Рэйды выявілі адсутнасць флікераў у пешаходаў і асвятлення на вуліцах

Як паказвае статыстыка, значная колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў адбываецца ў цёмны час сутак. У сувязі з гэтым супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі штодня праводзяць рэйды па выяўленні пешаходаў,  якія не абазначылі сябе святлоадбівальнымі элементамі. У адной з такіх праверак разам з начальнікам аддзялення ДАІ РАУС Віктарам Наваковічам і старшым дзяржаўтаінспектарам Дзянісам Аляксеенкам прыняла ўдзел  і супрацоўніца раённай газеты.

 Адпаведна правілаў дарожнага руху,  у цёмны час сутак ці пры недастатковай бачнасці,  незалежна ад асвятлення дарогі, кожны пешаход,  які выходзіць на праезную частку,  абавязаны абазначыць сябе  святлоадбівальнымі элементамі. З яўным парушэннем гэтага пункта ПДР удзельнікі рэйду сутыкнуліся на ўчастку дарогі Сянно — Будзішча.  Вучня 6 класа другой сенненскай школы і яго старэйшага таварыша мы ледзь заўважылі. Рухаўся па вуліцы Машэрава ў цемры без флікера і мужчына. На ўчастку дарогі Сянно — Ходцы без святлоадбівальных элементаў сустрэлі жывёлавода СВК «Сінягорскае»,  вартаўніка СВК «Белая Ліпа». Адсутнасць флікера пешаходы патлумачылі забыўчывасцю. Аднак з тым, што парушылі Правілы дарожнага руху, пагадзіліся. Усе яны будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а прызнанне віны паслужыць змякчаючай абставінай.

 У цяперашні час няма ніякіх праблем з набыццём святлоадбівальных элементаў. У гандлёвых крамах раёна ў наяўнасці іх  вялікая разнастайнасць. Флікеры маюць выгляд спецыяльных значкоў, падвесак, стужак, нарукаўных павязак і г.д.

 Нягледзячы на ўсе прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне бяспекі пешаходаў, людзі працягваюць парушаць правілы дарожнага руху,  з’яўляючыся на праезнай частцы ў цёмны час сутак без святлоадбівальніка. Так, за 9 месяцаў бягучага года за гэта парушэнне прыцягнуты да адказнасці 176 чалавек. Гэта яшчэ раз паказвае нашу абыякавасць да ўласнага жыцця. Кожны, хто рухаецца па дарозе, павінен асабіста клапаціцца пра сваю бяспеку. Падчас рэйда ў чарговы раз былі выяўлены і недахопы па электразабеспячэнні ў г.Сянно. Не асвятляліся вуліцы Мічурына, Кастрычніцкая, Авіяцыйная, Заслонава, Віцебская, Машэрава.

 Па словах начальніка аддзялення ДАІ Віктара Наваковіча, прадпісанні адпаведным службам былі дасланы. Аднак святла як не было, так і няма. Над вырашэннем такіх негатыўных фактаў варта працаваць, бо нормы вулічнага асвятлення зацверджаны сацыяльнымі стандартамі. Будзе светла на вуліцах, будзе менш ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў.

Ларыса Мукамолава.