НЕ ПАДМАЖАШ ВОСЕННЮ — НЕ ПАЕДЗЕШ ВЯСНОЙ

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПалявыя работы фактычна завершаны. На тыдні метэаролагі абяцаюць снег і мінусавую тэмпературу. Механізатары ставяць замацаваную за імі тэхніку на працяглае зімовае захаванне. Як гэта важная работа праходзіць у сельгасарганізацыях раёна, расказвае Аляксандр Масаловіч, галоўны дзяржаўны інспектар раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду.

— Для таго, каб закансерваваць тэхніку значных затрат не патрэбна. А сёлета рабоце спрыяла яшчэ і добрае надвор’е. Таму магу канстатаваць, што зернеўборачныя камбайны, корманарыхтоўчыя комплексы, сеялкі, глебаапрацоўчыя агрэгаты, іншы прычапны інвентар пастаўлены на працяглае захаванне ва ўсіх сельгасарганізацыях. Зразумела, праверкі, якія зараз актыўна праводзяцца, выяўляюць некаторыя недапрацоўкі. Аднак яны аператыўна ўхіляюцца, бо праверкі будуць працягвацца. Канчаткова вынікі пастаноўкі тэхнікі будуць падведзены ў час традыцыйнага агляду-конкурсу, дзе ўлічваецца таксама падрыхтоўка рамонтных майстэрняў да работы ў зімовых умовах, стварэнне належных умоў для работы рамонтнікаў.
— Аляксандр Ягоравіч, сучасная сельскагаспадарчая тэхніка адрозніваецца не толькі павышанай энергетычнай магутнасцю, значным коштам. Яна стала больш эфектыўнай. Там, дзе некалькі гадоў таму працавала два камбайны, цяпер спраўляецца адзін. Глебаапрацоўчыя агрэгаты за адзін праход выконваюць некалькі аперацый. У колькасным выражэнні тэхнікі становіцца менш. Аднак яна, па-ранейшаму, захоўваецца пад адкрытым небам…
— На жаль. Хаця ў большасці сельгасарганізацый, асабліва ўзбуйненых, можна знайсці месца, каб паставіць хаця б складаную тэхніку ў закрытых памяшканнях ці пад павець. Гэтага, дарэчы, патрабуе і дзяржаўны стандарт па пастаноўцы тэхнікі на зімовае захаванне. Сельскагаспадарчая тэхніка ў большасці сваёй прымяняецца сезонна, ад 95% да 85% каляндарнага года знаходзіцца на захаванні. Пад дахам на яе менш уздзейнічае вільгаць, ультрафіялетавае выпраменьванне. Ужо гэтым павялічваецца тэрмін эксплуатацыі. Ды і фінансавых, матэрыяльных затрат на пастаноўку, зняцце з кансервацыі ў такіх умовах менш патрабуецца.
— У раёне шмат сельгасарганізацый, якія захоўваюць у памяшканнях хаця б зернеўборачную і кормаўборачную тэхніку?
— Адзінкі. У ААТ «Літусава» камбайны штогод ставяць пад павець, у «Сінягорскім» — у майстэрні. Часткова такая ж практыка ёсць у ААТ «Белая Ліпа» і «Пурплева». Сёлета ў закрытых памяшканнях пастаўлены пасяўныя агрэгаты ў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». На маю думку, маглі б знайсці куды на зіму схаваць самую каштоўную тэхніку ў ААТ «Бяленева», РАСе. У прыватнасці, у майстэрні вёскі Полымя пустуе арачнік, а камбайны пастаўлены на пясчанай пляцоўцы, што можа прывесці да іх дэфармацыі.
— Якія недахопы часцей за ўсё выяўляюцца пры правядзенні праверак пасля пастаноўкі тэхнікі на захаванне?
— На днях давялося пабываць у «Дружбінцы». Тэхніка расстаўлена па пляцоўках. Рабочыя органы глебаапрацоўчых агрэгатаў пафарбаваны. Але механізатарам і інжынернай службе ёсць яшчэ над чым працаваць. Для сеялкі Lemken не знайшлося падставак, рабочыя органы забыліся апрацаваць антыкаразійным пакрыццём. Жаткі з зернеўборачных камбайнаў знялі, устанавілі на асобнай пляцоўцы, але не на ўсіх аслабілі рамяні, не на ўсе штокі цыліндраў нанеслі змазку. Калі не выправіць неадкладна недапрацоўкі, перад жнівом давядзецца траціцца на новыя пасы, а з пачаткам работ непазбежна з’явяцца масленыя падцёкі. Зрэшты, работа не завершана, бо актаў, якія сведчаць, што зернеўборачныя камбайны пастаўлены на зімовае захаванне, няма. У любым выпадку гэта сведчыць пра нізкі кантроль з боку спецыялістаў інжынернай службы за важнейшай работай.
Грубыя парушэнні пры пастаноўцы тэхнікі выяўлены ў ААТ «Пурплева». Камбайны КЗС-1218 хоць і знаходзяцца ў майстэрні, шыны іх не разгружаны, рабочыя вузлы не абаронены ад карозіі.
— Найбольшы машыннатрактарны парк у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». Тэхніка знаходзіцца на некалькіх машынных дварах. Ці існуюць у сувязі з гэтым нязручнасці?
— Пераважная большасць сельскагаспадарчай тэхнікі РАСа сканцэнтравана ў Сянне. А вось зернеўборачныя камбайны пастаўлены на захаванне ў вёсках Полымя (8) і ў Рулёўшчыне (2). Работа па іх кансервацыі падыходзіць да завяршэння і выконваецца без сур’ёзных парушэнняў дзяржстандарта. Толькі адзін з правераных камбайнаў у Полымі недастаткова дбайна ачышчаны ад рэшткаў расліннасці. Такі ж недахоп выяўлены ў двух камбайнаў, што захоўваюцца на галоўнай пляцоўцы. Падобнай практыкай найчасцей грашаць камбайнеры, што прыцягваліся да ўдзелу ў жніве з іншых арганізацый. Ведаючы гэтую іх асаблівасць, варта больш строга правяраць іх працу.
— Ці ёсць сельгасарганізацыі, дзе тэхніка на зімовае захаванне пастаўлена ў строгай адпаведнасці з дзяржаўным стандартам?
— Інжынерная служба ААТ «Студзёнка», ААТ «Літусава», СУП «Саўгас імя Машэрава» кожны год з’яўляюцца прыкладам у гэтай рабоце. Не выключэнне сёлетні год. Хачу падкрэсліць, што такое стаўленне да пастаноўкі тэхнікі на зімовае захаванне дапамагае своечасова рыхтаваць тэхніку і да асноўных сельскагаспадарчых кампаній, эканоміць значныя матэрыяльныя рэсурсы. І яе варта выкарыстоўваць усім нашым сельгаспрадпрыемствам.
Гутарыў
Аляксандр ІЎЕЎ.