ВЫВЕРАНА, ДАКЛАДНА, НАДЗЕЙНА

1+++Такім жыццёвым і прафесійным крэда карыстаецца галоўны бухгалтар ААТ «Сінягорскае» Людміла Якаўлева.

Улік матэрыяльных каштоўнасцей, прадукцыі вытворчасці — гэта далёка не поўны абавязак работнікаў бухгалтэрыі. Аб важнай ролі гэтых спецыялістаў у жыцці любога прадпрыемства, арганізацыі, незалежна ад іх памераў і формы ўласнасці, гаворыць той факт, што сёння адзначаецца Міжнародны дзень бухгалтэрыі (Дзень бухгалтара).
У ААТ «Сінягорскае» бухгалтэрыяй займаюцца тры вядучыя спецыялісты і галоўны бухгалтар. Ім з 2014 года працуе Людміла Якаўлева. А да гэтага на працягу сямі гадоў на яе плячах трымаўся цэлы планава-эканамічны аддзел сельгасарганізацыі, які аб’ядноўваў эканамічную і бухгалтарскую службы. Па сутнасці, Людміла Алегаўна адказвала як за ўлік і кантроль, так і за планаванне, выпуск канкурэнтнай прадукцыі, якая прыносіла б прыбытак.
— Я эканаміст па адукацыі: скончыла Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, пазней завочна — Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па гэтай жа спецыяльнасці. У няпоўныя 18 гадоў узначаліла эканамічную службу былога калгаса «Бярозкі». Пасля аб’яднання з ААТ «Сінягорскае» стала бухгалтарам, сваю новую работу імкнулася выконваць годна. Тым больш, што каманда бухгалтараў падабралася з ліку высокіх прафесіяналаў, якія заўжды гатовы пры неабходнасці прыйсці мне на дапамогу, — шчыра расказвае Людміла Якаўлева.
Аб высокім узроўні работы бухгалтэрыі і галоўнага бухгалтара ААТ «Сінягорскае» сведчаць рознага ўзроўню праверкі. Апошнюю нядаўна праводзілі спецыялісты Віцебскага абласнога камітэта дзяржаўнага кантролю.
Галоўны бухгалтар, акрамя агульнага кантролю за работай калег, адказвае за своечасовасць пералічэння падаткаў, падрыхтоўку статыстычнай і іншай справаздачнасцей, іх дакладнасць. Патрабаванні да названых дакументаў вельмі жорсткія. Любая недакладнасць можа абярнуцца штрафнымі санкцыямі як да арганізацыі, так і галоўнага бухгалтара, кіраўніка, якія іх падпісваюць.
У кабінеце Людмілы Якаўлевай бывае даволі людна. За тлумачэннямі, чаму ў зарплаце налічана тая ці іншая сума, як яна сфарміравалася, прыходзяць механізатары, жывёлаводы, нават, спецыялісты сельгасарганізацыі.
— Яны ідуць да мяне па старой звычцы, памятаючы, што я некалі працавала галоўным эканамістам, — сціпла лічыць Людміла Алегаўна. На самой справе прычына даверу не толькі ў гэтым. Людзі шукаюць дапамогі ў таго, хто гатовы яе аказаць.
Аб высокім даверы сведчаць і іншыя факты. Людміла Якаўлева — старшыня назіральнага савета ААТ «Сінягорскае», неаднаразова ўзначальвала ўчастковую выбарчую камісію. Некаторы час, нават, выконвала абавязкі кіраўніка. Такі вось галоўны бухгалтар, гатовы адказваць не толькі за дакладнасць падлікаў, лічбаў, але і за лёсы людзей.
Аляксандр ІЎЕЎ.
НА ЗДЫМКУ: Людміла Якаўлева ў рабочым кабінеце.