Культурны патэнцыял Сенненшчыны

smУ 2016-м, які аб’яўлены Годам культуры, да гэтай галіны будзе прыцягнута асаблівая ўвага грамадскасці і дзяржавы. Да таго ж, сёлета пачынаецца рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі», разлічанай на 2016 — 2020 гады. А для сенненскіх культработнікаў, як і для работнікаў іншых галін народнай гаспадаркі раёна, бягучы год будзе адметны яшчэ падрыхтоўкай і правядзеннем абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі — 2016», які пройдзе ў Сянно.

З якімі вынікамі ўстановы культуры раёна сустрэлі 2016 год, пра планы далейшай работы чытачам «Голасу Сенненшчыны» расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканкама Сяргей МЯЦЕЛІЦА.

— Сяргей Сцяпанавіч, чым адметны быў для работнікаў культуры мінулы год?

— У першую чаргу тым, што ў гэтым годзе мы святкавалі такую знакавую дату, як 70-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Ва ўсіх раённых мерапрыемствах, прысвечаных гэтай даце, прымалі ўдзел работнікі галіны. Як і ў выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Не стаялі ў баку культработнікі і ад мера­прыемстваў, якія праходзілі ў рамках Года моладзі.

У зоне ўвагі знахо­дзіліся таксама пытанні эканамічнага развіцця галіны, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, развіцця прафесійнай і народнай творчасці.

— Вядома, дзейнасць любой галіны, у тым ліку і культуры, залежыць ад кадравага патэнцыялу, ад прафесіяналізму работнікаў…

— У мінулым годзе ў 46 установах культуры працавала 199 чалавек, з іх 140 кіраўнікоў і спецыялістаў: 55 — з вышэйшай адукацыяй (34 з профіль­най), 71 — з сярэдняй спецыяльнай (62 з профільнай). Частка культработнікаў павышае свой прафесійны ўзровень: 10 чалавек вучацца завочна, 2 паступілі на дзённыя аддзяленні сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Летась у галіну прыйшло працаваць 3 маладых спецыяліста, яшчэ дзесяць уключаны ў заяўку на 2016 год.

— Немалаважную ролю ў рабоце ўстаноў культуры адыгрывае і наяўнасць добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Што зроблена ў гэтым накірунку?

— На ўмацаванне матэрыяльнай базы накіравана 128,5 млн рублёў фінансавых сродкаў, выдзеленых у тым ліку праз Дзяржаўныя праграмы. У мінулым годзе набыты сцэнічны навес, 2 камп’ютары, электрычная муфельная печ для Дома рамёстваў, адрамантавана гукаўзмацняльная апаратура для Нямойтаўскага СДК, Багушэўскага ГДК, Рыбненскага, Багданаўскага сельскіх клубаў, раённага цэнтра культуры.

Для развіцця выкарыстоўваюцца не толькі дзяржаўныя сродкі, але і грошы, заробленыя ўстановамі культуры. За 2015 год ад пазабюджэтнай дзейнасці атрымана 622,1 млн рублёў (112,8 % да ўзроўню 2014). На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і пакрыццё бюджэтных выдаткаў з гэтых сродкаў накіравана 544 млн. План па пазабюджэтных даходах на 2016 год складае 752,1 млн рублёў.

Платных паслуг насельніцтву за мінулы год аказана на суму 726,8 млн. На 185% выкананы план па платных паслугах Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеем, на 115% — Домам рамёстваў, на 114% — Сенненскай ДШМ. Выканалі таксама план Багушэўская і Машканская ДШМ, Багушэўскі ГДК, цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Першамайскі сельскі клуб.

У 2016 годзе трэба прыкласці ўсе намаганні для выканання плана платных паслуг, што дазволіць больш эканомна і эфектыўна  выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі.

— Якімі мінулагоднімі дасягненнямі можа ганарыцца культура раёна?

— Прэміяй Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджана па выніках года ў намінацыі «Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў» дырэктар Сенненскага Дома рамёстваў Вольга Квашко. На другім адкрытым абласным свяце-конкурсе традыцыйнага касцюма «Сцяжкі майстэрства», які прайшоў у г.Сянно, наш Дом рамёстваў заняў другое месца па выніках навукова-практычнай канферэнцыі з удзелам дэлегацый з іншых абласцей рэспублікі і г.Смаленска.

