых людзей, калі трэба хадайнічаюць аб аказанні ім матэрыяльнай і шэфскай дапамогі, рэгулярна наведваюць з мэтай выяўлення праблем і патрэб. Шмат працуюць у гэтым напрамку старэйшыны В.Пракаповіч, Л.Мурашэвіч, І.Палінар, зазначыў старшыня сельвыканкама.

Сочаць старэйшыны за якасцю і асартыментам тавараў у мясцовых магазінах, станам пад’язных дарог, вуліц, своечасовым падключэннем вулічнага асвятлення, вывазам смецця. Напрыклад, старэйшына в.Дамашэва А.Конышава па просьбе жыхароў вёскі ініцыіравала падсыпку дарогі да в.Марозаўка. Пастаянную ўвагу стану дарог у в.Чуцькі ўдзяляе В.Жудро.

Старшыня сельвыканкама адзначыў работу старэйшын па развіцці падсобных гаспадарак грамадзян. Яны сочаць за станам пашаў, своечасовым правядзеннем пасяўной і ўборачнай кампаніі на прыватных палетках вяскоўцаў, прадастаўляюць у сельвыканкам спісы на забеспячэнне кармамі падсобных гаспадарак льготнай катэгорыі насельніцтва. У гэтай дзейнасці са станоўчага боку былі адзначаны Т.Конышава, Н.Саўлевіч, Л.Анікіевіч.

І яшчэ адну сферу дзейнасці старэйшын адзначыў Анатоль Бараноўскі: «Яны наводзяць парадак не толькі на вуліцах і дварах, але і ў душах суграмадзян, ствараюць нармальны мікраклімат у месцах пражывання». Гэта значыць, што людзі ідуць да старэйшын не толькі па пытаннях уладкавання быту, але і звяртаюцца з праблемамі маральнага, псіхалагічнага плану, «неблагополучия» ў асабістым, сямейным жыцці. Старэйшыны, прымаючы ўдзел у рэйдах савета грамадскага пункта аховы правапардку, аказваюць дапамогу ў своечасовым выяўленні і пастаноўцы на ўлік неблагана­дзейных сямей, асоб, якія злоўжываюць алкаголем, праводзяць з імі індывідуальную прафілактычную работу, цесна ўзаемадзейнічаюць з участковым інспектарам. Найбольш актыўна ў гэтым плане праяўляюць сябе Г.Конышава, В.Лыскоўская, А.Шмурадка, Н.Губарэнкава.

На сходзе Г.Конышавай і В.Пракаповіч былі ўручаны граматы за актыўную работу, добрасумленнае выкананне абавязкаў. Узнагароджаны граматамі былі таксама В.Лыскоўская і Н.Губарэнкава.

Старшыня сельвыканкама пазнаёміў удзельнікаў сходу з праектам «Павелічэнне працягласці жыцця пажылога насельніцтва Нямойтаўскага сельсавета праз арганізацыю кантролю за станам здароўя, павышэнне інфармаванасці і прафілактыку сардэчна-сасудзістых захворванняў», які выйграў конкурс мясцовых ініцыятыў ЕС-ПРААН. Значная роля ў яго рэалізацыі належыць старэйшынам.

З інфармацыяй аб правілах прадастаўлення зямельных участкаў выступіла вядучы спецыяліст землеўпарадкавальнай службы Сенненскага райвыканкама К.Міхалінская. У рабоце сходу прынялі ўдзел начальнік Сенненскага РАНС падпалкоўнік унутранай службы А.Грынжэўскі і ўчастковы інспектар Сенненскага РАУС Д.Глухароў,  якія праінфармавалі па пытаннях, звязаных са сферай іх службы.

На сходзе былі вызначаны задачы, якія старэйшыны будуць вырашаць у працэсе сваёй дзейнасці ў бягучым годзе.

Таццяна Буракова.

На здымку: А. Бараноўскі ўручае Г. Конышавай грамату.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *