Аб сенненскім «Макаранку» памятае Узбекістан

Куды толькі лёс не закідваў сенненцаў. Здаецца, знайсці нашых можна ў любой кропцы свету. Па розных прычынах людзі пакідалі родную зямлю: у пошуках працы, услед за сям’ёй. У большасці сваёй сенненцы ад’язджалі за лепшай доляй, бегучы ад пературбацый ХХ стагоддзя. Першая і другая сусветныя войны, рэвалюцыя… Услед за імі ішлі вялікія хвалі эміграцыі. Лёсы большасці эмігрантаў зліліся ў агульную плыню чалавечых жыццяў. Але ёсць і тыя, хто стаў гонарам для сваёй другой радзімы, чые добрыя справы ўзнялі над часам іх імёны і іх родны край. Так, нядаўна стала вядома імя яшчэ аднаго выбітнага ўраджэнца Сенненшчыны, дзякуючы лісту з Узбекістана. Яго аўтар — Ула­дзімір Саламонавіч Палыкоўскі — асоба вядомая ў навуковым свете: акадэмік Расійскай Акадэміі Прыродазнаўчых навук і Міжнароднай Акадэміі Мінеральных Рэсурсаў, доктар геолага-мінералагічных навук. Жыве і працуе ў Рэспубліцы Узбекістан. Але карані Уладзіміра Саламонавіча ў Беларусі. Імя яго дзеда, Льва Хаімавіча Фейгіна, ва ўзбекаў асацыіруецца з імем выдатнага савецкага педагога Антона Сямёнавіча Макаранкі. Дарэчы, Леў Фейгін і Антон Макаранка жылі ў адзін і той жа час, рабілі адну справу: першы — на Усходзе, другі — ва Украіне. Верагодна, ведалі адзін пра аднаго

 21 лютага 1880 года ў беднай яўрэйскай сям’і, што жыла ў Сянно, нарадзіўся хлопчык. Пачатковую адукацыю Леў атрымаў у Гродна. Пазней экстэрнам сканчвае настаўніцкія курсы. Ажаніўшыся, услед за жонкай Таўбай перабіраецца на яе радзіму ў мястэчка Лукомль Магілёўскай губерні, дзе доўгі час працуе ў школе. Матэрыяльнае становішча  сям’і пакідала жадаць лепшага. Фейгіны вымушаны былі здымаць жыллё, а мізэрнага настаўніцкага заробку яўна не хапала, каб пракарміць жонку і траіх дзяцей. Ад голаду выратоўвала зямля. Летам уся сям’я працавала на  агародзе, вырошчвалі бульбу, капусту, моркву, агуркі.

 З пачаткам першай сусветнай вайны (1914 год) жыць у Беларусі  стала не толькі цяжка, але і небяспечна. Дваіх дзяцей Фейгіны адправілі па родзічах. Як і ў тысяч людзей, у іх узнікла думка пакінуць ахопленую вайной радзіму. Куды бегчы? Далей, на ўсход! Так у 1915 годзе Леў Фейгін апынецца ва ўзбекістанскім горадзе Каканд. Але толькі ў 1918-ым ён з вялікімі перашкодамі перавязе да сябе сваю сям’ю. 

 Каканд на той час быў цэнтрам невялікага раёна Ферганскай даліны. Насельніцтва былой сталіцы Какандскага ханства ў асноўным займалася вырошчваннем бавоўны, садаводствам, бахчаводствам, шаўкаводствам. Горад падзяляўся на дзве часткі. У невялікім Новым горадзе размяшчаліся адміністрацыйныя будынкі, банкі, гандлёвыя прадстаўніцтвы, гасцініцы, суды, пражывалі «баваўняныя каралі» і чыноўнікі. Асноўная маса месцічаў жыла ў Старым горадзе, у аднапавярховых глінабітных кібітках.

 Рэвалюцыя, а ўслед за ёй грамадзянская вайна ўскладнілі становішча і ў гэтым далёкім сярэднеазіяцкім рэгіёне. У першую чаргу, пацярпелі самыя безабаронныя слаі насельніцтва. На абшарах былой Расійскай імперыі з’явілася вялікая колькасць бяздомных, беспрытульных дзяцей, застаўшыхся па розных прычынах без бацькоў і сродкаў да існавання. Менавіта таму кіраўніцтвам маладой савецкай Рэспублікі Узбекістан было прынята рашэнне аб утварэнні па ўсёй краіне сеткі дзіцячых дамоў.

 У 1920 годзе ў Какандзе з’явіўся бухарска-яўрэйскі дзіцячы дом (цяпер дзіцячы дом №12), заснавальнікам і першым дырэктарам якога стаў Леў Хаімавіч Фейгін. Спачатку выхаванцаў налічвался 12 хлопчыкаў, але  праз месяц было больш за 100 дзетак. У хуткім часе пры дзетдоме адчыніла дзверы школа-сямігодка (сёння сярэдняя школа №4), якую ўзначаліў таксама Фейгін.

 Леў Хаімавіч з падвоенай энергіяй узяўся за даручаную яму справу. Найперш аб’яднаў вакол сябе калектыў кваліфікаваных педагогаў-аднадумцаў. Склад выхаванцаў дзетдома быў вельмі неаднародны: сіроты, якія сталі беспрытульнікамі, малалетнія злачынцы. Пакрыўджаныя на лёс, узлаваныя на ўсіх і ўся — характары і паводзіны гэтых дзяцей былі непрадказальнымі. Аднак Л.Х.Фейгін не прызнаваў немагчымасці перавыхавання і патрабаваў ад выкладчыкаў і выхавальнікаў максімуму цярпення, сістэматычнай працяглай работы з імі, душэўнага і вельмі ўважлівага стаўлення да дзяцей. Дзеці, сцвярджаў ён, вельмі востра адчуваюць фальш у паводзінах дарослых. Як і Макаранка, Леў Фейгін лічыў, што неабходна разбірацца ў характары кожнага дзіцяці і накіроўваць яго часта празмерную энергію ў патрэбнае рэчышча.

 Працоўнаму выхаванню ў дзетдоме надавалася вельмі сур’ёзнае значэнне. Тут працавалі сталярная, швейная, панчошная, вязальная, шавецкая і пераплётная майстэрні. Дзякуючы гэтаму, дзетдомаўцы пры выхадзе атрымлівалі некалькі сумежных прафесій, мелі магчымасць працягнуць адукацыю ў тэхнікумах і інстытутах. Леў Хаімавіч перапісваўся са шматлікімі навучальнымі ўстановамі і прадпрыемствамі Ташкента, Самарканда, Ферганы. Дырэктар дабіваўся для сваіх гадаванцаў уладкавання ў інтэрнаты, атрымання стыпендый, пуцёвак у санаторыі. Многія пасля вучобы вярталіся ў родны дзіцячыаднаго. дом ужо настаўнікамі і майстрамі.

 Леў Хаімавіч з’яўляўся шырока эрудзіраванай асобай: захапляўся музыкай, літаратурай, выяўленчым мастацтвам. Сам нядрэнна граў на скрыпцы. Па яго ініцыятыве пры дзетдоме дзейнічалі духавы і струнны аркестры, ансамбль народных інструментаў. Гэтыя творчыя калектывы былі ўпрыгажэннем усіх свят і ўрачыстасцяў, што праходзілі ў горадзе. Акрамя таго, працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці, драматычны гурток. Два разы на месяц выходзілі сценгазета і рукапісны часопіс на розных мовах (тут выхоўваліся дзеткі розных нацыянальнасцей: рускія, узбекі, яўрэі і інш.). Невыпадкова, што адгэтуль выходзілі разнабакова развітыя, адукаваныя людзі. Многія з іх сталі выбітнымі асобамі ва Узбекістане: Б.А.Далгаплоск — акадэмік, доктар хімічных навук, С. Юдакоў — кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Узбекістана, аўтар першай узбекскай оперы «Хітрыкі Майсары», Якуб Хакімаў — вядомы пісьменнік-драматург. І спіс гэты можна працягваць бясконца.

 У 1932 і 1936-ым Леў Хаімавіч Фейгін за дасягненні ў выхаванні дзяцей і моладзі быў уганараваны высокім званнем «Герой Працы».

 А ў 1938 годзе сэрца таленавітага педагога спынілася. Яму не давялося зведаць боль ад таго, колькі яго вучняў гераічна загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Але галоўнае, свайго «Макаранку» памятаюць колішнія выхаванцы Какандскага дзіцячага дома №3. Сёлета яны збяруцца ў сценах роднага дзетдома, каб адзначыць яго 90-годдзе і 130-годдзе з дня народзінаў арганізатара і дырэктара Льва Хаімавіча Фейгіна. Імя ўраджэнца Сенненшчыны носіць адна з вуліц далёкага Каканда. Мемарыяльная дошка ўпрыгожвае яго дзецішча.  І праз 90 год яго настаўніцкія запаветы не страцілі сваёй актуальнасці.

Вольга Бандарэвіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *