Дом для адзінокіх сэрцаў
На Сенненшчыне нямала вёсак, у якіх дажываюць свой век старыя — два, тры, пяць чалавек на ўсё, некалі вялікае, сяло. На жаль, многія з іх на схіле гадоў пазбаўленыя клопату блізкіх. Прычыны адзіноцтва розныя. У кагосьці няма дзяцей, нашчадкі ж іншых жывуць далёка ад бацькоўскага дому і не маюць магчымасці даглядаць родных. Але дзяржава не пакідае такіх грамадзян без дапамогі. Калі побач не аказалася блізкага чалавека, выратавальным кругам становіцца аддзяленне кругласутачнага знаходжання.
Аддзяленне, што размешчана ў аг.Багданава, сёлета адзначыла свой пяцігадовы юбілей. Установа стала родным домам для 29 чалавек. Найстарэйшай з пастаяльцаў, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Лідзіі Пятроўне Шубка, — 95 гадоў.
— За кароткі час існавання аддзялення многае змянілася, — кажа загадчыца аддзялення Надзея Васілёнак. — Пашырыўся спектр паслуг і відаў дзейнасці.
І змены гэтыя відавочныя, што называецца, з парогу. Для добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі тут нават распрацавалі цэлы праект, які назвалі «Мінулае — сучаснасць». Устаноўленыя малыя архітэктурныя формы нагадваюць звыклы для большасці насельнікаў сельскі побыт. Летам тэрыторыя патанае ў кветках. А «сучаснасць», паводле слоў Надзеі Аляксандраўны, і ёсць само аддзяленне, дзе створаны камфортныя ўмовы пражывання, пра якія вясковыя бабулі ды дзядулі ў свой час маглі толькі марыць. Радуюць сучасны інтэр’ер, утульныя пакоі — і ўсё для таго, каб пастаяльцы адчувалі сябе як дома.
Але калектыў установы клапоціцца не толькі пра бытавыя патрэбы сваіх падапечных.
— Вялікая ўвага надаецца рэабілітацыі, — расказвае загадчыца АКЗ. — Сёння гэта адна з галоўных задач аддзялення на шляху да зніжэння захворвання і павелічэння працягласці жыцця нашых насельнікаў.
Прычым тут імкнуцца не проста падоўжыць жыццё старых, а зрабіць яго максімальна насычаным і актыўным.
У аддзяленні працуе кабінет рэабілітацыі. На кожнага насельніка, у залежнасці ад дыягназу, распрацаваны індывідуальныя карты рэабілітацыі, па якіх штодня праводзяцца заняткі.
У комплекс рэабілітацыйных паслуг уваходзіць фітабар з багатым выбарам лекавых напояў. Падтрымліваць фізічны стан дапамагаюць разнастайныя масажоры і іншыя сродкі індывідуальнай рэабілітацыі. Больш таго, работнікі разам з пастаяльцамі аддзялення сваімі рукамі вырабілі так званыя «сцежкі здароўя» для масажу ступняў.
На душэўнае самаадчуванне дабратворна ўплываюць штодзённыя заняткі спевамі.
А ў хуткім часе з’явіцца новая паслуга. У планах аддзялення закупіць спецыяльныя лямпы для правядзення арома- і салянатэрапіі.
Адчуць сваю патрэбнасць і карысць насельнікам дапамагае праграма занятасці, распрацаваная ў аддзяленні. У актыўную дзейнасць уцягнуты практычна ўсе жыхары ўстановы. У якасці працатэрапіі мясцовыя бабулі і дзядулі з задавальненнем удзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі, зборы лекавых траў, даглядаюць за пакаёвымі раслінамі.
А заняткі ў гуртках па інтарэсах запаўняюць вольны час, спрыяюць зносінам і, галоўнае, аб’яднанню людзей. Праца з паперай, прыродным матэрыялам, тканінай, стужкамі, дэкупаж, вязанне кручком і многае іншае — гэта далёка не ўвесь спіс тэхнік, з дапамогай якіх пажылыя людзі ствараюць маленькія шэдэўры рукатворнай прыгажосці. Многія пастаяльцы, прызнаецца Надзея Аляксандраўна, нават не ўяўлялі, што валодаюць такімі талентамі.
Іх вырабы папаўняюць выставы, персанальныя і калектыўныя, што рэгулярна арганізуюцца ва ўстанове.
Вядома, аддзяленне кругласутачнага знаходжання — гэта не сцены ўласнага дома, і ніхто не заменіць клопату і ўвагі блізкіх людзей. Але адносіцца да ўсіх, як да родных бацькоў, — гэта норма і стыль работы супрацоўнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання. Ніхто з пажылых людзей тут не застанецца без увагі.
Падрыхтавала
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: вырабы пастаяльцаў АКЗ.