Уроженка Сенненщины — в сотне лучших тружеников Витебской области

42

Па слаўнай традыцыі, якая атрымала свой зачын у 2009 го­дзе, у першых  ліч­бах лютага на Віцебшчыне ўшаноўваюць прад­­стаўнікоў самых розных сфер дзейнасці, чые прафесійныя дасягненні і актыўная пазіцыя заслужылі прызнанне ў грамадстве. У пятніцу ў канцэртнай зале «Віцебск» адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі «Чалавек года Віцебшчыны». Лаўрэатамі яе сёлета сталі 100 чалавек, якія былі абраны ў 20 намінацыях. Сярод іх і прадстаўніца Сенненскага раёна. Ганаровае зван­не прысуджана старшыні Ходцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Вользе Шчарбаковай.

На маштабнае мерапрыемства, дзе віталі лепшых з лепшых, намінанта ад Сенненшчыны суправа­джала дэлегацыя ад раёна, у склад якой уваходзілі старшыня раённага Савета дэпутатаў  Міхаіл Вілюга, намеснікі старшыні райвыканкама Леанід Хірэвіч і Зоя Фаміна, кіраўнікі раённых прадпрыемстваў і арга­нізацый.

Святочная атмасфера ў канцэртнай зале «Віцебск» адчувалася літаральна з парога. Ганаровая варта, музыка, у фае сваю прадукцыю на выставе-дэгустацыі прадставілі вядомыя брэнды Прыдзвіння.

У ліку ганаровых гасцей на мерапрыемстве прысутнічалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк, а таксама дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У зале сабраліся лепшыя прадстаўнікі прамысловасці, аграпрамысловага і будаўнічага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, работнікі сістэмы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, праваахоўных органаў, прадстаўнікі навукі, культуры і спорту, якім па выніках працы за 2015 год рашэннем абласнога выканаўчага камітэта ад 27 студзеня 2016 года №38 прысвоена званне «Чалавек года Віцебшчыны».

Звяртаючыся да віноўнікаў урачыстаці і ўсіх  прысутных з прамовай, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарстнёў адзначыў: «За кожным дасягненнем у вобласці стаяць людзі, якія сваёй працай ствараюць гісторыю рэ­гіёна. Лаўрэатаў прэміі «Чалавек года Віцебшчыны» адрозніваюць уменне мысліць наватарскі, спалучаць вопыт і майстэрства, пастаяннае  ўдасканаленне ў прафесіі».

Па  яго словах, з кожным годам усё цяжэй вызначаць лепшых з лепшых. І гэта яркае сведчанне таго, што ў рэгіёне працуе шмат моцных, дасведчаных спецыялістаў. Мікалай Шарстнёў упэўнены ў тым, што Віцебшчына валодае найбольшым патэнцыялам і найбольшымі рэзервамі для стабілізацыі эканомікі.

Кіраўнік вобласці спыніўся на выніках дзейнасці народна-гаспадарчага комплексу рэгіёна за мінулы год і акрэсліў надзённыя задачы на бягучы: «У 2015 годзе вобласцю выканана заданне ўрада па будаўніцтве жылля, экспарце тавараў на новыя рынкі. Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах склаў 110,6% да ўзроўню 2014 года. У вобласці створана больш за 150 новых арганізацый і вытворчасцей. Летась арганізацыямі атрымана больш 2-х трыльёнаў чыстага прыбытку. Наша прадукцыя экспартуецца  ў 70 краін свету.

Асноўнымі задачамі для прамысловага комплексу з’яўляюцца павелічэнне выпуску якаснай і канкурэнтнай прадукцыі, загрузка маючыхся магутнасцей, зніжэння выдаткаў, асваенне новых відаў прадукцыі, укараненне перадавых тэхналогій».

У бягучым годзе ў вобласці належыць увесці ў строй не менш 200 новых прадпрыемстваў. Рашыць гэтую задачу, па словах старшыні аблвыканкама, трэба за кошт малога і сярэдняга бізнесу. У кожным раёне, горадзе павінен быць сфарміраваны пакет прапаноў па эфектыўным развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці. Зацверджана праграма па стварэнні невялікіх прыватных прадпрыемстваў.

Яшчэ адзін рэзервовы складнік развіцця Віцебшчыны ў 2016 годзе — гэта наро­шчванне патэнцыялу аграпрамысловага комплексу. Летась аграрыі вобласці сабралі рэкордна высокі ўраджай — 1 мільён 372 тысячы тон зерня.

Упершыню сярэдняя ўра­джайнасць у вобласці дасягнула 36,6 цэнтнера з гектара. Задача на сёлетняе жніво — не менш за 40 цэнтнераў з га. І падставы для гэтага ёсць. Пяць раёнаў — Верхнядзвінскі, Дубровенскі, Аршанскі, Пастаўскі, Бешанковіцкі — выйшлі на такую ўраджайнасць ужо летась.

Мікалай Шарстнёў падкрэсліў, што ў бліжэйшых прыярытэтах стаіць выхад аграпрамысловага комплексу на самаакупнасць.

2016-ы абвешчаны Годам культуры. Асаблівая ўвага, падкрэсліў старшыня аблвыканкама, будзе надавацца культуры працы і культуры вытворчасці. На Віцебшчыне бягучы год абяцае быць насычаным. Адразу некалькі вядучых культурных устаноў вобласці святкуюць юбілеі: 90-годдзе Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа, 65–годдзе цэнтра культуры “Віцебск”, 50-годдзе  абласнога музея імя М.Шмырова, 30-годдзе беларускага тэатра “Лялька”, 25-годдзе музея Марка Шагала і міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Старшыня аблвыканкама выканаў пачэсную місію ўзнагароджання. Прадстаўніца Сенненшчыны адзначана медалём у намінацыі «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» за актыўную грамадскую дзейнасць і значны ўклад у вырашэнні сацыяльна значных пытанняў насельніцтва. На пасадзе старшыні Ходцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Вольга Міхайлаўна працуе звыш 7 гадоў. А ў 2011 годзе па яе ініцыятыве ў сельсавеце была створана ініцыятыўная група «Молады душой»  Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, якая аб’яднала ў сваіх радах актыўных вяскоўцаў.

Спецыяльны прыз для лаўрэатаў прэміі «Чалавек года Віцебшчыны» падрыхтавала і «Белавія». Яго ўладальнік вызначыўся ў латарэі. Ім стаў Сяргей Ціханаў, участковы інспектар Віцебскага РАУС. Авіякампанія падаравала «Лепшаму ўчастковаму Беларусі» сертыфікат на пералёт у любую краіну, куды лятаюць самалёты «Белавіі».

Падарункам для ўсіх прысутных стаў святочны канцэрт з удзелам вядучых калектываў вобласці, а таксама зоркі беларускай эстрады Сашы Нэма. Відовішч­ным нумарам праграмы стала дэфіле народных касцюмаў рэгіёнаў вобласці. Сенненскі строй, выкананы майстрамі раённага Дома рамёстваў, прэзентавалі вучні СШ №2 г.Сянно Дар”я Цімашэнка і Андрэй Токач.

Вольга БАНДАРЭВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *