Мясцовых нявест навучаць рыхтаваць пасаг

костюм

Збіраецеся  замуж?  Тады  вам  у  раённы  Дом  рамёстваў за  адмысловай  вясельнай  сукенкай.

У гэтыя дні ва ўстанове  культуры ідзе набор у дзіцячыя і дарослыя групы для заняткаў па адраджэнні нацыянальнага касцюма сенненскага строю.

— Мы гатовы прымаць людзей самага рознага ўзросту, але найперш разлічваем убачыць у якасці нашых вучняў і памочнікаў моладзь, — кажа дырэктар Дома рамёстваў Вольга Квашко, — бо каму, як не падрастаючаму пакаленню важна перадаць веды па нацыянальнай культуры. Толькі так можна захаваць сябе як народ, як нацыю. А менавіта праз касцюм і перадаецца адчуванне сувязі з каранямі, традыцыямі.

Наведвальнікаў заняткаў (нават тых, хто іголку ніколі ў руках не трымаў) абяцаюць навучыць ткацтву, вышыўцы, вязанню кручком, пляценню паясоў. У праграме таксама майстар-класы, семінары, тэматычныя мерапрыемствы па народным мастацтве і абрадах.

Дзяліцца сакрэтамі майстэрства будуць лепшыя ў вобласці знаўцы народнага касцюма: Вольга Квашко, Іна Стычынская, Тамара Кучынская — і ўсе трое — супрацоўнікі Сенненскага дома рамёстваў.

На сённяшні дзень для правядзення заняткаў абуладкаваны пакой-майстэрня з сапраўдным ткацкім станком.

Такім чынам Дом рамёстваў запрашае сенненцаў далучыцца да маштабнага праекту па адраджэнні рэгіянальнага строю, які рэалізуецца ўстановай у Год культуры.

Летась ідэя сенненскіх  майстроў перамагла ў конкурсе мясцовых ініцыятыў, у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што рэалізуецца Праграмай развіцця ААН пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза. Усяго ў конкурсе было прадстаўлена 722 праекты. Пераможцамі сталі толькі 87 праектаў, 16 з якіх прадстаўлялі Віцеб­шчыну. Наш раён у гэтым спісе адметны, бо адразу два праекты з Сенненшчыны атрымалі падтрымку з боку ПРААН.

— Выбар ткацтва як асноўнага напрамка не быў спантанным. Работа па даследаванні і адра­джэнні народнага касцюма нашай мясцовасці ў Доме рамёстваў вялася на працягу 20 апошніх гадоў, — расказвае Вольга Квашко. — За гэты час назбіралася ўнікальная калекцыя аўтэнтычных прадметаў з гардэробу старажытных сенненцаў, дзякуючы чаму сёння можна з упэўненасцю казаць, што сенненскі строй існуе.

 Вольга Яўгенаўна праводзіць далонню па выцвілых ад часу (а многім знаходкам больш за стагоддзе) льняных саматканых ручніках ды кашулях. Дзіўна, але арнамент на іх ніколькі не страціў сваёй квяцістасці.

— Для сенненскага строю характэрна чатырохколернасць, — працягвае знаёміць з адметнасцямі рэгіянальнага ткацтва мая суразмоўца. — Таму, калі бачыце на тканіне прысутнасць жоўтага, чорнага, чырвонага і сіняга колераў, можна ўпэўнена сцвярджаць, што рэч мае непасрэднае  дачыненне да Сенненшчыны.

А вось яшчэ адзін незвычайны факт: чатырма колерамі ўпрыгожвалася пераважна мужчынскае адзенне. І наадварот, жаночыя ўборы былі больш стрыманымі, вышыўка на іх прадстаўлена выключна двума колерамі — чырвоным і чорным. Чаму так, дакладна невядома.
У калекцыі Дома рамёстваў нямала знаходак, гісторыю якіх яшчэ трэба разгадаць. Вядома, што нацыянальны касцюм — гэта не проста адзежа. Кожны яго элемент, закавычка арнаменту, колер, крой маюць сваё адмысловае значэнне. Гэта жыццёвы код, які на многія пакаленні наперад зашыфравалі нашы продкі. Так, вышываючы для сябе і свайго абранніка вясельныя ўборы, беларуская нявеста ўкладвала ў іх свае спадзяванні на шчаслівы лёс. Невыпадкова, адзенне, зараджанае пазітыўнай, жыццесцвярджальнай энергіяй, станавілася сямейным абярэгам.

Адказваючы на пытанне наконт чаканняў ад праекта і заняткаў, у прыватнасці, Вольга Квашко па­дзялілася сваім патаемным:

 — Я мару ўбачыць, як сенненскія жаніхі і нявесты будуць спраўляць шлюбны абрад у нацыянальных строях. А мы ім у гэтым дапаможам.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

Фота А. Карбоўскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *