Каму вы гатовы сказаць «Дзякуй!»

20120111-104747-231 Навагоднія і калядныя святы — гэта не толькі час для загадвання новых жаданняў, складання планаў на будучыню, час надзей і мараў, але і нагода ўспомніць усе тое добрае, што было ў мінулым годзе. Тым больш, што для гэтага ёсць цудоўная падстава.11 студзеня па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Сусветны дзень «дзякуй».

 Гэта слова мы вымаўляем дзясяткі разоў на працягу дня і нярэдка аўтаматычна. Між тым, псіхолагі ўпэўненыя, што словы падзякі ўяўляюць сабой своеасаблівыя «вусныя пагладжванні», здольныя абагрэць і супакоіць, асабліва, калі яны падмацоўваюцца шчырымі станоўчымі эмоцыямі.

 У гэты дзень прынята дарыць паштоўкі са словамі падзякі. А мы, у сваю чаргу, вырашылі спытаць у сенненцаў, каму і за што яны ўдзячны.

Валянціна Латышава, аг. Сінягорскае:

— Цудоўнае свята! Асабіста я хачу выказаць шчырую падзяку калектыву дзіцячага садка №1 г.Сянно «Сонейка» за тыя клопаты і любоў, якія яны праяўляюць у адносінах да нашых дзетак. Маёй унучачцы не было і двух гадкоў, калі яна пайшла ў гэтую дашкольную ўстанову. З першага ж дня садок стаў для яе ўтульным родным домам.

Юлія Крыўчанка, г. Сянно:

— Самыя галоўныя словы падзякі прызначаюцца маёй любай матулі, Веры Андрэеўне Мяркулавай. Я вельмі ўдзячна ёй за  дабрыню і падтрымку ва ўсіх маіх пачынаннях. Карыстаючыся момантам, хачу пажадаць сваёй мамачцы здароўя, любові, доўгіх гадоў жыцця. Такой маці я імкнуся быць і для сваіх дзетак — Ганначкі і Давіда, якія, я спадзяюся, працягнуць маю творчасць.

Алена СТУК, в. Канстантова:

— Як загадчыца Канстантоўскага сельскага клуба хачу падзякаваць сваім адданым памочніцам, удзель­ніцам вакальнай групы, якой я кірую, у прыватнасці, Ганне Якаўлеўне Валуевай, Надзеі Уладзіміраўне Стрыжнёвай, Раісе Уладзіміраўне Новікавай. Яны з’яўляюцца сапраўдным стрыжнем і надзейнай апорай самадзейнага калектыву. Дзякуй ім за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні  мерапрыемстваў, а таксама за цудоўны настрой, які яны дораць сваімі выступленнямі.

Надзея Валадкевіч, г. Сянно:

— У гэтыя калядныя днi я з удзячнасцю ўспамінаю мінулы год, тыя прыемныя эмоцыі, уражанні, падзеі, якія ён прынёс у маё жыццё. Спадзяюся, што і 2016-ы не падкачае. Ну і, канечне, я ўдзячна сваім родным: каханаму мужу, матулі, брату, а таксама сябрам за тое, што яны ёсць побач са мной.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.