На адкрытым фестывалі-конкурсе фартэпіяннай музыкі «Музычныя іскрынкі» ў г.Клецк вызначыліся вучні Сенненскай ДШМ: Іван Квашко атрымаў дыплом Гран-пры, Марыя Кузьмініч стала дыпламантам конкурсу. Лаўрэатам адкрытага форуму-фестывалю «Музычная капель», які праходзіў у г.Барань, стаў ансамбль скрыпачоў «Гармонія». Вучаніцы Багушэўскай ДШМ Марыя Сімакова і Ульяна Лысенка сталі лаўрэатамі 3 ступені адкрытага конкурсу духавых і ўдарных інструментаў «Залаты Арфей» у г.Орша.

— Сяргей Сцяпанавіч, падзяліцеся, калі ласка, планамі работы галіны на бягучы год. 

— У 2016 годзе ў рамках падрыхтоўкі да абласных «Дажынак» будуць праведзены рэканструкцыя раённага Цэнтра культуры, мадэрнізацыя будынка гісторыка-краязнаўчага музея, капітальны рамонт Сенненскай ДШМ, мадэрнізацыя і рамонт раённай бібліятэкі.

Кожная ўстанова культуры раёна намеціла свае планы на бягучы год. Калектыў музея, напрыклад, распачне работу па стварэнні экспазіцыі «Гісторыя Сенненшчыны», раздзелаў «Знакамітыя землякі» і «Ідзе вайна народная». Музейшчыкі працягнуць занясенне музейных прадметаў у электронны каталог. Сумесна з Домам рамёстваў будуць працаваць над тым, каб увесці ў правядзенне вясельнага абраду традыцыйныя элементы (кераміка, касцюм, пояс), прадаваць сувенірную прадукцыю.

Работа бібліятэк раёна ў 2016 годзе будзе накіравана на выкананне даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб накіраванні на камплектаванне бібліятэчных фондаў 15% сродкаў ад агульнай сумы на ўтрыманне біб­ліятэк». Будуць праводзіцца мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю нацыянальнай культуры, літаратуры і мастацтва ў рамках Года культуры, прысвечаныя юбілеям І.Шамякіна, М.Багдановіча, выданне зборніка вершаў «Сенненшчына сінявокая» і іншыя.

У 2016 го­дзе дзейнасць Дома рамёстваў бу­дзе накіравана на далейшае развіццё традыцыйных рамёстваў, у прыватнасці, на адра­джэнне старажытнай тэхнікі роспісу «набіванка», рэканструкцыю сенненскага зімовага жаночага касцюма, выраб сувенірнай прадукцыі (сувенір-абярэг «Матрона», сувенір «Сеня Сенненскі», керамічныя медалькі з лагатыпам «Дажынак»)  да абласнога фестывалю і 75-годдзя танкавай бітвы пад Сянно.

Творчыя калектывы дзіцячых школ мастацтваў будуць рыхтаваць праграму, з якой выступяць на канцэрт­ных пляцоўках «Дажынак». У Багушэўскай ДШМ будзе весціся мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы вакальнага ансамбля «Ліра» да прысваення звання «народны». У Сенненскім цэнтры культуры да прысваення такога ж звання будуць рыхтаваць аркестр духавых інструментаў. Мастацкія калектывы раёна прымуць удзел у рэспубліканскім конкурсе творчых калектываў і выканаўцаў Рэспублікі Беларусь, занальны тур якога адбудзецца ў сакавіку.

Сяргей Сцяпанавіч, у нашай гутарцы мы не закранулі канкрэтныя мерапрыемствы, у падрыхтоўцы і правя­дзенні якіх прымалі ўдзел работнікі культуры раёна. Многія з гэтых мерапрыемстваў, такія як адкрыццё памятнага знака «Родны край», прэзентацыя кнігі «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі» маладога сенненскага краязнаўцы Аляксандра Бараноўскага, святы, прысвечанае 135-годдзю г.п.Багушэўск, і «ВІА «Судьба» — 35 гадоў на сцэне», урачыстае мерапрыемства да 50-годдзя Сенненскай ДШМ і іншыя, добра запомніліся сенненцам, сваіх чытачоў з імі знаёміла і раённая газета.

Плёну і поспехаў у далейшай дзейнасці ўсім работнікам галіны культуры і паспяховага выканання творчых планаў.

 Гутарыла Таццяна Буракова.