НЕ ПЕРАРВЕЦЦА РОДУ НІЦЬ

1+++За сёлетняе жніво Яўген Жагула, вадзіцель УП «Дружбінец», на сваім МАЗе, грузападымальнасць якога з улікам прычэпа складае 20 тон, перавёз з поля на ток 2738 тон зерня. Больш на свой працоўны рахунак змог запісаць толькі яго калега з ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» Аляксандр Сухвал. Праўда, пры грузападымальнасці аўтамабіля ўдвая большай.

Між тым Яўгену няма і дваццаці пяці. Многія яго аднагодкі ў гэтым узросце яшчэ не вызначыліся з прафесіяй, жывуць нерэальнымі спадзяваннямі.
— Я ніколі не хацеў з’язджаць з Нямойты, дзе нарадзіўся і вырас, не ўяўляў сабе жыцця ў горадзе з яго тлумам. У роднай вёсцы, куды ні кінь, усюды знаёмыя твары, сябры, родныя. А таму пасля заканчэння Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа вярнуўся на радзіму, пачаў працаваць на аўтамабілі, спачатку — ГАЗ-53, потым МАЗе, — расказвае пра сябе мой субяседнік.
Жагулы — вядомы ў Нямойце род, які спрадвеку аддана працуе на зямлі. Сённяшняе яго пакаленне беражэ гонар і годнасць продкаў. На жніве-2015 вызначыўся і старэйшы брат Яўгена — Віталь. Разам са сваім напарнікам Васілём Скрагам ён намалаціў на КЗС-1218 «Палессе» 1688 тон збожжа. Гэта лепшы вынік па сельгасарганізацыі і чацвёрты ў раёне.
Браты жывуць побач. А хата малодшага стаіць на зямлі, якой спрадвеку карысталіся продкі.
— Жыллё пабудавала сельгасарганізацыя, цэлую вуліцу ўзвялі ў той год. Я ведаў, што атрымаю дом, таму папрасіў, каб далі пабудаваны на ранейшым нашым агародзе. Мне ўсё тут знаёма, блізка, — не хавае Яўген Жагула.
На дагледжанай сядзібе — не толькі стандартны набор пабудоў. Ёсць лазня (яе перавезлі з бацькоўскага падворка), разнастайная дэкаратыўная аздоба, зробленая рукамі гаспадара.
— Каб летам вы паглядзелі на наш участак — адны кветкі. Іх высаджвае і даглядае жонка, — у голасе Жэні гонар і замілаванне.
Яны пажаніліся, калі хлопцу было 20. Гэта было каханне з першага погляду. І ўжо хутка на свет з’явіліся спачатку Паша, потым Саша. На днях два гады споўнілася блізнятам Андрэю і Анюце. Таццяна, жонка Жэні, нарадзілася ў Шынкаве, таксама ў шматдзетнай сям’і, у якой раслі толькі дочкі. Так што чацвёра сваіх дзяцей не сталі нечаканасцю.
— Мы таксама хацелі дачушку, хоць хлопцам былі рады не менш. Не засмуцімся, калі сям’я і далей будзе папаўняцца, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз прызнаецца на развітанне Жэня.
Яго МАЗ плаўна крануўся з месца і хутка знік за паваротам вясковай вуліцы. А мне падумалася міжволі, вялікая сям’я — ці не лепшы стымул для працы. Ды і дзеці ў ёй, я ўпэўнены, вырастуць не толькі працавітымі. Яны будуць спагадлівымі да блізкіх, да чужой бяды, паспяшаюцца на дапамогу нават незнаёмым.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКУ: Жагулы ў поўным зборы.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *