АНЁЛЫ Ў ФОРМЕ

1+++Супрацоўнікі  Сенненскага  аддзялення Дэпартамента  аховы МУС Рэспублікі Беларусь выратавалі жыццё пенсіянеру, аказаўшы яму дапамогу да прыезду медыкаў.

Жыхару раённага цэнтра Уладзіміру Сямашку пашанцавала, што ў той дзень экіпаж у складзе міліцыянера-вадзіцеля Дзмітрыя Магеры і міліцыянера-кінолага Андрэя Мезаўцова патруляваў у раёне вуліцы Машэрава.
Ля гасцініцы пажылы чалавек, які быў з жонкай, раптоўна адчуў сябе блага. Пенсіянер страціў прытомнасць. На дапамогу прыйшлі мінакі, якія выклікалі «хуткую». Аднак лік ішоў на секунды: пульс у мужчыны адсутнічаў, вусны пасінелі. Па шчаслівым супадзенні міма праязджалі міліцыянеры групы затрымання ўзвода міліцыі аддзялення Дэпартамента аховы. Дзмітрый Магера і Андрэй Мезаўцоў без прамаруджання аказалі пенсіянеру першую даўрачэбную дапамогу, дзякуючы якой мужчына застаўся жывы.
«Прыемна ўсведамляць, што людзі ў форме могуць не толькі ахоўваць маёмасць, лавіць злачынцаў, але і валодаюць усімі неабходнымі ведамі па медыцынскай падрыхтоўцы, якія дазваляюць рэальна ратаваць чалавечыя жыцці. Такія супрацоўнікі — сапраўдны гонар праваахоўных органаў!» — напісалі ў падзячным лісце, дасланым на імя начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС, родныя выратаванага.
Старшы сяржант міліцыі Андрэй Мезаўцоў у аддзяленні аховы служыць каля 6 гадоў. Уладкаваўся пасля службы ў арміі. Яго напарнік, старшына Дзмітрый Магера, паспеў папрацаваць у адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна, жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Але ў выніку свой выбар зрабіў на карысць сапраўднай мужчынскай прафесіі. Вось ужо два гады як ён служыць у аддзяленні аховы.
Абодва сенненцы перад тым, як заступіць на службу, прайшлі падрыхтоўку ў вучэбных цэнтрах Міністэрства ўнутраных спраў, дзе ў шэрагу іншых прадметаў выкладаліся і асновы аказання даўрачэбнай дапамогі пацярпелым. Як бачна, навуку хлопцы засвоілі на выдатна.
Наш кар.
Фота Ірыны ХАСАНАВАЙ.