Міністр гандлю Уладзімір Калтовіч правёў асабісты прыём жыхароў Сенненскага раёна

 e47acea2be0f45070159dd49208babd6Міністр гандлю Уладзімір Калтовіч правёў асабісты прыём жыхароў Сенненскага раёна. Магчымасцю выказаць заўвагі па арганізацыі гандлёвага абслугоўвання ў рэгіёне скарысталіся 2 чалавекі.

Уладзімір Васілёнак, жыхар Сянна, у час размовы, удзел у якой прымалі Алег Мацкевіч, намеснік старшыні аблвыканкама; Ірына Ляўковіч, начальнік упраўлення гандлю і паслуг абласнога  выканкама; Сяргей Галынчык, намеснік старшыні райвыканкама; Алег Цяцюеў, кіраўнік справамі райвыканкама; Аляксандр Пуцята, старшыня праўлення райспажыўтаварыства, адразу заўважыў: «Я прыйшоў данесці некаторыя свае асабістыя меркаванні».

З пункту гледжання Уладзіміра Васілёнка ў райцэнтры ў вячэрні час няма дзе адпачыць. Усе ўстановы грамадскага харчавання разлічаны на адзін і той жа кантынгент. А вось наведвальнікі, што хацелі б правесці час за кубкам гарбаты ці кавы ў абслугоўваючага персаналу не выклікаюць ніякага інтарэсу. Нават ва ўстанове з назвай «Кафейня».

— А быў жа час, калі ў гэтым памяшканні працаваў бар, стаяў більярдны стол, — настальгічна ўспамінаў Уладзімір Васілёнак.

У іншых прысутных, праўда, узнікалі іншыя асацыяцыі пры ўпамінанні слоў «бар», «більярдная»: п’яныя людзі, бойкі, інтэр’ер блізкі да сталоўкі 50-60 гадоў мінулага стагоддзя. Пасля рамонту і рэканструкцыі, праведзеных райспажыўтаварыствам, установы грамадскага харчавання не толькі змянілі назву, але і імідж. Што засталося нязменным, дык гэта высокія цэны (зрэшты, яны фарміруюцца ў адпаведнасці з устаноўленымі нарматывамі). І сучасныя, і ранейшыя ўстановы грамадскага харчавання яднаюць нізкая культура абслугоўвання. А галоўнае, адсутнасць нейкай прадуманай палітыкі па прыцягненні наведвальнікаў. Наў­рад ці павялічыцца іх колькасць, калі ў выхадны дзень у кафейні, у іншых установах   устанаўліваюцца «комплексы». У выніку ўстановы грамадскага харчавання застаюцца стратнымі, яны не сталі месцам масавага адпачынку. І не толькі ў Сянне.

 — Падобная сітуацыя характэрна для большасці райцэнтраў, — не хаваў Уладзімір Калтовіч.

Пошукамі выйсця з гэтай сітуацыі займаюцца спецыялісты не толькі Міністэрства гандлю. Разглядаюцца прапановы па лібералізацыі санітарных нормаў. У час абмеркавання ўзнятай Уладзі­мірам Васілёнкам праблемы прагучала яшчэ адна важная думка — каб павысіць цікавасць насельніцтва да ўстаноў грамадскага харчавання, мала толькі знізіць цэны на паслугі. Кафейні і іншыя падобныя ўстановы павінны стаць месцам зносін людзей, клубамі па інтарэсах. А значыць трэба прыцягваць намаганні іншых зацікаўленых бакоў: грамадскіх аб’яднанняў, устаноў культуры.

Не адназначнай падалася і прапанова Уладзіміра Васілёнка арганізаваць у райцэнтры дзейнасць гандлёвай сеткі «Еўраопт». На яго думку ў раёне не хапае здаровай канкурэнцыі, што правакуе райспажыўтаварыства на ўстанаўленне максімальных гандлёвых надбавак.

— Аналіз сведчыць, што ў тых рэгіёнах вобласці (Браслаў, Глыбокае), дзе пачаў працу Еўраопт, райспажыўтаварыствы не вытрымліваюць канкурэнцыю. Але што рабіць з абслугоўваннем вёсак? Прыватная гандлёвая сетка аўталаўку туды не пашле, — выказаўся Алег Мацкевіч.

Задача ўлады якраз у тым, каб збалансаваць інтарэсы ўсіх груп насельніцтва. Што дасягнуць гэтага не проста, пацвердзіў візіт Аляксандра Прусава,старэйшыны пасёлка Дружба, дзе год таму быў закрыты магазін. Цяпер насельніцтва абслугоўваецца з дапамогай аўталаўкі. Асаблівых прэтэнзій гэта не выклікала. Хіба што людзі хацелі б, каб аўталаўка прыязджала ў пасёлак раніцай, калі асартымент тавараў у ёй больш шырокі.

Усе звароты да Міністра ўзяты на ўлік. Па кожным з іх заяўнікі атрымаюць афіцыйныя тлумачэнні.

 Наш кар.