ПА ІНІЦЫЯТЫВЕ ТБМ

2+++У Сенненскай сярэдняй школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, адбылася сустрэча з літаратарамі, сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў Францам Сіўко і Міхасём Мірановічам. Ініцыятарам і арганізатарам яе стаў Іосіф Навумчык, старшыня Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.

Пачынаючы размову з гаспадарамі, ён прызнаўся: «Гэтай восенню мяне ўразіла выстава вашай школы на абласным кірмашы ўстаноў адукацыі. І не толькі шматлікімі экспанатамі. Подпісы да іх, афармленне выставачнай пляцоўкі было зроблена па-беларуску. Менавіта таму захацелася сустрэцца з вамі. Мяне падтрымалі вашы сённяшнія госці. У прыязных адносінах да роднай беларускай мовы ў сценах навучальнай установы сёння яшчэ раз пераканаліся, пахадзіўшы па школе».
Коратка пазнаёміўшы з дзейнасцю ТБМ, Іосіф Навумчык перадаў слова літаратарам. Яны гаварылі не толькі пра ўласныя творчыя справы. Франц Сіўко пад уплывам свайго настаўніцкага мінулага, супрацоўніцтва з каталіцкім часопісам «Наша вера», распачаў размову з разважанняў пра духоўнасць, маральныя прынцыпы, якія так неабходны чалавеку, каб не страціць карані. З задавальненнем слухалі дзеці Міхася Мірановіча, яго пародыі на калег, «фрашкі» і «міранізмы». У іх не толькі гумар і сатыра. Калі глыбей удумацца, філасофская адметнасць беларусаў, іх стаўленне да жыцця. Міхась Мірановіч нарадзіўся на Ушаччыне, якая дала беларускай літаратуры Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча і Еўдакію Лось, іншых знаных літаратараў. Інтарэс да асобы госця дадаў той факт, што па бацькоўскай лініі сатырык паходзіць з Сенненшчыны.
Інтарэс да кнігі, у тым ліку да беларускамоўнай, захоўваецца. Выхаванцы школы-інтэрната цікавіліся фактамі біяграфіі літаратараў, творчай «кухняй», дзе можна набыць зборнікі іх твораў, чаму яны выходзяць невялікімі накладамі.
Франц Сіўко і Міхась Мірановіч папоўнілі бібліятэку школы-інтэрната зборнікамі сваіх твораў, якія выйшлі апошнім часам, у тым ліку са сваімі аўтографамі. Не з пустымі рукамі прыехаў Іосіф Навумчык. Ён прывёз кнігі іншых сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Сустрэчы з беларускімі літаратарамі для Сенненскай школы-інтэрната, можна сказаць, традыцыя. У пачатку года ў навучальнай установе пабываў Уладзімір Ліпскі, вядомы беларускі дзіцячы пісьменнік, рэдактар часопіса для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў «Буся». Яго творы таксама ёсць у бібліятэцы. На часопіс, як, дарэчы, і на газету «Наша слова», аформлена падпіска.
Словы ўдзячнасці гасцям за сустрэчу, за кнігі гучалі з вуснаў дзяцей. А завуч навучальнай установы Ала Саржыцкая, бібліятэкар Кацярына Кручок не хавалі, што кантактаў, сустрэч з творчымі людзьмі дзецям усё-такі не хапае. А яны неабходны, бо прыносяць станоўчыя эмоцыі, разнастайную, новую інфармацыю, абуджаюць інтарэс да беларускай літаратуры, нарэшце, ствараюць беларускамоўны асяродак.
Аляксандр ЛАЗЮК.

НА ЗДЫМКУ: І.Навумчык, М.Мірановіч і Ф.Сіўко.