КАЛІ ІНТАРЭСЫ СУПАДАЮЦЬ

1++За 9 месяцаў бягучага года ад кожнай са 165 кароў, што ўтрымліваюцца на МТФ «Масоры» саўгаса імя Машэрава, надоена па 5060 кг малака — на 165 кг больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Гэта найлепшы паказчык сярод грамадскіх ферм раёна.

Калектыў, які многія гады
ўзначальвае Ніна Піпчанка, даўно дэманструе стабільна высокія вынікі. А сёлета, на фоне амаль паўсюднага зніжэння надояў дасягнуты паказчык асабліва ўражвае. Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК прадставілі калектыў МТФ «Масоры» для ўзнагароджвання граматай абласнога прафсаюза ў сувязі з прафесійным святам работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
На ферме працуе 4 асноўныя даяркі і падменная. Ёсць іншыя работнікі, якія займаюцца абслугоўваннем тэхналагічнага абсталявання, выконваюць іншыя работы. Але асноўны ўклад у поспех, па словах, Ніны Піпчанка, належыць аператарам машыннага даення.
— Сярод даярак ёсці маладыя і сталыя, і, нават, пенсійнага ўзросту, аднак усе імкнуцца працаваць з поўнай аддачай сіл, у адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі і распарадкам рабочага дня, — расказвае загадчыца фермы.
У ліку лепшых аператараў машыннага даення — Лідзія Шалуха. Працаваць на ферму яна прыйшла адразу пасля заканчэння школы.
— Пакідаць родныя мясціны, ехаць некуды вучыцца — не захацела. А вось жывёлу я любіла. З дзяцінства дапамагала маці, якая таксама працавала даяркай. Так што выбар мой быў асэнсаваны. І я не шкадую пра яго, хоць працу на ферме, нават у наш час, лёгкай не назавеш, — прызнаецца жанчына.
Фізічнай працы сапраўды стала менш. А вось распарадак рабочага дня застаўся ранейшым. Ранішняя дойка пачынаецца і зімой і летам у пяць гадзін. Пасля невялікага перапынку прыходзіць час для дзённай, вечарам даіць кароў пачынаюць у 18.00. Да працы і жыцця па такім раскладзе трэба прызвычаіцца ўсім членам сям’і. Як узнагарода за напружаную працу — трохпакаёвая кватэра, у якую Шалухі не так даўно пераехалі.
— Пасля аднапакаёвай — гэта вялікая радасць, — свецяцца вочы ў маёй субяседніцы.
Надой малака ў значнай ступені залежыць ад кармоў. Сёння ў рацыёне дойнага статку МТФ «Масоры» сянаж і сілас, камбікорм і мікрабіялагічныя дабаўкі, брага і грубыя кармы. Яны своечасова дастаўляюцца на ферму, пастаянна дапрацоўваюцца. Таму жывёла паядае іх без астатку.
У дапамогу жывёлаводам фермы — спецыялісты галіны. Амаль кожны дзень МТФ наведваюць выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка СУП «Саўгас імя Машэрава» Алена Корава, галоўны ветурач Мікалай Жвікаў. Іх кансультацыі, рэкамендацыі, правядзенне канкрэтных мерапрыемстваў садзейнічаюць захаванню маладняку, павышэнню прадукцыйнасці дойнага статку, павышэнню якасці прадукцыі. Малако, атрыманае на ферме, рэалізуецца толькі вышэйшым гатункам і «экстрай», а значыць павышае даходы сельгасарганізацыі, зарплату жывёлаводаў. Гэта яны, дарэчы, добра ўсвядомілі. А калі інтарэсы сельгасарганізацыі і работнікаў супадаюць, можна спадзявацца на новыя працоўныя дасягненні.
Аляксандр ІЎЕЎ.
НА ЗДЫМКУ: творцы «вялікага» малака: (злева направа — першы рад) Таццяна Кошкур, даярка МТФ «Масоры», Ніна Піпчанка, загадчыца фермы, Лідзія Шалуха, даярка, (другі рад) Мікалай Жвікаў і Алена Корава, тэхнолагі жывёлаводчай галіны саўгаса імя Машэрава.