Саманарыхтоўкай… у разы танней

Сенненскі раён — сельскагаспадарчы. У апошні час і прамысловыя прадпрыемствы, што маюць жыллёвы фонд, і сістэма  ЖКГ з мэтай патаннення гігакалорыі ўсё больш прыбягаюць да выкарыстання мясцовых відаў паліва, у прыватнасці, дроў, тарфяных брыкетаў і кускавога торфу. Мясцовыя віды паліва —  гэта яшчэ і палітычнае пытанне, бо іх шырокае выкарыстанне дае магчымасць рэспубліцы менш залежаць ад замежных энерганосьбітаў, а значыць, быць больш самастойнай у правядзенні ўнутранай і  знешняй палітыкі. Пытанне дроў  вельмі важнае і  для Сенненшчыны. Аб гэтым наш карэспандэнт і вядзе гутарку са старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.М.Вілюгам.

 —  У раёне існуе філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Ві­цебскаблпаліва». Як яно спраўляецца са сваімі задачамі?

 —  Ведаеце, сёння няпростая эканамічная сітуацыя, і  сказаць, што тое ці іншае прадпрыемства на сто працэнтаў выканала свае задачы перад грамадствам, наўрад ці ўдасца, —  кажа Міхаіл  Мікалаевіч, —  у сілу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын. Таму ацэнку я б даў наступную: работа Сенненскага філіяла АУП «Віцебскаблпаліва» жадае быць лепшай. Сёння філіял дапускае значнае адставанне ад графіка завозу дроў для льготнай катэгорыі грамадзян. Праўда, не выканала графік пастаўкі яму дроў і дзяржаўная  лесагаспадарчая ўстанова «Багушэўскі лясгас».

  Аднак, я паўтаруся, што  АУП  «Віцебскаблпаліва» забяспечвае дровамі ў асноўным ільготнікаў: састарэлых і адзінока пражываючых грамадзян, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, пенсіянераў, інвалідаў і г.д.

  І колькі каштуе гэта задавальненне?

 —  Даволі дорага. Асабліва для малазабяспечаных людзей. Не кожны сёння можа адным махам выкласці з кішэні 220-300 тысяч рублёў за 4,5 м куб. драўніны, іншы раз не лепшай пароды. Сюды ўваходзяць кошт саміх дроў, дастаўка ў залежнасці ад віду транспарта і адлегласці, распілоўка.

 —  Як зрабіць паліва больш танным?

 — Людзі чамусьці не ведаюць, што саманарыхтоўкай сёння можна ствараць зімовы запас дроў. І кошт дроў на карані вельмі танны: 200 рублёў за метр кубічны, г.зн. 10 кубікаў можна выпісаць за 2 тыс. рублёў. І схема  гэта ёсць і працуе не першы год. Справа ў тым, што нямоглы чалавек сам у лес не пойдзе, а той, у каго ёсць дзеці, родзічы, сваякі, упаўне можа скарыстацца падобнай магчымасцю.

 —  Як трэба паступаць у гэтым выпадку?

 —  Грамадзянін, які жадае нарыхтаваць дровы саманарыхтоўкай, звяртаецца ў бліжэйшае лясніцтва. Ляснічы абавязаны праз лесніка або майстра зрабіць адвод участка, выпісаць ордэр, даць тэрмін нарыхтоўкі. Абавязковая  ўмова не свавольнічаць самастойна, высечку весці не там, дзе душа пажадае, а там, дзе вызначыць лесагаспадарчая арганізацыя. Гэта могуць быць кусты ці нейкія зараснікі побач з ляснымі масівамі, прыдарожныя палосы, купкі хмызняку сярод  палёў і г.д.

 Адвесці ўчастак для саманарыхтоўкі абавязаны леснікі. Іншая справа, што яны па нейкай суб’ектыўнай прычыне могуць адмовіцца: у план не ідзе, часу няма… У такіх выпадках грамадзяне павінны паставіць у вядомасць сельскі выканаўчы камітэт, вышэйстаячую лесагаспадарчую арганізацыю, старэйшыну, нарэшце, і пытанне будзе вырашана станоўча. Для гэтага не абавязкова турбаваць старшыню райвыканкама, пісаць у аблвыканкам, тым больш, у Адміністрацыю Прэзідэнта.

 Прыняць лесасеку —  таксама справа работніка лясніцтва.

 —  Жыву, скажам, у Івонях Студзёнкаўскага сельсавета, а дзялянку для саманарыхтоўкі выдзелілі каля Сянно.  Ці вартая будзе аўчынка ырабу?

 —  Ведаеце, лясны масіў для саманарыхтоўкі дроў не заўсёды можна «прыцягнуць» да кожнага населенага пункта, тым больш, да кожнага жадаючага. У любым выпадку пры вырашэнні праблемы лясніцтвы імкнуцца знайсці лесасеку там, каб гэта задавальняла кліента. Нават пры такім раскладзе паліва ўсё роўна будзе таннейшым, хаця транспарціроўка і нарыхтоўка дабавяць выдаткаў.

 Могуць аказаць дапамогу, за пэўную плату, безумоўна,  Багушэўскія лясгас і леспрамгас. У іх ёсць адходы вытворчасці, адходы ад нарыхтоўкі дзелавой драўніны, драўніна, здабытая пры распрацоўцы буралому, ад догляду лесафонду і г.д. Нарэшце, 5300 гектараў кустоўя, што будзе высякацца па праграме «Чыстыя палі», павінны задаволіць патрэбу ў мясцовым паліве.

 Жывем сярод лесу, таму без  дроў не застанемся, і зімой у кажуху сядзець на печы не давядзецца. Толькі трэба загадзя паклапаціцца і самому, патурбаваць тую ці іншую арганізацыю: за вашы грошы —  любы капрыз.

 Са старшынёй райсавета Міхаілам Вілюгам гутарыў Міхаіл Бялоў.