И в праздник она на работе

зоо

             У СУП «Саўгас імя Машэрава» ёсць спецыялісты, якія за дзясяткі гадоў сталі неад’емнай часткай калектыву. Патрыётам сваёй справы можна назваць і галоўнага заатэхніка Тамару Замасціновіч.

— Я марыла стаць … настаўніцай, — расказвае  жанчына. — Але потым усё перайначылася. Маці працавала на ферме цялятніцай, а я ёй дапамагала. Так і вырашыла паспрабаваць сябе ў прэстыжнай на той час галіне — сельскагаспадарчай.

Тамара Іванаўна родам з Талачынскага раёна. Пасля заканчэння Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума па размеркаванні трапіла ў Сенненскі раён. Уладкавалася галоўным заатэхнікам у калгас імя Леніна (цяпер ААТ «Пурплева»).

— Пачынаць было цяжка, — прызнаецца яна. — Іншы час мільгала думка, што не спраўлюся.  Я заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю Зінаіду Карпаўну Кучынскую, якая кіравала заатэхнічнай службай раёна  і заўсёды дапамагала парадамі, падтрымлівала добрым словам, дзялілася прафесійным вопытам.

Машканы сталі для Тамары Замасціновіч другой радзімай. Тут яна пражыла і адпрацавала 29 гадоў: шчыравала заатэх­нікам на свінакомплексе, заатэхнікам-селекцыянерам.

Увесь гэты час жывёлагадоўля ў СУП «Саўгас імя Машэрава» пад яе пільным наглядам працуе дакладна, як гадзіннік.

Дабіцца паступальнага развіцця  жывёлагадоўлі — задача не кожнаму па сіле. Але, калі ёсць жаданне, веды, адданасць выбранай прафесіі і непамерная жыццёвая энергія, тады, як кажуць, можна і горы звярнуць. І Тамара Замасціновіч спраўлялася. Яна мэтанакіраваная і настойлівая. Менавіта такія  рысы характару дапамагаюць маёй гераіне ў яе  прафесіі і на пасадзе.

— У сельгаспрадпрыемства  12  жывёлагадоўчых ферм, 7 з іх — малочнатаварныя, — тлумачыць галоўны заатэхнік. —  Уся­го налічваецца 3400 галоў буйной рагатай жывёлы. Час такі, што даводзіцца па-новаму арганізоўваць работу. На змену старым тэхналогіям прыйшлі больш сучасныя, палепшыліся ўмовы працы. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова наведаць вытворчыя аб’екты сельгасарганізацыі. Цяпер на ферме ўсё аўтаматызавана: кармленне, гноевыдаленне, даільныя залы, — адзначае Тамара Іванаўна. — Жывёла знаходзіцца на беспрывязным утрыманні. Ад нас патрабуюцца ўвага, акуратнасць, дакладнае выкананне тэхналогіі.

Па выніках мінулага года ў сярэднім ад каровы ў гаспадарцы надаілі 4913 кілаграмаў малака. У лідарах — МТФ «Масоры»: 5500 кілаграмаў.

Паводле меркавання Тамары Замасціновіч, пос­пех у любой справе залежыць ад людзей, іх старання і прафесійнага майстэрства. Надзейнымі памочнікамі галоўнага заатэхніка з’яўляюцца брыгадзіры жывёлагадоўлі Алеся Загорская, Наталля Сочнева, Ніна Піпчанка. Заўсёды з душой адносяцца да выканання даручанай справы, пастаянна дабіваюцца добрых вытворчых паказчыкаў аператары машыннага даення Марыя Грыбкова, Лідзія Шалуха і многія іншыя. Павелічэнне вытворчасці малака — дзейс­ны сродак умацавання эканомікі сельгасарганізацыі, забеспячэння фінансавай стабільнасці і, адпаведна, павышэння матэрыяльнага дабрабыту  работнікаў.

Іншы чалавек, як мне падаецца, на месцы маёй гераіні даўно б задумаўся пра адпачынак, спакой. А Тамара Іванаўна, калі прыйшоў час ісці на пенсію, доўга сядзець дома не змагла, вярнулася на працу.  Пад’ёмы а пятай га­дзіне раніцы, вяртанні дадому зацемна… І так з дня ў дзень. І нават 8 сакавіка не стане выключэннем у яе працоўным графіку. Кожны дзень, і ў святы, і ў будні, працуе малочны канвеер, у якім не  можа быць перабояў.

Ларыса  МУКАМОЛАВА.