Впервые замужем в 78 лет. На Сенненщине зарегистрировали необычный брак

       свадьба

               Напэўна, няма такой жанчыны якая б не марыла пра вялікае каханне. Вось толькі сустрэць яго шанцуе далёка не кожнай. І ўсё ж нам верыцца, што яно існуе. Менавіта таму свайго ідэальнага выбранніка мы гатовы шукаць не адно дзесяцігоддзе.

Нявеста, як належна, у белым, і жаніх у бліскучых штыблетах, хваляванні, першы пацалунак… Здаецца, усе звыклыя атрыбуты сучаснага шлюбнага абраду. Незвычайны толькі ўзрост маладых. Ёй — 78, а яму — 64. І для абодвух — шлюб першы ў іх доўгім жыцці.

Незвычайная гісторыя кахання, якая адбылася ў Багданаўскім аддзяленні штодзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту, — лепшае пацвярджэнне вядомага грэчаскага міфа пра дзве палавінкі. Памятаеце? Некалі яны складалі адну істоту, а потым па волі багоў былі падзелены, і з тых часоў шукаюць адна адну, каб зноў зліцца ў цэлае.

Іх палавінкі сустрэліся паўтара года назад. У сацыяльную ўстанову Ларысу Грушэўскую і Міхаіла Дунца прывяла адзінота.

Усё свядомае жыццё яны працавалі: Ларыса Іванаўна шчыравала на швачнай фабрыцы ў Светлагорску, што ў Гомельскай вобласці. Будучы на пенсіі, перабралася да сваякоў на Сенненшчыну. Яе абранніка лёс у маладосці закінуў ажно на знакамітую БАМаўскую будоўлю, якая вабіла да сябе моладзь з усяго Савецкага Саюза. Але нават і там не знайшлося той адзінай і непаўторнай, якая б скарыла сэрца сенненца. Пасля вяртання ў родную вёску Сычыкі Ходцаўскага сельсавета Міхаіл Трафімавіч да самай пенсіі працаваў жывёлаводам у мясцовым калгасе. У сталым узросце прыйшла яшчэ адна бяда — згарэў уласны дом. Застаўшыся без жылля, інвалід ІІ групы Міхаіл Дунец палічыў за лепшае пераехаць у Багданаўскае аддзяленне, дзе жыве ўжо чатыры гады.

Тут яны знайшлі не толькі клопат. Куды важнейшай за бытавыя выгоды для сталага чалавека з’яўляецца наяўнасць субяседніка, з кім можна проста пагаварыць за жыццё.

Заўважылі адно аднаго ў першыя дні знаёмства, а пасля сумеснага знаходжання ў віцебскім цэнтры рэабілітацыі інвалідаў па зроку яны ўжо не расставаліся.

Псіхолагі сцвярджаюць, што на збліжэнне жанчыны і мужчыны нямала ўплываюць агульныя інтарэсы. Такім аб’яднальным фактарам для Ларысы Іванаўны і Міхаіла Трафімавіча стала песня. Яны цудоўна спяваюць. У сацыяльнай установе іх вакальнаму таленту знайшлі прымяненне — абое пастаянныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Вось і на вяселлі «маладыя» дуэтам выканалі беларускую песню «Зорачка мая».

свадьба +

З нагоды іх шлюбу ў аддзяленні наладзілі сапраўднае свята. Насельнікі ўстановы нават загарадзілі новаспечаным сужэнцам імправізаваную дарогу. Але самым хвалюючым момантам стала, безумоўна, цырымонія рэгістрацыі. У прысутнасці родных, супрацоўнікаў аддзялення і прадстаўніка сельсавета яны пацвердзілі свае намеры подпісамі ў кнізе рэгістрацыі актаў аб заключэнні шлюбу. У аддзяленні «маладой» сям’і выдзелілі асобны пакой. Сёння Ларыса Іванаўна і Міхаіл Трафімавіч шкадуюць толькі аб адным, што позна рашыліся аформіць адносіны. Кажуць, баяліся прызнацца самім сабе, блізкім у пачуццях. Але невыпадкова сцвярджае народная мудрасць — каханню ўсе ўзросты падуладны.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.