НАДЗЕЙНАЯ ПАДМОГА НАДЗЕІ

1+++Працаздольнасці і аптымізму Надзеі Гардзюк (на здымку) з вёскі Будзішча Нямойтаўскага сельсавета можна толькі пазайздросціць. Жанчына паспявае працаваць у адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна і ўтрымліваць даволі вялікую па сённяшніх мерках падсобную гаспадарку.

Нялёгкая сялянская праца для Надзеі звыклая з дзяцінства. Яе бацькі заўсёды трымалі свойскую жывёлу. А калі выходзіла замуж, у пасаг дачцэ бацька даў карову і парася. З часам карова ацялілася, вырасцілі другую, трэцюю… Так і пайшло.
Самая вялікая колькасць жывёлы ва ўласнай падсобнай гаспадарцы Гардзюкоў налічвалася ў 2009 годзе: чатыры каровы, дзве свінаматкі, парасяты, індакачкі, куры. Сёння на падворку ўтрымліваецца дзве каровы, два цяляці, конь, жарабя.
Малако ад сваіх рагуль Надзея штодзень здае дзяржаве. За месяц атрымліваецца, па словах гаспадыні, 350 літраў. У летні перыяд гэта лічба павялічваецца да 500 літраў.
Пасля смерці мужа ўпраўляцца з жыўнасцю стала цяжэй. Усе турботы па гаспадарцы ляглі на плечы гэтай худзенькай жанчыны. А самае галоўнае, у Надзеі двое дзяцей, якіх трэба выводзіць у людзі, і спадзявацца прыходзіцца толькі на сябе.
Насця, старэйшая дачка, вучыцца на апошнім курсе Віцебскага каледжа мастацтваў, малодшая Вераніка — адзінаццацікласніца. Падсобная гаспадарка, нягледзячы на ўсе цяжкасці ў яе вядзенні, з’яўляецца надзейнай падмогай для сям’і.
У гаспадарцы маецца таксама гектар зямлі. Акрамя бульбы, вырошчваюць пшаніцу, розную гародніну. Пэўная колькасць зямлі занята пад сенажаць.
Ва ўсёй вёсцы не знойдзецца больш гаспадароў, якія б трымалі на падворку столькі свойскай жывёлы. Сучасныя вяскоўцы пераважна ўпадабалі бесклапотны «гарадскі» лад жыцця. Калі і ёсць якая жыўнасць, то гэта ў асноўным дробная — птушка, трусы.
Дарэчы, непасрэдная працоўная дзейнасць Надзеі таксама звязана з жывёлагадоўляй. Жанчына — аператар машыннага даення на МТФ «Сукрэмна» ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», у яе групе больш за пяць дзясяткаў кароў. Каб паспець на ранішнюю дойку, уставаць даводзіцца ў чатыры гадзіны раніцы. Працоўны дзень заканчваецца ў дзевяць вечара.
Цяжка нават уявіць, як можна прыстасавацца да такога рэжыму дня.
«Безумоўна, клопату хапае ды і свабоднага часу ніколі няма. Адпачынак немагчымы, бо жывёла ж кожны дзень есці просіць. Але сялянскі ўклад мне даспадобы, таму падсобную гаспадарку буду трымаць і надалей, нягледзячы ні на якія цяжкасці, трэба ж дачок ставіць на ногі», —гаворыць Надзея Гардзюк.
Ларыса МУКАМОЛАВА.