Не замерзнем сярод балот і лясоў.
У Сянно і Сенненскім раёне ўсё яшчэ даволі шмат уладальнікаў прыватных хат, якія маюць патрэбу ў паліве. Найчасцей у якасці яго выкарыстоўваюцца дровы і торфабрыкет.
Дровы насельніцтва можа набыць у трох дзяржаўных арганізацыях. Галоўным пастаўшчыком іх усё ж трэба прызнаць Сенненскі філіял АУП «Віцебскаблпаліва». За 9 месяцаў бягучага года прадпрыемства забяспечыла дровамі 630 чалавек. Праўда, чарга на паліва па стану на 1 кастрычніка складалася з 375 чалавек. Сенненскі філіял унітарнага прадпрыемства мае магчымасць прадаваць насельніцтву і торфабрыкет. Яго, згодна з заяўкай, да канца года прадпрыемствы-вытворцы паставяць яшчэ 1260 тон.
Цана на паліва фіксаваная рашэннем Віцебскага аблвыканкама № 386 ад 28.05.2010 г. і складае 24 тысячы рублёў за адзін кубічны метр дроў. Акрамя таго, асобна трэба плаціць за дастаўку паліва (ад 3280 да 5820 рублёў за адзін кіламетр, у залежнасці ад віду транспарта), пагрузку. Пры жаданні кліента дровы могуць папілаваць і, нават, пакалоць.
Больш танна дровы можна набыць у Багушэўскім лясгасе. Маючы на ўвазе, што яго лясніцтвы раскіданы па ўсім раёне, можна думаць, што разлічваць на гэты варыянт набыцця дроў лепш жыхарам раёна. Да таго ж адпускная цана на паліва ў лясгасе прыкметна таннейшая — ад 15 да 11 тыс. рублёў за кубаметр у залежнасці ад пароды дрэваў, з якіх нарыхтавана паліва, і памеру дроў. Плата за транспартныя паслугі складае 30040 за гадзіну выкарыстання трактара. Па нашай інфармацыі, чаргі на набыццё паліва ў лясгасе няма.
А самы танны спосаб набыцця дроў у лясгасе — саманарыхтоўка. Праўда, пад сілу ён далёка не кожнаму спажыўцу паліва і патрабуе шматлікіх намаганняў па арганізацыі работ у лесе, вольнага часу і сіл не аднаго чалавека. Да таго ж, спатрэбяцца адпаведныя прылады працы.
Дровы насельніцтву прадае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Борнас». Кошт аднаго кубаметра з улікам дастаўкі складае 45 тысяч рублёў. Можна набыць паліва таксама ў Багушэўскім леспрамгасе. За перыяд са студзеня па верасень рабочым і пенсіянерам прадпрыемства адпушчана 114 кубаметраў дроў, насельніцтву — 103.
У апошнія гады на рынку паліва з’явіўся кускавы торф. Спецыялісты энергетычнай сферы адзначаюць меншую ў параўнанні з торфабрыкетам залістасць, больш высокі каэфіцыент цеплааддачы. Яго рэалізоўвае РУП «Віцебскаблгаз» праз свае філіялы ў Шуміліне і Докшыцах.
Аляксандр Лазюк.