Аналіз глыбокі і ўсебаковы

senno_7Такім бачыцца галоўны інструментарый работнікаў райвыканкама. Ім павінны валодаць усе, хто працуе ў органах улады.

Адной з галоўных тэм, якія абмяркоўваліся на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама, стала бяспека дзяцей. Што зусім зразумела — вось-вось пачнуцца вясновыя канікулы, а лёд, вельмі нетрывалы, усё яшчэ трымаецца на азёрах. Васілій Чараднік запатрабаваў у сувязі з гэтым не толькі ўзмацніць рэйдавыя мерапрыемствы з удзелам супрацоўнікаў РАНС, РАУС, АСВОДа, але і кантроль у школах. «Кожны пропуск заняткаў павінен стаць падставай для неадкладнага высвятлення, чаму дзіця не з’я­вілася ў клас, дзе яно знахо­дзіцца», — падкрэсліў ён.

Зрэшты, такая работа ў школах праводзіцца. У суботу намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна і супрацоўнікі раённага аддзела адукацыі правялі маніторынг занятасці дзяцей у суботу. Вывад — у сельскіх школах не дапрацоўваюць у гэтым напрамку. Чаго, напрыклад, не скажаш пра Машчонскую школу. Праўда, старшыня райвыканкама звярнуў на іншую праблему — частка вучняў названай установы адукацыі прыязджае на заняткі грамадскім транспартам. Без суправаджэння дарослых, дабіраюцца нават малодшыя школьнікі.

Рэйдавыя мерапрыемствы рэгулярна праводзіць і міліцыя. На мінулым тыдні ў начны час на рабочым месцы не было вартаўніка на ферме «Камуна» УП «Дружбінец», без нагляду кідаюць на аб’ектах тэхніку меліяратары.

— Падобным фактам трэба даваць прынцыповую ацэнку, улічваць пры размеркаванні стымулюючых выплат для кіраўнікоў, — падкрэсліў Васілій Чараднік. — Інакш эфект ад гэтых рэйдаў будзе нулявы.

Большасць унутрыраённых дарог — гравійныя. Іх стан у вясновы перыяд рэзка пагаршаецца. Аднак прычына гэтага не толькі ў пары года, надвор’і. Дарогі, што вядуць да аддаленых вёсак, даглядаюцца дрэнна. А значыць ускладняецца работа аўталавак, паштовых машын, машын хуткай дапамогі. Жыццё людзей у аддаленых вёсках павінна знаходзіцца на пастаянным кантролі сельвыканкамаў, падкрэсліў Васілій Чараднік.

Аналізуючы работу АПК, абслугоўваючай, гандлёвай сферы, слухаючы справаздачы адказных за іх работу  супрацоўнікаў  райвыканкама, кіраўнік раёна быў кан­крэтны ў сваіх ацэнках і вывадах.

— Мы  павінны  разумець прычыны як росту вытворчых і эканамічных паказчыкаў, так і негатыўных тэндэнцый. Збор інфармацыі — гэта толькі першачарговы этап аналітычнай работы, якой павінны займацца як аддзелы, так і кожны работнік райвыканкама.

 Аляксандр ІЎЕЎ.