Тэмпы выканання не ўраджваюць

Адбылося выязное пасяджэнне членаў раённага выканаўчага камітэта ў аграгарадку Какоўчына. Удзел у абмеркаванні пытанняў прынялі начальнікі аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі і ідэолагі ўстаноў, прадпрыемстваў, сельгасарганізацый, старшыні пассельвыканкамаў.

 Пра вынікі работы народнагаспадарчага комплексу і выкананне бюджэту за студзень-верасень 2010 года дакладвала начальнік аддзела эканомікі Л.Ц. Сцепаненка.

 За справаздачны перыяд у раёне з 13 асноўных забяспечваецца выкананне толькі 3 прагнозных паказчыкаў. Гэта імпарт тавараў, паслуг і будаўніцтва. Выкананне пяцігадовага плана не забяспечваецца па прамысловай прадукцыі, інвестыцыях у асноўны капітал і валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Аднак, разам з тым, дынаміка эканамічнага росту ў галінах народнай гаспадаркі захавалася. Не дапушчана зніжэння да адпаведнага перыяду мінулага года па 10 паказчыках з 13 (акрамя вытворчасці валавой прадукцыі, экспарту тавараў і інвестыцый бязведамаснайпадпарадкаванасці).

 Крытыкавалася работа прадпрыемстваў, устаноў, сельгасарганізацый па аказанні платных паслуг насельніцтву. Сярод такіх: райбальніца, аддзел культуры райвыканкама, два льнозаводы, КУПБА «Прэстыж», СВК «Белая Ліпа», «Ульянавічы» і многія іншыя.

 Не дасягнуты запланаваныя паказчыкі па заработнай плаце. Пакуль яна складае  ў  сярэднім за 8 месяцаў толькі 292 долары ЗША.

 Старшыня райвыканкама выслухаў тлумачэнні большасці кіраўнікоў, на прадпрыемствах якіх не складваецца выкананне запланаваных паказчыкаў.

 Да 1 снежня гэтага года ім неабходна прыняць вычарпальныя дадатковыя меры па выкананні прагнозных заданняў. Пры неабходнасці  — правесці дэталёвы расклад магчымасцей і рэзерваў павышэння заработнай платы. Эдуард Мікалаевіч забараніў зніжаць колькасць работнікаў, а таксама патрабаваў забеспячэння зніжэння пратэрмінаванай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасцяў. Абазначыў шэраг пытанняў і па рабоце Сенненскага райспажыўтаварыства.

 Кіраўнікам арганізацый яшчэ неабходна ўдасканальваць  падбор, размеркаванне і ўзгадненне ідэалагічных кадраў. Пры гэтым неабходна ўлічваць іх дзелавыя і асабістыя якасці, адукацыю, узрост, разуменне асноў унутранай і знешней палітыкі дзяржавы. Магчыма, сёння ёсць неабходнасць на кожным прадпрыемстве выдаткаваць асобную штатную адзінку ідэолага. Толькі пры мэтанакіраванай, самастойнай  рабоце можна дасягнуць эфектыўнага выканання асноўных функцый ідэалогіі.

 *   *   *

 З пытаннем «Аб ходзе выканання дзяржаўнай праграмы аб безбар’ерным асяроддзі жыццезабеспячэння фізічна аслабленых асоб на 2007-2010 гг» прысутных. пазнаёміў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама В.І. Васілёнак. Аб утварэнні ўчасткаў для галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дакладвала намеснік старшыні райвыканкама З.С. Фаміна.

 Пасля абмеркавання пытанняў удзельнікі пасяджэння наведалі шэраг аб’ектаў аграгарадка. Работнікі аграпрамысловага комплексу пабывалі на МТФ «Кулікі», мехдвары СВК «Ясная зара».  усе астатнія ўдзельнікі пасяджэння на чале са старшынёй райвыканкама наведалі мясцовыя сярэднюю школу, кацельню, аб’екты гандлю, жылфонду  

Вольга Цапота.