21 студзеня ў нашай краіне адзначаецца Адзіны дзень здароўя

 Áîëüíèöà21 студзеня ў нашай краіне адзначаецца Адзіны дзень здароўя.

 — Ад якіх хвароб трэба засцерагацца ў зімовы перыяд? — пацікавіліся мы ў Сняжаны Мяцеліца, галоўнага ўрача Сенненскага РЦГЭ.

 — Вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып — зімой найбольш небяспечныя для чалавека. Менавіта яны складаюць 95% усіх інфекцыйных захворванняў у свеце. Штогод на іх хварэюць  да 500 млн людзей, з якіх  2 млн — паміраюць. Эпідэмія грыпа звычайна ўзнікае ў халодную пару года і ахоплівае да 15 % насельніцтва планеты.

 — Людзі, далёкія ад медыцыны, не зусім уяўляюць, што такое прастуда, грып, вострыя рэспіраторныя інфекцыі.

 — Прастуда — гэта не хвароба, а рэзкае ахала­джэнне цела, якое спрыяе ўзнікненню захворвання. Прастуда часта правакуе грып, які з’яўляецца разнавіднасцю рэспіраторнага інфекцыйнага захворвання. Узбу­джальнікам яго з’яўляюцца вірусы некалькіх тыпаў — А, В, С.

 Вострае рэспіраторнае захворванне, інакш — вост­рая рэспіраторная інфекцыя ахоплівае вялікую колькасць захворванняў, якія маюць падобную з грыпам клінічную карціну. Але выклікаюць іх  абсалютна іншыя вірусы.

 — Чаму трэба баяцца грыпу?

 — Грып небяспечны сваімі наступствамі, якія праяўляюцца ў выглядзе бранхітаў, пнеўманій, паражэння сардэчнай мышцы і г.д., а таксама абвастрэннем наяўных хранічных захворванняў. Для сталых людзей, лю­дзей з аслабленай імуннай сістэмай, дзяцей грып асабліва небяспечны і, бывае, прыводзіць да смерці.

 — Як адбываецца заражэнне віруснымі захворваннямі?

 — Трапляючы на слізістую абалонку верхніх дыхальных шляхоў вірус укараняецца ў іх эпітэльныя клеткі, трапляе ў кроў і выклікае інтаксікацыю.

 — Хто з’яўляецца распаўсюджвальнікам інфекцыі?

 — Трэба баяцца хворых людзей. Заражэнне грыпам адбываецца пры чыханні, кашлі, вірусы перадаюцца праз посуд, сродкі асабістай гігіены. Менавіта таму медыкі рэкамендуюць ізаляваць хворых.

 — Як звычайна праяўляецца грып?

 — У тыповых выпадках хвароба пачынаецца раптоўна з павышэння тэмпературы цела да 38-40о, з’яўляецца моцны галаўны боль, галавакружэнне. Боль адчуваецца нават у мышцах, вачах.

 — У чалавека з’явіліся першыя сімптомы захворвання на грып. Што рабіць? Бегчы ў аптэку за медыкаментамі, у паліклініку да ўрача?

 — Ніякага самалячэння! Спачатку — да доктара, атрымаўшы прызначэнне — за медыкаментамі. Пераносіць хваробу «на нагах», значыць спрыяць распаўсюдж­ванню інфекцыі, шкодзіць уласнаму здароўю. Пры грыпе абавязкова трэба захоўваць пасцельны рэжым і дакладна выконваць рэкамендацыі медыкаў.

 Я ўжо казала, што грып небяспечны ўскладненнямі. А яшчэ трэба помніць — развіццё захворвання непрадказальнае. Таму хворы павінен знаходзіцца пад пастаянным наглядам урача.

 Пры самалячэнні нярэдка выкарыстоўваюць антыбіётыкі, што не заўжды апраўдана. Да таго ж яны могуць выклікаць алергічную рэакцыю, садзейнічаць пераходу захворвання ў хранічную форму, дызбактэрыёзу, фармаванню ўстойлівых форм бактэрый.

 — Грып вельмі хутка распаўсюджваецца. Як трэба весці сябе людзям у перыяд распаўсюджвання інфекцыі?

 — Калі сярод вашых родных, блізкіх, сяброў, калег па працы з’явіліся хворыя, строга выконвайце правілы асабістай  гігіены, бо інфекцыя лёгка перадаецца праз гразныя рукі. Падлічана, што рукі да 300 разоў у дзень кантактуюць з выдзяленнямі з носа, вачэй, слінай. Хворы чалавек пакідае іх  разам з бактэрыямі на дзвярных ручках, вопратцы, іншых прадметах. Гэта яшчэ адзін шлях распаўсюджвання грыпу. Таму трэба рэгулярна мыць рукі, на перыяд інфекцый пазбягаць нават поціску рук і карыстацца ватна-марлевымі маскамі. Не забывайце праветрываць памяшканні, часцей бывайце на свежым паветры, спажывайце больш прадуктаў харчавання з высокім утрыманнем вітаміна С: квашаную капусту, журавіны, лімоны, іншыя цытрусавыя. Умацуюць імунітэт, хутчэй дапамогуць выздаравець часнок  і цыбуля. Рэкамендуецца прымаць вітамінна-мінеральныя комплексы. Гэта узмацніць ахоўныя сілы арганізма, асабліва калі загадзя не зроблена прышчэпка ад грыпу.

Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.

     А тым часам у сродках масавай інфармацыі Ра­сійскай Федэрацыі і Украіны, на інтэрнэт-рэсурсах ужо стала з’яўляцца інфармацыя аб захворванні на свіны грып ва Украіне. Паведамляецца аб лятальных зыходах, выкліканых бурным развіццём пнеўманіі.