Фізік з душою творцы

Што фізіка і лірыка — рэчы цалкам сумяшчальныя, даказаў яшчэ найвялікшы фізік чалавецтва Альберт Эйнштэйн. Стваральнік тэорыі адноснасці захапляўся музыкай, прынамсі, выдатна валодаў скрыпкай. Дзякуючы чаму, адным ён быў вядомы як  вучоны, а іншым — выключна як віртуозны музыкант.

 Свая тэорыя адноснасці ёсць і ў Аляксандры Мі­хайлаўны Краўчанкі, былой настаўніцы фізікі і астраноміі СШ №2 г.Сянно. 35 гадоў  яна адкрывала хлопчыкам і дзяўчынкам сутнасць фізічных законаў і таямніцы зорнага неба. Але мала хто з іх ведаў пра іншую натуру сваёй настаўніцы — натуру майстра, мастака, творцы. Выстава «Свет маіх захапленняў», якая днямі прэзентавалася ў раённым краязнаўчым музеі, прадставіла ўсю палітру яе талентаў.

  Цалкам аддацца любімаму захапленню — вышыўцы — Аляксандра Міхайлаўна змагла толькі на пенсіі, калі з’явілася шмат вольнага часу. З 2001 года яна з’яўляецца членам раённага клуба народных майстроў «Натхненне». Менавіта з таго часуАляксандра Краўчанка — пастаянная ўдзельніца ўсіх выстаў і конкурсаў, што арганізуюцца для народных майстроў. У пачатку гэтага года ў Ві­цебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці праходзіла выстава сенненскага Дома рамёстваў і клуба «Натхненне», ганаровае месца на ёй займалі работы Аляксандры Міхайлаўны. Летась на абласным фестывалі нацыянальных культур у Міёрах яна прадстаўляла ўкраінскую дыяспару.

 Напэўна, вышыванне — гэта самае ўкраінскае з усіх відаў народных рамёстваў. Бо нідзе не знойдзеш такіх насычаных колераў, яркіх фарбаў, шыкоўных узораў, як ва ўкраінскіх вышыванках! Мастацтвам вышыўкі па майстэрску  павінна бы­ла валодаць літаральна кожная ўкраінка. Ура­джэн­ка старажытнай Чар­нігаўшчыны, Аляксандра Краўчанка таксама вышывала з маленства. Дапамагала бабулі, Праскоўі Рыгораўне, і маці, Веры Віктараўне, ткаць посцілкі, упрыгожваць ручнікі і навалачкі вышыванымі ўзорамі. «Я — не прафесіянал у вышыўцы, а аматарка, навучаная маці і бабуляй», — кажа сама прасябе майстрыха.

  На Сенненшчыну Аляксандра Міхайлаўна трапіла па размеркаванні на працу, пасля заканчэння факультэта матэматыкі Чарнігаўскага педагагічнага інстытута. Але родная зямля па-ранейшаму дае ёй натхненне. Наведваючыся штогод на радзіму, яна сустракаецца з мясцовымі майстрамі, каб  павучыцца . Яе работамі аформлены кабінет украінскага быту ў школе, дзе працуе родная сястра, між іншым, настаўніца ўкраінскай мовы і літаратуры.

  Украінскі куток займае цэнтральнае месца і на персанальнай выставе ў музеі. У экспазіцыі прадстаўлены саматканыя посцілкі, ручнікі, народны касцюм, зробленыя рукамі Аляксандры Міхайлаўны, а таксама яе бабуляй і маці.  Шэра-белае льняное палатно, на якім расцвітаюць дзівосныя арнаменты, — цяжка паверыць, што гэта справа  пяшчотных  жаночых  рук, у дапамогу якім былі толькікросны ды нітка з іголкай. Майстрыха беражліва  захоўвае   гэтую вышываную спадчыну. І перадае сакрэты майстэрства нашчадкам. Аляксандра Мі­хайлаўна — бабуля ўдвайне. Унукі, Улад і Стас, сур’ёзна займаюцца спортам. Першы —  бальнымі танцамі, другі —  валейболам. Але  калі яны абодва прыязджаюць да бабулі, няма для іх нічога лепшага, чым узяць ніткі і іголкі і бачыць, як з-пад пальцаў нараджаецца карціна. Ужо стварылася пэўная калекцыя хлапчуковых твораў.

 Наведвальнікі прэзентацыі ў захапленні спыняліся перад вышываным дываном, упрыгожаным шыкоўнымі кветкамі, узорамі ды лебедзямі . Гэты шэдэўр народнага мастацтва Аляксандра Краўчанка вышыла разам з маці 13 гадоў таму. Асновай дывана сталі мяхі з-пад цукру, а ніткі майстрыхі бралі, распорваючы старыя рэчы!

  Іконы сталі яшчэ адной любімай тэмай у яе творчасці. Сёння ў калекцыі налічваецца 20 выяў святых, Маці Божай і Ісуса Хрыста. Большасць з ікон можна ўбачыць у выставачнай зале. Многія аздоблены вышываныміручнікамі з карункамі, таксама  аўтарства  Аляксандры Краўчанкі.

 Якая жанчына не любіць кветкі?! Вышываныя крас­кі Аляксандры Міхайлаўны ніколі не завянуць. Нядаўна майстрыха асвоіла яшчэ адзін тып вышывання пад назвай «французскі вузельчык», або «ракако». Спосаб гэты працаёмкі, але вышытыя ім карціны глядзяцца аб’ёмна, а таму ствараецца ўпэўненасць, што кветкі сапраўдныя, толькі змешчаныя пад шкло.

 На імпрэзе было нямала і жывых кветак. Іх мастачцы дарылі калегі па «Натхненню», Дому рамёстваў, былыя вучні. Музычны падарунак прыпаднеслі ўдзельніцы вакальнай групы раённага хору ветэранаў. Дарэчы, Аляксандра Міхайлаўна нядаўна прыйшла ў гэты самадзейны калектыў. Такім чынам, стаўшы не толькі народным майстрам, але і спявачкай.

  Быццам стройныя дакладныя формулы, кладуцца на тканіну каляровыя ніткі. Шывок за шыўком, згодна адвечных законаў майстэрства, нараджаецца твор. На гэтым шляху майстра чакае шмат эксперыментаў, народная творчасць жа не мае межаў! З’явіцца прафесіяналізм, але аснова  —  народная культура —  застанецца назаўсёды, надаючы яе творам непаўторны каларыт. Вось такая фізіка!

Вольга Бандарэвіч.

 P.S. Пазнаёміцца з работамі Аляксандры Краўчанкі можна на працягу месяца. Выстава ў раённым краязнаўчым музеі будзе працаваць да 15 лістапада.