ТРАДЫЦЫЙНЫ КАСЦЮМ — ТВАР НАРОДА

6======Каб сябе паказаць і на іншых паглядзець сабраліся ў мінулую суботу ў Сянне — на радзіме даследчыка народнай культуры, арнаменту і касцюма Мікалая Кацара — удзельнікі адкрытага абласнога свята-конкурсу традыцыйнага касцюма «Сцяжкі майстэрства».

Наладжваючы свята, яго заснавальнікі, упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і дзяржаўная ўстанова «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці», мелі на мэце стымуляваць працэс касцюмавання супрацоўнікаў раённых Дамоў рамёстваў і іншых устаноў культуры ў рэгіянальныя традыцыйныя строі, неабходныя для ўдзелу ў раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Абласны фэст беларускіх касцюмаў быў таксама прызваны спрыяць вывучэнню і адраджэнню рэгіянальных адметнасцяў традыцыйных вясковых, местачковых і шляхецкіх строяў Віцебшчыны, аднаўленню старадаўніх народных тэхналогій, якія выкарыстоўваліся пры стварэнні адзення і абутку нашымі продкамі. У прыватнасці, разглядалася тэхналогія набойкі (крашаніна), веданне якой неабходна для больш дакладнай рэканструкцыі народнага касцюма нашай вобласці, вяртання ў яго традыцыйных блакітных колераў, характэрных для строяў Віцебшчыны.
8======Вялікая ўвага на канферэнцыі «Рэканструкцыя традыцыйнага рэгіянальнага строю. Перспектывы ўкаранення ў культурнае асяроддзе», якой пачалося свята-конкурс, была звернута таксама на аднаўленне лакальных адметнасцяў традыцыйнага арнаменту і абрадавага касцюма.
Далучэнне моладзі да аднаўлення традыцыйных народных строяў таксама было адной з мэт мерапрыемства.
Традыцыйны народны касцюм з’яўляецца адным з галоўных кампанентаў, па якім вызначаецца адметнасць культурнай прасторы края. У ім увасабляюцца эстэтычныя густы, этычныя погляды і рэлігійныя вераванні народа. Ён дае ўяўленне пра разнастайныя віды дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва (ткацтва, вышыўка, апрацоўка скуры, набойка, лямец, шытво, вязанне, пляценне, лапікавую аплікацыю, ювелірнае мастацтва і іншыя). Мастацкі вобраз строя ўзбагачаюць арнаментальныя ўзоры, якія выконваюць ролю абярэга і ствараюць незабыўныя выявы прыгажосці. Народныя касцюмы з’яўляюцца вызначальнымі прыкметамі этнасу, саслоўя, гістарычнага часу, народных святаў і абрадаў. У кожнага рэгіёну яны маюць сваю адметнасць. Строі Падняпроўя, Падзвіння і Паазер’я Віцебшчыны ўтрымліваюць непаўторныя кампазіцыйныя рашэнні, каларыты, арнаментальныя матывы.
Гэтыя і іншыя тэмы гучалі ў выступленнях на канферэнцыі работнікаў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў «Задзвінне», прадстаўнікоў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Смаленскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Апошнія, дарэчы, асабліва падкрэслівалі неабходнасць злучэння практычнай работы на месцах па адраджэнні беларускага касцюма з работай навукоўцаў, што будзе спрыяць уваходжанню элементаў традыцыйных народных строяў у паўсядзённае жыццё нашых сучаснікаў.
4=====На канферэнцыі выступіла намеснік старшыні Сенненскага райвыканкама Зоя Фаміна. Яна павітала гасцей Сенненскай зямлі шчырымі словамі і падзякавала заснавальнікам свята-конкурсу за тое, што для яго правядзення быў выбраны менавіта Сенненскі раён, які ў апошні час з’яўляецца своеасаблівай пляцоўкай для разнастайных семінараў, канферэнцый, іншых мерапрыемстваў рэспубліканскага і абласнога фармату. Зоя Сцяпанаўна выказала спадзяванне, што абласное свята беларускага касцюма прыжывецца ў раёне. Намеснік кіраўніка раёна расказала прысутным пра Сянно, яго прыродныя і геаграфічныя адметнасці, пра знакамітых людзей Сенненшчыны, помнікі яе гісторыі і культуры, адзначыла плённую работу дырэктара і калектыву раённага Дома рамёстваў.
Абласное свята-конкурс народнага касцюма «Сцяжкі майстэрства» прадэманстравала разнастайнасць і багацце старадаўніх строяў Віцебшчыны.
У Сенненскім Доме рамёстваў госці змаглі ўбачыць вырабы народных майстроў клуба «Натхненне» і этнаграфічныя матэрыялы. Аглядную экскурсію па ўстанове правяла яе дырэктар Вольга Квашко. Прысутныя пабывалі ў выставачных залах, магазіне сувеніраў, наведалі майстар-класы па лазапляценні, вышыўцы, кераміцы. На «Талерцы дружбы», зробленай у час экскурсіі майстрам керамікі Уладзімірам Сінкевічам, кожны жадаючы пакінуў адбітак свайго пальца. Музычнымі нумарамі наведвальнікаў весяліў клуб нацыянальнай кухні «Хадчаначка». Усе ўдзельнікі фэсту пакінулі гасцінныя сцены Дома рамёстваў з памятнымі сувенірамі.
Прэзентацыя традыцыйных народных строяў рэгіёнаў, рэканструяваных і стылізаваных з дапамогай гульняў, танцаў і інш., прайшла ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Сенненскі Дом рамёстваў прадставіў беларускія і яўрэйскія вясельныя касцюмы, а таксама сцэнічныя з выкарыстаннем старадаўніх сенненскіх узораў.
Яркае відовішча ўяўлялі выступленне творчых калектываў у традыцыйных касцюмах «Сенненскія агледзіны» і дэфіле «Якая сукенка — такая і паненка».
3====Завяршылася свята-конкурс абрадавым дзеяннем па ткацтве пояса-абярэга, у якім кожны рэгіён вобласці быў прадстаўлены асобным колерам. Пасля падвядзення вынікаў гэтага своеасаблівага спаборнітцва адбылося ўзнагароджванне канкурсантаў дыпломамі за ўдзел у свяце. Дыпломы і прызы атрымалі пераможцы.
Сенненскі Дом рамёстваў у намінацыі конкурсу «Рэканструкцыя традыцыйнага строю рэгіёна» заняў другое месца.
Таццяна Буракова.
На здымках: традыцыйныя беларускія касцюмы сялян сталага ўзросту; моладзевыя строі, якія насілі нашы продкі; экскурсію па Сенненскім Доме рамёстваў праводзіць яго дырэктар Вольга Квашко; «Талерку дружбы» вырабляе майстар керамікі Уладзімір Сінкевіч.
Фота аўтара.